У Мінску не цішэюць лакальныя канфлікты, звязаныя з ушчыльненнем. Людзей цісне то спецназ, то буйны забудоўшчык, то замежны інвестар. Сваімі думкамі з нагоды войнаў «ушчыльнення» падзяліўся ў эфіры СТВ намеснік старшыні камітэта архітэктуры і горадабудаўніцтва Мінгарвыканкама Вадзім Нікалаенка. Чыноўнік прызнаў: ад кропкавай забудовы гораду не сысці, і з такім становішчам справаў трэба лічыцца.

— Гораду трэба развівацца. Напэўна, захопліваць усё новыя тэрыторыі, выходзячы за межы МКАД, не вельмі правільна,
і мы вымушаныя шукаць кампрамісныя рашэнні — шукаць тэрыторыі, якія выкарыстоўваюцца неэфектыўна альбо недастаткова эфектыўна. І вымушаныя ісці на ўшчыльненне гэтых тэрыторый, — сказаў Вадзім Нікалаенка. — Нельга забываць, што на гэтых тэрыторыях будуюцца аб’екты як правіла для тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, з ільготнай падтрымкай. Гэта людзі, якія шмат гадоў стаяць у чэргах і чакаюць моманту, каб пабудаваць сабе жытло. Улады гэта выдатна разумеюць і спрабуюць знайсці кампрамісныя рашэнні.

Заўважым, у мікрараёне Уручча-2 сапраўды збіраюцца будаваць дамы для тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоваў (супрацоўнікаў сілавых структур). Аднак гэты прыклад далёка не паказальны. Забудоўшчыкі жылля, як правіла, кіруюцца выключна камерцыйнымі інтарэсамі. Вуліцу Заслаўскую інвестар настойліва спрабуе ўшчыльніць 16-павярховымбізнес-цэнтрам, у Навінках ушчыльную да жылых дамоў падбіраецца манастыр…

Разам з тым Вадзім Нікалаенка дадаў, што Мінск «вельмі кампактны і пры гэтым вельмі камфортны горад».
Паводле ягоных слоў, гэта адзначаюць як яго жыхары, так і госці сталіцы.

У жыхароў Уручча і не толькі ў іх відавочна будуць іншыя аргументы ў гэтай спрэчцы. Узяць хаця б афіцыйную статыстыку. Шчыльнасць насельніцтва Мінска ўжо пераваліла за 6100 чалавек на квадратны кіламетр. Гэта ў шмат разоў менш, чым у гарадах паўднёва-ўсходняй Азіі, але адчувальна больш, чым у сталіцах суседніх дзяржаў.

Дадзеныя па шчыльнасці насельніцтва розных гарадоў Еўропы можна знайсці ў адкрытых інтэрнет-крыніцах. Прапануем табліцу для параўнання.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?