Чарговая музычная забарона — гэтым разам пад яе трапіў беларускамоўны поп-панкавы гурт «AMAROKA».

На пятніцу ў менскім клюбе «Салтайм» быў заплянаваны вялікі канцэрт гэтага гурту. Але сёньня днём лідэру калектыву Зьмітру Афанасенку патэлефанаваў адміністратар клюбу і паведаміў, што канцэрт 6 ліпеня не адбудзецца.

Падрабязна пра прычыны адмены канцэрту адміністратар клюбу «Салтайм» праз тэлефон адмовіўся казаць, толькі спалоханым голасам паведаміў Зьмітру, што прыходзілі ці то зь Мінкульту, ці то з КДБ і забаранілі ды засьцераглі, што зачыняць клюб.

Плянаваная імпрэза мела назву «Вусатая вечарынка», а ў запрашэньні на канцэрт было напісана:

«Маеш вусы цi не? Вось галоўнае пытаньне!

Калі НЕ — хутчэй надзявай іх і прыходзь на вусатую вечарыну ад гурту AMAROKA й сяброў. 6 ліпеня ў клюбе САЛТАЙМ адбудзецца самы вусаты дзень году!!!

Для вас будуць граць запальныя беларускія гурты, адбудуцца незабыўныя конкурсы. Ад вас патрабуецца знайсьці вусы і надзець іх на сябе.

Насі вусы, насі вусы!

Насі вусы, насі вусы, насі — ня сцы!»

Плянавалася, што тыя, хто прыйдзе на канцэрт з вусамі, атрымаюць зьніжку на ўваход.

Зьміцер Афанасенка: «Я лічу, што, відаць, уладам не спадабалася ідэя правядзеньня вусатай вечарынкі, якую мы распаўсюдзілі ў сацыяльных сетках.

Я нашу вусы, мой тата носіць вусы, і нам раней ніхто не забараняў.
Мы хацелі зрабіць вясёлую сяброўскую вечарыну і ніякі палітычны падтэкст сюды не закладалі. Раней мы ня раз выступалі ў гэтым клюбе, прэзэнтавалі там свой альбом „PULS“. Сумна, што так адбываецца, і выйсьця я пакуль ня бачу. За дзень табе кажуць „не“, калі столькі людзей плянавала прыйсьці. Пайду сёньня ў клюб дазнавацца, хто забараніў. Спадзяюся, нешта стане больш зразумелым».
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?