Актывіст «Еўрапейскай Беларусі» Андрэй Моўчан аштрафаваны на восем базавых велічынь (800 тысяч рублёў). Такое рашэнне прыняў 4 ліпеня суд Першамайскага раёна Мінска.

Як паведаміў Моўчан БелаПАН, яго прызналі вінаватым паводле артыкула 23.34 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях (парушэнне парадку арганізацыі ці правядзення масавага мерапрыемства ці пікетавання). «Суддзя адхіліў маё хадайніцтва аб праглядзе відэазапісаў, знятых каля будынка Першамайскага РАУС. Ён узяў пад увагу толькі паказанні супрацоўнікаў міліцыі, якія блыталіся і не ведалі, што адказваць на пытанні. Я ж сцвярджаў, што ніякага пікета не праводзіў, нічога не пікетаваў, масавых акцый не арганізоўваў, а проста разгарнуў на вуліцы бел-чырвона-белы сцяг», — сказаў Моўчан.

Пры гэтым, паводле яго слоў, суддзя нават не пайшоў у пакой для нарад, а адразу ж прызнаў яго вінаватым і прыгаварыў да штрафу. Моўчан разам з адвакатам мае намер абскардзіць штраф у вышэйшай інстанцыі.

Як паведамлялася раней, Моўчан быў затрыманы міліцыяй 19 мая каля ўніверсама «Першамайскі» ў Мінску.
У знак салідарнасці з віцебскім апазіцыянерам Сяргеем Каваленкам, які знаходзіцца ў няволі, ён разгарнуў бел-чырвона-белы сцяг. Праз некалькі хвілін да актывіста пад’ехала машына з супрацоўнікамі міліцыі. Пасля таго як Молчан пацікавіўся, за што яго затрымліваюць, супрацоўнікі міліцыі пачалі яго збіваць. Паводле інфармацыі відавочцаў, Андрэя збівалі і на вуліцы, і ў машыне — пра гэта ён паспеў сказаць па тэлефоне сваёй сястры, калі знаходзіўся ў міліцыі. У аддзяленні сястры паведамілі, што ў дачыненні да затрыманага збіраюцца распачынаць крымінальную справу за абразу прэзідэнта і збіванне супрацоўніка міліцыі пры выкананні.

Першапачаткова ўрачы зафіксавалі ў збітага Моўчана не толькі чэрапна-мазгавую траўму, але і пералом сківіцы. Аднак 23 мая доктар сказаў актывісту, што пералом сківіцы ў яго стары. Моўчан сцвярджае, што ніякага пералому сківіцы раней у яго не было. 25 мая Моўчана выпісалі з бальніцы з афіцыйна ўстаноўленым дыягназам «чэрапна-мазгавая траўма», далейшае лячэнне яму прапанавалі праходзіць у паліклініцы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?