Беларуская партыя левых «Справядлівы свет» мае намер вылучыць 40 кандыдатаў у дэпутаты на парламенцкіх выбарах, паведаміў прэс-сакратар партыі Сяргей Вазняк.

Паводле яго слоў, 1 ліпеня ў Мінску прайшоў пленум партыі. «На ім высветлілася, што 40 партыйных актывістаў маюць намер паспрабаваць свае сілы ў барацьбе за дэпутацкі мандат», — адзначыў Вазняк.

«На пленуме была прынята стратэгія партыі на выбарах. Сваім удзелам мы маем намер дасягнуць чатыры асноўныя мэты.
Па-першае, прэзентаваць „Справядлівы свет“ як рэальную палітычную сілу і пазітыўную альтэрнатыву палітычнага і сацыяльна-эканамічнага развіцця грамадства. Па-другое, давесці ўзровень вядомасці партыі да 35%, а ўзровень падтрымкі ў грамадстве — да 8%. Па-трэцяе, дамагчыся вызвалення і рэабілітацыі палітзняволеных і змяніць практыку правядзення выбарчых кампаній. Чацвёртая мэта тэхнічная — інфармаваць беларускую і міжнародную грамадскасць аб працэсе выбараў у Беларусі», — сказаў Вазняк.

На пленуме таксама абмяркоўвалася пытанне аб тактыцы кандыдатаў у дэпутаты падчас выбараў. «Некаторыя нашы члены выступалі з пытаннем аб мэтазгоднасці зняцця кандыдатаў перад пачаткам датэрміновага галасавання. Вядома, зняцце павінна быць спрычынена ўмовамі правядзення выбарчай кампаніі.

Аднак большасць удзельнікаў пленума вырашылі, што нашы кандыдаты ў выбарчай кампаніі пойдуць да канца», — паведаміў прэс-сакратар.

Вазняк заявіў, што гэтае рашэнне пленума абавязковае для выканання ўсімі патэнцыяльнымі кандыдатамі ў дэпутаты. «Калі раней заявы аб гатоўнасці ў выбарчай кампаніі ісці да канца былі прыватным меркаваннем старшыні партыі Сяргея Калякіна або іншых кіраўнікоў партыі, то цяпер гэта — рашэнне пленума. Адмяніць яго можа толькі з’езд», — падкрэсліў ён.

З’езд партыі, паводле інфармацыі Вазняка, пройдзе 5 жніўня.
Ён будзе тэхнічным. У ліпені адбудуцца пленумы абласных арганізацый партыі і Мінскай гарадской, якія вылучаць дэлегатаў. Такім чынам, будуць абраны 42 дэлегаты з’езда — па шэсць ад абласцей і Мінска.

Вазняк таксама паведаміў, што «Справядлівы свет» ужо вылучыў 89 прадстаўнікоў у склад акруговых выбарчых камісій.

«Партыя на выбарах мае намер дзейнічаць сур’ёзна, і вылучэнне прадстаўнікоў у склад акруговых камісій гэта паказала. Усяго ў Беларусі 110 выбарчых акруг, і мы закрываем іх амаль усе. Нашы прадстаўнікі вылучаны ва ўсе акруговыя камісіі Мінска і Гомельскай вобласці. Маглі б закрыць і поўнасцю ўсю Беларусь, але ў некаторых рэгіёнах у нас няма зарэгістраваных партыйных структур», — адзначыў Вазняк.

Мясцовыя партыйныя структуры да 6 ліпеня павінны падрыхтаваць неабходныя дакументы і падаць іх у выканкамы, якія фарміруюць акруговыя выбарчыя камісіі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?