Прапануем агляд цэнаў на найбольш запатрабаваныя паслугі ў шэрагу клінік.

Кансультацыя

Паход да стаматолага пачынаецца з кансультацыі. Самая танная гэтая паслуга ў Мінскай абласной паліклініцы — ад 15 тысяч рублёў. У «Экамедсэрвісе» агляд і рэкамендацыі каштуюць 75 тысяч.

Чыстка камянёў

Агульная гігіена — чыстка ад камянёў, паліроўка, накладанне фторлаку — нятанная паслуга.
У абласной паліклініцы за абслугоўванне аднаго зуба давядзецца заплаціць ад 7 тысяч рублёў, у «Экамедсэрвісе» — да 35 тысяч за зуб. Пачысціць усе зубы ў 9-й стаматалагічнай паліклініцы не нашмат танней, чым у прыватнай клініцы «Ладэ» — каля 630 тысяч супраць 680. У «Белым насарогу» — прыблізна, як у абласной паліклініцы — ад 240 тысяч за ўвесь рот.

Карыес

Залячыць карыес танней за ўсё ў абласной паліклініцы — ад 100 тысяч рублёў, на другім месцы па даступнасці цэнаў месціцца «Белы насарог» — 160—180 тысяч. У «Экамедсэрвісе» лячэнне карыесу абыдзецца ў 250—410 тысяч.

Каналы

Лячыць каналы танней у дзяржаўных паліклініках: у абласной паслуга каштуе ад 230 тысяч за 1-канальны зуб, ад 280 за 2-канальны і ад 340 за 3-канальны. У «Экамедсэрвісе» і «Ладэ» за адзін залечаны канал бяруць па 220 і 250 тысяч адпаведна.

Каронкі

Самыя танныя метала-керамічныя каронкі ў абласной паліклініцы і «Белым насарогу» — ад 380 і 450 тысяч адпаведна. У «Ладэ» і «Экамедсэрвісе» такія каронкі каштуюць больш за мільён.

Імплантацыя

Дэнтальная імплантацыя — адна з самых дарагіх аперацый у стаматалагічнай хірургіі. Дзяржаўныя паліклінікі прапануюць гэтую паслугу за 3,5—4 мільёны рублёў. У прыватнікаў яна сягае за 6 мільёнаў.

Выдаленне

І адна з самых непрыемных працэдур — выдаленне зуба. У залежнасці ад складанасці аперацыі яна каштуе ад 150 тысяч (9-я паліклініка) да 600 тысяч («Ладэ»).

Ад чаго залежыць

Варта памятаць, што канчатковая цана паслугі можа істотна адрознівацца ад той, якую вам паведамілі па тэлефоне ці якую вы пабачылі на сайце стаматалагічнай клінікі.
Цана залежыць ад стану вашых зубоў і адпаведна ад складанасці лячэння. А таксама ад матэрыялаў і лекаў, якія вам прапануе стаматолаг.

Акрамя таго, высокая цана ў прыватных паліклініках апраўданая лепшымі ўмовамі і вышэйшым узроўнем аб-слугоўвання. Хоць дзеля справядлівасці варта адзначыць, што дзяржаўныя клінікі стараюцца не адставаць ад прыватнікаў. Напрыклад, у 9-й паліклініцы пацыентаў лечаць у кабінетах, разлічаных на аднаго хворага.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?