Паніхіда за Сержука Вітушку і развітанне з ім прайшло ў грэка-каталіцкім Цэнтры Святога Язэпа ў Мінску, а пасля -- у крэматорыі на Паўночных могілках. Там труну ўкрылі тым самым бел-чырвона-белым сцягам, пад якім неслі на могілкі Народнага пісьменніка Васіля Быкава.

На пахаванне з’ехаліся сябры з Вільні, Прагі, Астравецкага і Крупскага раёнаў. Прыйшло больш за 150 чалавек.
Царква не змясціла ўсіх, частка людзей стаяла на двары. Узначальваў паніхіду Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі, архімандрыт айцец Сяргей (Гаек). Прыйшлі дзеячы культуры: паэт Міхаіл Анемпадыстаў, мовазнавец Сяргей Запрудскі, барды Кася Камоцкая, Зміцер Сідаровіч, паэт Ігар Бабкоў, гісторык Анатоль Сідарэвіч.

Развітальныя словы сказалі філолаг Ірына Дубянецкая, гісторык Генадзь Сагановіч, палітык Вінцук Вячорка, літаратуразнавец Язэп Янушкевіч, а таксама шматлікія сябры-талакоўцы.

Былы талаковец Віктар Івашкевіч расказаў пра адну з размоваў з Сяргеем Вітушкам: «Мы шчаслівыя людзі, — сказаў Вітушка. — Нам пашчасціла пражыць жыццё так, як мы хацелі».

Праводзілі Сержука Вітушку пад жалобныя гукі дуды.

Падчас развітання ў крэматорыі на Паўночных могілках сталіцы

труну з целам Сержука Вітушкі накрылі бел-чырвона-белым сцягам — тым самым, якім колісь накрывалі Васіля Быкава.

Вітушка адышоў на Купалле. Яго сябры праспявалі на развітанне купальскую песню, якую так любіў Сяргей.

Пры канцы заспявалі «Магутны Божа».

Сяржук Вітушка памёр у віленскай лякарні ўранку 2 ліпеня. Ён быў кіраўніком легендарнай менскай «Талакі» — адной з першых паўпадпольных незалежніцкіх арганізацый у часы СССР. Два тыдні таму ў яго здарыўся інфаркт. Апошнія дні ён правёў у цяжкім стане і памёр на руках у жонкі Людвікі. Ён доўга цяжка хварэў на дыябет, страціў зрок і нагу.

Пахаваны Сяржук Вітушка, паводле тэстаменту, будзе ў родавай вёсцы Рагава.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?