Замежныя інвестары зацікаўлены ў куплі ААТ «Бярозаўскі сыраробны камбінат», паведаміў дырэктар прадпрыемства Уладзімір Папеня.

«Інвестары знаходзяцца, нават праводзіцца невялікі конкурс, але я не ведаю, як дзяржава вырашыць і каго пусціць. Сярод патэнцыяльных інвестараў кампанія з Галандыі, Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця, швейцарскі вытворца», — сказаў Папеня.

Ён паведаміў, што летась прадпрыемства інвеставала ў мадэрнізацыю вытворчасці прыкладна 100 млрд. рублёў. «Сёлета мы набліжаемся да гэтай жа лічбы», —
адзначыў ён. Папеня таксама паведаміў, што ў 2013 годзе прадпрыемства плануе пачаць вытворчасць тлушчавага канцэнтрату, які з’яўляецца асновай вытворчасці неразведзенага малака для адкорму цялят. Для рэалізацыі гэтага праекта неабходна прыцягнуць 10 млн. еўра.

Акрамя таго, камбінат стаў адным з чатырох беларускіх малочных прадпрыемстваў, якім дазволена экспартаваць прадукцыю ў краіны ЕС. Паводле слоў дырэктара, 45% аб’ёму выпушчанай прадукцыі пастаўляецца ў Расію, Казахстан, Малдову, Арменію.

На прадпрыемстве выпускаецца больш як 160 найменняў прадукцыі, штосутачна перапрацоўваецца больш як 700 тон малака і вырабляецца 70 тон сыру.

На камбінаце і ў яго філіялах працуе амаль 1 700 чалавек.

Варта адзначыць, што і швейцарцы, і галандцы — асы сыраварства. Яны выпускаюць самыя знакамітыя гатункі, такія як швейцарскі сыр і эменталь.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?