У беларускіх жанчын, якія цягнуць на сваіх плячах бесталковых мужоў, можа з’явіцца новая крыніца заробку. Некаторы час таму ў краіне заканадаўча ўрэгулявалі пытанні сурагатнага мацярынства. Але калі ўнутры краіны гэты інстытут пакуль не карыстаецца папулярнасцю, то замежжа да паслуг беларускіх сурагатных мам выказвае жывую цікавасць. Некалькі кампаній, якія займаюцца медыцынскім турызмам, вырашылі задаволіць замежны попыт. «Арганізацыя шукае жанчын для супрацоўніцтва, узнагароджанне гарантаванае», — аб’явы такога роду з’явіліся ў інтэрнэце. Яны не тое каб палохаюць. Але бянтэжаць — дакладна.

«$ 8–10 тыс. за паслугі жанчына можа атрымаць, — коратка пракаментавалі ў адным спецыялізаваным агенцтве. — Гэта залежыць ад нюансаў дамовы».

У іншай кампаніі сурагатным маці гарантуюць ганарар у $ 8 тыс., $ 1 тыс. на вопратку і штомесячныя выплаты ў 300 у.а. (медыцынскія і іншыя выдаткі таксама аплачваюцца). У цэлым чыстымі выходзіць каля $ 10 тыс. «Ёсць жорсткія патрабаванні: узрост да 35 гадоў, наяўнасць уласнага дзіцяці, жанчына павінна быць замужняй і цалкам здаровай, прайсці ўсе неабходныя медыцынскія тэсты», — удакладняюць спецыялісты.

Пра што наогул гаворка? Трохі тэорыі. Паняцце «сурагатнае мацярынства» для Беларусі не экзотыка, але пакуль і не з’ява. Пад тэрмінам звычайна разумеюць выношванне і нараджэнне сурагатнай мацi дзiцяцi, зачатага з яйцаклеткi, узятай з арганiзма другой жанчыны (генетычнай мацi). Задачы пры гэтым стаяць гуманістычныя: дапамагчы сямейным парам, якія пакутуюць на бясплоддзе, мець дзіцяці.

Вакол сурагатнага мацярынства тысячы нюансаў, сварак і этычных спрэчак. Супраць яго выступаюць каталікі і праваслаўныя, у некаторых краінах паслугі сурагатных маці забароненыя. Але не ў Беларусі.
«Мы павінны даць людзям шанец стаць бацькамі», — выказала меркаванне заканадаўцаў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Святлана Шылава. — Сурагатнае мацярынства не супярэчыць этыцы да таго часу, пакуль яно зыходзіць з медыцынскіх паказанняў і выключае сацыяльныя прычыны, калі жанчыне лянота выношваць дзіця, жанчына баіцца родаў ці не хоча цяжарнасцю перашкаджаць сваёй кар’еры».

Беларускія эксперты не раз заяўлялі, што сурагатнага мацярынства баяцца не трэба, што яно не будзе карыстацца ў краіне папулярнасцю, бо ментальна непрымальнае для насельніцтва. І на табе: «Арганізацыя шукае жанчын…»

«Для сябе сурагатнае мацярынства мы толькі адкрываем, але адкрываем нездарма, — тлумачыць Уладзіслаў, прадстаўнік мінскай кампаніі, якая спецыялізуецца на медыцынскім турызме. — Ёсць звароты з Масквы, з Літвы, з Латвіі, ёсць замежныя партнёры, гатовыя пасылаць кліентаў у Беларусь штомесяц, пачынаючы з некалькіх сем’яў, а потым і больш. Праблемы, звязаныя з рэпрадуктыўнай функцыяй насельніцтва, востра стаяць ва ўсім свеце. Напрыклад, нашы партнёры ў Ізраілі ў год адпраўляюць у розныя краіны каля 180 пар. Трэба ўлічваць, што з першага разу не заўсёды атрымліваецца падсадзіць эмбрыён сурагатнай маці. Бывае, і два, і тры разы людзі едуць у Грузію, Украіну, Арменію. Чаму б ім не прыехаць у Беларусь? "

Звычайны бізнес: у Еўропе за сурагатнае мацярынства просяць значна больш, у Беларусі ўзровень жыцця ніжэй. Нашы жанчыны, кажа Уладзіслаў, гатовыя прапаноўваць паслугі сурагатных маці танней. Пагутарыўшы з людзьмі, вывучыўшы форумы, спецы вырашылі, што планка ў $ 10 тыс. цалкам прымальная. Самі ж біялагічныя бацькі заплацяць больш — 20–25 тыс. у.а.

«Па сутнасці, дзяржава прапануе жанчынам такую працу — быць сурагатнай маці, — разважае наш суразмоўца. — Матывы тут могуць быць розныя. З аднаго боку, гэта жаданне дапамагчы людзям, няхай і замежнікам, завесці дзіцяці. З іншага — магчымасць дапамагчы сваёй сям’і, якая, відавочна, знаходзіцца ў цяжкой сітуацыі. Можа, ёсць праблемы з мужам, ці звольнілі з працы… "

На заўвагу пра тое, што можа здацца, быццам мы выстаўляем нашых жанчын на «экспарт», ён адказаў: «Зразумела, не. Сурагатнае мацярынства развіваецца ва ўсім свеце, гэта цалкам нармальна. Беларускае заканадаўства сёння аптымізаванае, і ў бліжэйшы час, думаю, мы можам сутыкнуцца з бумам у гэтай сферы».

Ці легальны гэты бізнес? У Палаце прадстаўнікоў ўдакладніць нюансы не змаглі, у Міністэрстве аховы здароўя выказалі здагадку, што гэта сфера юрысдыкцыі Мінюста, юрысты дакладнага адказу не далі.

У самой кампаніі запэўніваюць, што працуюць на цалкам законных падставах:
«Пакуль наша заканадаўства праблематычна трактуе аспекты аказання медыцынскіх паслуг для замежных грамадзян. Але юрыдычная магчымасць існуе. Тут уступаюць міжнародныя пагадненні паміж дзяржавамі, напрыклад».

Жадаючыя паўдзельнічаць у праграме, кажуць спецыялісты, ёсць. Яны дарослыя людзі, гэта іх выбар. Можна доўга маралізаваць пра дзесяць тысяч долараў і таінства мацярынства, ды што толку? Калі ёсць попыт і ёсць прапанова, у справу ўступаюць законы рынку.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?