Пасля вяртання з кляшчовай сталіцы РБ, хутара Бронная Гара, у сталіцу людскую мы з Маяй абгледзелі адно аднаго — і нават у тых месцах, якія зазвычай не парупішся абгледзець. Цэлы тыдзень перад тым мы начавалі на хутары ў адным пакоі са шматлікімі Майчынымі браннагорскімі дзядзькамі, і таму ўжо дома ў Мінску пры ўзаемным патуранні бакоў антыкляшчовыя пошукі ператварыліся ў зусім іншы занятак. Падчас любошчаў нашыя рукі, як бы працягваючы дбайны абгляд, сягнулі рэшты патаемных закуткоў. І таму, здавалася, можна было сказаць, што праверка выйшла ўзорная.

Сярод ночы ва ўласнай кватэры я прахапіўся ад шчымення ў калене. Побач сапе голая Мая. Поўня шчодра страсае на яе аранжавы пылок. А пад самым каленам сцішыўся ён: падобны да пасляапёчнага булдырка.
Напоены вадкасцю, ці то ад асалоды, ці то ад нецярплівасці соўгаецца сваёй неймаверна павялічанай срачкай (ці гэта была галава?). Ад нахабства я аж папярхнуўся. І ўжо падняў быў руку, гатовы без суда і следства расціснуць поскудзь.

— Стой! Не чапай! — не падымаючы галавы ад падушкі, крычыць Мая прыспаным баском. Толькі што яна дрыхла як пшаніцу прадаўшы, і вось, калі ласка — чуйнуе.

— Ён патрэбны жывы!

— Каму?! Каму, мілая Мая, на гэтай планеце, акрамя Госпада Усёмагутнага, гэты крывасмок патрэбны жывым?

— Табе! Каб праверыцца на энцэфаліт, кляшча трэба здаваць незабітым!

І як хутка ўсё памянялася! Бескантрольная гняўлівасць і зацятае жаданне здзейсніць імгненны лінч знянацку ператвараецца ў вымушаны гуманізм, усіхлюбоўе са сціснутымі зубамі.
Замест праведнай адплаты кроўнаму ворагу, гэтай кузюрцы, што падняла руку на значна вышэйшую за сябе істоту, ты вымушаны адшукаць у сабе якасці берагавога ратавальніка і светача хірургіі. Мусіш дадаць розуму і выкруціць небараку з цела.

Выпінаючыся са скуры, высалапіўшы ад напругі язык, асцярожненька, не пашкодзіўшы канцавіны і ні ў якім разе не закранаючы ўнутраных органаў, я адлучаю кляшча ад крыніцы асалоды і жыццезабеспячэння. Клешч варушыць лапкамі. Супраціўляецца, гад, не хоча быць выпхнутым у гэты мулкі свет, дзе давядзецца карміцца самому. Мне здаецца, я чую яго надрыўны плач, плач навародка. Халерамаць, быццам прымаю роды ў самога сябе!

— Я ж спрактыкаваны ў медыцыне, — жартую праз злосць. — Яшчэ баба Груня была паталагаанатамам.

— Ігару, ну што ты вярзеш, прычым тут анатамаванне?! — абураецца Мая. — Цяпер зусім іншы выпадак. Асцярожна — не сціскай яму моцна брушка — бачыш, яно так раздзьмулася!

Урэшце, непрытомны ад высмактанай крыві клешч трапляе ў слоік ад дзіцячага харчавання.

Ляжыць там і ў сне, не раўнуючы дзіцятка, торгае ножкамі. Мая накручвае будзільнік на трэцюю ночы, каб я прачнуўся напаіць кляшча змочанай вадой анучай. Яшчэ я мушу адкрыць для вентыляцыі слоік. Каб клешч, гэтая сволач, — бронь і даруй, Божа — не здох...

Пад месяцовым святлом клешч ляжыць амаль нерухома. Толькі праз бялявую скурку відаць, як усярэдзіне пульсуе мая кроў. Напоены арганічнай электрычнасцю святляк. Я крыху ўглядаюся ў ягоную бязвокую сракабрухагалаву.

— Мужык, дай закурыць, — раптам кажа клешч і чухае тулава адной з лапак.

Агаломшаны, я не магу вымавіць слова і на аўтамаце выпускаю ў слоік дым. Аднак клешч дрыгае лапкамі і незадаволена матляе галоўкаю (дзе там, галоўкаю! — галавіскай!).

— Ды не дыму давай — цэлую цыгарэту кінь.

Зачараваны, я прыпальваю цыгарэту і шпурляю ў слоік. Сутаргаватымі рухамі адлучанага ад улюбёнай прывычкі курца клешч падпаўзае да цыгарэціны і ўядаецца хіжым ратком у фільтр.

— Наступным разам змочвай ватку не вадой, а спіртам, я спірт люблю, — узяўшы пару фазак, вучыць клешч. — І піва таксама.

І дадае:

— Ведаеш, а ты ў мяне не першы.

— Да ты шо! — кажу я здзеклівым суржыкам, каб ён зразумеў, што танныя хітрыкі разгаварыць і выклікаць пачуцці не спрацуюць.

— Так, — нібы не заўважаючы маёй іроніі, працягвае клешч. — Я шматразовым і шматгадовым крывасмокам выявіўся. І абы-каго не кусаю. Ужо цапнуў летась у Пінску падчас афіцыйнага візіту сабаку нарвежскага пасла.

— Сабаку ці пасла-сабаку? — пытаюся я. — І чыйго афіцыйнага візіту ў Пінск: твайго ці пасольскага?

— Не смешна, прыкаліст, — адказвае клешч. — Мне зараз пагана — перапіў, галава проста выбухае. А калі мне гэтак пагана, дык я і памерці магу…

Раптам у ягоным паўпразрыстым целе запальваецца ленінская хітрынка і клешч загадвае:

— Весялі мяне як след!

— Ідзі ты, клешч, у сраку!

І тут ён на злосць мне выстаўляе брушка (сраку?) угару і выпроствае лапкі.

— Ой, загубілі кляшча, ой, гаротны, вочкі закаціў! — лямантуе Мая, якая ўжо паспела прачнуцца. Цяпер намагаецца выхапіць у мяне з рук слоік, каб зрабіць кляшчу штучнае дыханне.

— Ой, закаціў я, — краёчкам вуснаў шэпча клешч.

— Ой, у дарожачку доўгую ты сабраўся! І на каго ты нас, страдны, пакідаеш? Ручкі заламіў, ножкі выпрастаў, і не даведаемся мы ніколечкі, ці быў у цябе энцэфалітачка!

— Ой, не даведаешся! — яшчэ злавесней і яшчэ цішэй шэпча мне клешч.

Мая ў слязах і роспачы пачынае мяне лупцаваць. Я нават не спрабую абараняцца.

Вытрымаўшы таленавітую паўзу, клешч на вачах узбуранай Маі ўваскрасае: падымаецца з днішча слоіка, страсае пыл з лапак і, паказваючы ручкай на акно, бадзёрым камсамольскім голасам цікавіцца:

—А чо там, цёлкі ёсць?

— Якія цёлкі?! — перапытваюся я, яшчэ не ў змозе адысці ад усяго гэтага спектакля.

Тут зноў заходзіцца Мая:

— Ігар, тэрмінова прывядзі яму жанчыну, бо ад гэтага залежыць, ці выжыве ён.

— Праўда, Ігарок, — ужо лагодна кажа клешч. — Чыстую крыніцу праўдзівага кахання я за адну ноч усё адно не знайду. Усе дыскатэкі пазачыняліся і чаты так позна ў інтэрнэце наведваюць толькі вычварэнцы пад жаночымі нікамі, дык, дружа, будзь ласкавы, прывядзі якую цёлку з дарогі. Ты не бойся — я ёй заплачу...

І вось сярод ночы я апынаюся на вуліцы, у пошуку прастытуткі для кляшча. Гляджу туды і сюды. Вуліца, ліхтар, аптэка. Поўная атрут для такіх звяркоў, як мой гадаванец. І што? Куды, што? Як?

Праз паўгадзіны бясплённых пошукаў на мабільны тэліць Мая:

— Усё ў парадку, — шэпча яна, а з яе голасам нешта не так. — Прастытутку можна не шукаць.

Я вяртаюся і доўга гляджу Маі ў вочы.

— Ён пачаў шантажаваць мяне тваёй смерцю, пагражаў, што перакусае маіх і тваіх бацькоў, сяброў, бо ведае, дзе ўсе яны жывуць. Маўляў, у яго доўгія чорныя спісы і «жучкі» паўсюдна… І я… я дала яму… пасмактаць сваёй крыві на дваццаць секунд... Ну не глядзі на мяне так — добра, не на дваццаць секунд, а на дзве хвіліны! — Мая апускае вочы.

Клешч паторгвае ножкай і нямоцна храпе. Цяпер патэнцыйна хворых нас ужо двое. Не, трое.

Зрання, абагнаўшы дзянніцу, ламлюся ў эпідэміялогію. У эпідэміялогіі — дактарыца ў гонкай шапачцы, якая фактычна служыць футаралам для высокай фрызуры а-ля Кацярына ІІ.

Фальшывая імператрыца не можа нарадавацца на жывёлу:

— У, ты мой пупсік-кляшчуня! Малюнька мая! Пэўна, агаладаў, пісечка?

І пальцамі праз шкло слоіка цацкаецца з кляшчом: робіць указальным і сярэднім пальцамі «казу», а вуснамі — «муці-пуці» і «цюхці-мухці». Пасля ўчарашняй падвойнай дозы клешч крыху прыспаны, паблажлівы, як бегемот, махае адной з лапак, маўляў, салют медычным работнікам.

— А вы, — тут дактарыца павяртаецца да мяне і прафесійна спапяляе позіркам, — заплаціце трыццаць пяць тысяч і з квітанцыяй назад. Вось вам тэлефон — званіце наконт лабараторных аналізаў з дзвюх да чатырох на трэці працоўны дзень. Кляшча мы забіраем.

На трэці дзень тэлефаную. Дзявочы голас:

— Прыёмная пана Кляшча.

Я ціха дурэю, але збіраюся з сіламі:

— Слухайце, я такі і такі, ці не было чаго ў кляшча?

— Пан Клешч на нарадзе, — кажа дзявуля, знішчальнай інтанацыяй даючы зразумець, што пан Клешч — гэта мне не нейкі там прышч.

— Што?! Нічога не разумею! Гэта ўвогуле эпідэміялогія? На якой яшчэ нарадзе?

— Селектарнай. І потым адразу — сустрэча з замежнымі кампаніямі-донарамі, гатовымі ўліць у айчынную медыцыну... Энцэфаліт? Не, ён праверыцца не паспеў. Насычаны графік. Пазваніце заўтра.

І вось я, прыгнечаны, у чаканні прысуду, соваюся пустынным начным праспектам, што перасякервае Мінск з захаду на ўсход. Леваруч цягнецца сталінскі палітэх.

З боку Круглай плошчы, зіхочучы фарамі-пражэктарамі і закратаваным бамперам, імкліва набліжаецца транспартны сродак. У наглуха затанаваных чорнай фарбай алейных шыбах імчыць даўжэзны мерсэдэс, аблеплены як мухамі матацыклістамі ганаровай варты. Антрацытавы лімузін настолькі доўгі, што вокны на яго баках выглядаюць як шэраг ілюмінатараў на борце круізнага карабля для піратаў. Дзесьці пасярэдзіне даўжэзнага даху два штатныя каўказцы варожаць над вогнішчам з шашлыком, а яшчэ там месцяцца надбудаваная танкавая вежа з гарматай, круглая пляцоўка для верталёта і акуратненькі катэджык — відаць, для чыёйсьці высокапастаўленай мамы.

Тут

адна зацемненая шыба нязмушана сплывае долу, і з акна высоўваецца ён — у сонечных акулярах, на шчуплых плячах зялёны рэтра-мундзір з сінімі НКВДысцкімі пятліцамі ды трыма рукавамі на кожным баку. На вялізным галавабруху — рэтра-фуражка задам-наперад, такая самая сіняя, чэкісцкая. У адной лапе за горла клешч трымае батл «Бычынай крыві», у другой — «шмайсер» з ускінутай угару руляй. Трэцяй абдымае якуюсьці маляваную цёлку.

За яго спінай, недзе ў кішках лімузіна, шчэміцца і звіваецца, просіцца навонкі брыдоцце, пякельныя выпаўзні: аднавокія мармазяўры, з галавой асла і рукамі чалавека, вухапяты, голыя жалезныя людзі, бухматы жыцень, вожыкападобны хлеўнік, нейкія змярцвела-зялёныя суб’екты, якім невычэрпная беларуская мова нават не парупілася даць імя. Прагна лаюцца міжсобку і ўвачавідкі шалеюць ад беспакаранасці і юру — русалкі, лазнікі, вадзянікі, лесуны і проста чорная жамяра, гіганцкія краты ў залатых сонечных акулярах, жукі і жабы.

Тут клешч сее ў неба чаргу са «шмайсера». Увесь трасецца ад уласнай апантанасці, гэты пажадлівы хачунька. І цалуе ўзасос маляваную цёлку. А за яго левым плячом актывізуюцца звіванні і корпанні ў салоне.

— Драг нах остэн! Драг нах остэн! — немым голасам раве накачаны «Бычынай крывёю» клешч і гэтаксама гучна, на ўвесь праспект, дае загад матацыклістам кіраваць на пікнік у Курапаты.

Пракруціўшыся ўсю ночку ў ложку, зноў званю ў эпідэміялогію:

— Гэта Качуня, І. С. Што там з кляшчом?

— Здаровы наш паілец, здаровы кармілец! Ніякага нічога не выяўлена! — амаль істэрычна вішчыць сакратарка. — Дзякуй, што турбуецеся. Здаровы як дуб скарбовы наш дарагі кляшчуня, памагай яму Бог і дай прыбытку ў хату!

— Здаровы? То бок энцэфаліту няма?

— Не, што вы, які энцэфаліт? Цьху-цьху-цьху! Будзем жыць з ім сто дваццаць гадоў! Але цяпер адсутнічае наш татулечка — паехаў, мілы, з журналістамі на сяло: глядзець новую ферму з бычкамі… А потым з сілавікамі — першынство па бадмінтоне на прызы султанскага клуба.

— Я рады! — крычу я ў адказ.

— А ўжо якія мы радзенькія: такія гарызонты для краіны адкрываюцца — новыя інвестыцыі струменяць, пажыўныя для цел і душаў тэхналогіі па ахове здароўя да нас нарэшце праточваюцца.

— То перадайце кляшчу, — крычу яшчэ. — Каб ён… каб ішоў ён… што я яго... люблю і паважаю.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?