«Можаце мяне запісаць у апазіцыянеры, але я ўнутрана не згодны з запрашэннем місіі назіральнікаў ад АБСЕ», — заявіў сакратар Цэнтрвыбаркама Беларусі Мікалай Лазавік на прэс-канферэнцыі ў Мінску 11 ліпеня.

Ён заявіў, што «зняверыўся ў аб’ектыўнасці заключэнняў місіі АБСЕ».
«Прэзідэнцкія выбары 2010 года былі высока ацэненыя практычна ўсімі назіральнікамі. У папярэдняй справаздачы БДІПЧ АБСЕ нават было напісана, што працэс галасавання праходзіць добра. Але затым усе станоўчыя моманты былі выкінутыя, а пакінуты толькі негатыў. Еўрачыноўнікі сфальсіфікавалі вынікі назірання, замяніўшы іх палітызаванымі ацэнкамі. Яны ацэньвалі не вынікі выбараў, а далі палітычную ацэнку мерапрыемству «Плошча», — заявіў Лазавік.
У той жа час ён падкрэсліў, што будзе выконваць сваю работу па забеспячэнні зручнай працы назіральнікаў, у тым ліку ад АБСЕ. «Недахопу ў місіях не будзе», — запэўніў сакратар ЦВК.

Як паведамлялася, запрашэнні для ўдзелу ў назіранні за парламенцкімі выбарамі ў адрас Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ) АБСЕ і Выканкама СНД МЗС Беларусі накіравала 6 ліпеня.

    19 чэрвеня на пасяджэнні ЦВК старшыня камісіі Лідзія Ярмошына папракнула АБСЕ ў тым, што выніковыя справаздачы па назіранні за выбарамі «пішуцца не самімі назіральнікамі, а чыноўнікамі, якія ажыццяўляюць гэтыя функцыі ў кабінетах». Лазавік са свайго боку дадаў: «Мне шчыра шкада добрасумленных назіральнікаў, якія давалі станоўчую ацэнку выбарам у Беларусі, аднак іх меркаванне было праігнараванае кіраўніцтвам АБСЕ».
    Каментуючы гэтыя заявы, прадстаўнік Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЕ Томас Раймер 22 чэрвеня заявіў: «Для ацэнкі выбарчых працэсаў у Беларусі і іншых краінах АБСЕ выкарыстоўвае аднолькавую метадалогію. БДІПЧ АБСЕ валодае мандатам на назіранне за выбарчымі працэсамі і іх ацэнку ў краінах АБСЕ ў адпаведнасці з абавязацельствамі АБСЕ і іншымі міжнароднымі стандартамі дэмакратычных выбараў».
    «АБСЕ засноўвае свае ацэнкі толькі на непасрэдных назіраннях сваіх назіральнікаў, — сказаў Раймер. — У адпаведнасці з абавязацельствам па забеспячэнні празрыстасці работы АБСЕ прадстаўляе свае ацэнкі і высновы ў публічных справаздачах: выніковых справаздачах, заявах аб папярэдніх адкрыццях і высновах, а таксама прамежкавых справаздачах. Усе яны даступныя на сайце АБСЕ».
    Парламенцкія выбары ў Беларусі пройдуць 23 верасня.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?