На Маладзечаншчыне 6–7 ліпеня пройдзе рэспубліканскае свята ў гонар 130-годдзя з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры Янкі Купалы.

Куды ехаць на свята?

Вязынка. Рэспубліканскае свята паэзіі, песні і народных рамёстваў «З адною думкаю аб шчасці Беларусі…», прымеркаванае да 130-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы, будзе праходзіць ў Купалаўскім мемарыяльным запаведніку «Вязынка» з 6 па 7 ліпеня.

Пачнецца мерапрыемства 6 ліпеня ў 11 гадзін: адбудзецца ўрачыстая цырымонія ўскладання кветак да помніка Янку Купалу. На ёй будуць прысутнічаць міністр культуры Рэспублікі Беларусь Павел Латушка, народны артыст СССР і Беларусі Генадзь Аўсяннікаў, прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі, вытворчых прадпрыемстваў і ўстаноў культуры.

7 ліпеня гледачоў будзе чакаць канцэртная праграма «Малюся я небу, зямлі і прастору…», якая пачнецца ў 12 гадзін.
Усе ахвотныя змогуць наведаць цікавыя экспазіцыі, кніжны кірмаш, пазнавальныя майстар-класы, маляўнічыя выставы. У рамках грамадска-культурнай акцыі «Чытаем Купалу разам» прагучаць творы Янкі Купалы, выкананыя пераможцамі конкурсу чытальнікаў «З Купалам ў сэрцы». Таксама пройдзе літаратурна-музычная праграма «Адгукніся, душа!.." Не пакінуць без увагі гледачоў і фіналісты конкурсу аўтарскай песні «Купалаўскія вакацыі».

Будзе прапанаваны шырокі выбар сувенірнай і друкаванай прадукцыі, выстаўленай народнымі майстрамі.

На розных пляцоўках гасцей Вязынкі чакаюць разнастайныя святочныя праграмы:

13.00 — 16.00 (асноўная пляцоўка)

Канцэртная праграма «Малюся я небу, зямлі і прастору…» з удзелам:

• Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору Рэспублікі Беларусь імя Генадзя Цітовіча;

• артыстаў Дзяржаўнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы і рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі;

• салістаў Дзмітрыя Качароўскага, Андрэя Усанава, Андрэя Скарынкіна;

фольк-медыа гурта «Неруш» Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта;

• лаўрэата міжнародных фестываляў фальклорнага ансамбля «Грамніцы» Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў;

• фальклорны калектыў «Талака» Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў;

• Беларускага дзяржаўнага ансамбля народнай музыкі «Свята»;

• прадстаўнікоў Саюза пісьменнікаў Беларусі;

14.00 — 16.00 (пляцоўка каля свірна):

літаратурна-музычная праграма «Адгукніся, душа!..«;

грамадска-культурная акцыя «Чытаем Купалу разам»;

• выступленне фіналістаў конкурсу аўтарскай песні «Купалаўскія вакацыі»;

• выступленне аматарскіх фальклорных калектываў г. Мінска і Маладзечанскага раёна

На працягу свята ўсе ахвотныя маюць магчымасць наведаць:

• экспазіцыю Купалаўскага мемарыяльнага запаведніка «Вязынка»;

майстар-класы па ткацтве, вышыўцы, бісерапляценні, кавальстве, па вырабе рэчаў з воўны і лялек-абярэгаў на кірмашы майстроў народных рамёстваў;

• кніжны кірмаш;

• выстаўку дзіцячага малюнка «Дзеці Дона малююць Беларусь»;

• выстаўку мадэляў самалётаў удзельнікаў конкурсу творчых работ «Мара» (паводле верша Янкі Купалы «Хлопчык і лётчык»)

Яхімоўшчына. У пятніцу, 6 ліпеня, у Яхімоўшчыне ўпершыню будуць адзначаць свята вёскі. Галоўнай інтрыгай стане конкурс вуліц.

Пра гэта паведаміла дырэктар музея імя Янкі Купалы ў Яхімоўшчыне Святлана Ціс.

Кожная вуліца падрыхтуе свае прысмакі і будзе частаваць гасцей свята. А потым выберуць, хто лепшы гаспадар. Ехаць на смакату можна з самага рання — а 9 гадзіне ўжо пачнуць выстаўляць прысмакі, сувеніры і іншае.

У астатнім святкаваць будуць, як і штогод, толькі больш урачыста: госці пачуюць больш вершаў і песень Янкі Купалы, паўдзельнічаюць у цікавых гульнях. А апоўначы будзе традыцыйны касцёр.

Можна наведаць:

Музей. У Мінскім абласным краязнаўчым музеі адкрытая выстава, прысвечаная 130-годдзю Янкі Купалы і Якуба Коласа. Выстава будзе працаваць да канца ліпеня дакладна, паведамілі ў музеі. Можна пабачыць арыгіналы выдадзеных пры жыцці пісьменнікаў кніг, ілюстрацыі да іх твораў, а таксама карціны месцаў, звязаныя з іх жыццём.

Выстава. У цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Максіма Багдановіча — выстава твораў мастакоў Маладзечаншчыны, прысвечаная Янку Купалу і Якубу Коласу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?