У аўторак не пабачыў сьвет чарговы нумар газэты «Витебский курьер М». Абласная друкарня адмовілася друкаваць газэту з прычыны запазычанасьці. Галоўны рэдактар «Курьера» Ўладзімер Базан кажа, што гэтая запазычанасьць не зьяўлялася такой ужо і вялікай: «Дзяржвыданьні маюць куды больш вялікія пазыкі, і ніхто ня думае спыняць іх выхад», ‑‑ кажа сп.Базан.

Сьледам за віцебскай, адмовіліся друкаваць газэту і ў іншых гарадох вобласьці — у Полацку і Воршы, хоць з Полацкам існавала папярэдняя дамова. Уладзімер Базан кажа, што зараз будуць спробы дамовіцца з смаленскімі друкарнямі. «Са Смаленскам дамовіцца не праблема, але я кепска ўяўляю як мы будзем вазіць у Беларусь наклады, мяжа ўсё ж. Таксама пытаньне ў грашах. Ведаеце, я ня веру ва ўдачу, таму ў мяне няма аптымізму па гэтай справе», ‑‑ сказаў рэдактар «Курьера».

Пакуль ня ясна, што будзе з калектывам рэдакцыі. Пытаньне, ці будзе працягвацца праца, ці супрацоўнікі газэты будуць вымушаныя сысьці ў адпачынак, вырашыцца заўтра.

Такім чынам цяпер на Віцебшчыне засталася толькі адна незалежная газэта — «Вольнае Глыбокае». Мінулым летам выхад перапыніў наваполацкі «Химик», цяпер — «Витебский курьер».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?