Міністэрства ўнутраных спраў Чэхіі зарэгістравала грамадскае аб’яднанне «Рух салідарнасці «Разам», сказаў старшыня руху Вячаслаў Сіўчык.

Паводле яго слоў, грамадскае аб’яднанне мае статус міжнароднага, і яго дзейнасць, згодна са статутам, можа распаўсюджвацца на тэрыторыі іншых краін. «Такім чынам, рух, які ўжо шэсць гадоў дзейнічаў як аргкамітэт па стварэнні арганізацыі, атрымаў статус юрыдычнай асобы», — сказаў Сіўчык.

Сваімі галоўнымі задачамі рух лічыць «барацьбу з этнацыдам у Беларусі, абарону беларускіх прадпрымальнікаў, супрацьстаянне палітычным рэпрэсіям». «Таксама рух прыкладае намаганні па выпрацоўцы стратэгіі дзеянняў праеўрапейскіх сіл у Беларусі», — адзначыў ён.

Місіяй руху з’яўляецца паляпшэнне асветы, адукацыі, сацыяльных умоў і падтрымка развіцця нацыянальнай культуры ў Беларусі, ва Украіне і ў краінах Усходняй Еўропы.

«Дзейнасць аб’яднання будзе сканцэнтравана на рэалізацыі праектаў па дэмакратызацыі Беларусі і Украіны, індывідуальнай падтрымцы асоб у гэтых дзяржавах, арганізацыі і правядзенні культурных, асветных і агітацыйных мерапрыемстваў, скіраваных на падтрымку і прэзентацыю Беларусі і Украіны, і на супрацоўніцтве з падобнымі арганізацыямі, навучальнымі і адукацыйнымі ўстановамі і іншымі суб’ектамі ў сферы дэмакратызацыі», — сказаў Сіўчык.

Ён адзначыў, што з моманту рэгістрацыі ў Чэхіі «Руху салідарнасці «Разам» ён зможа «весці афіцыйныя перамовы з уладамі еўрапейскіх дзяржаў, міністэрствамі і адміністрацыямі гарадоў з мэтай атрымаць максімальную падтрымку для Беларусі, для выхаду з тупіка апошняй дыктатуры Еўропы».

«Рэгістрацыя руху — вялікая маральная падтрымка нашых калег у Беларусі», — падкрэсліў Сіўчык.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?