Каардынатар грамадзянскай кампаніі «Справаводства па-беларуску!» Ігар Случак 10 ліпеня падаў дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы па зборы подпісаў за вылучэнне яго кандыдатам у дэпутаты палаты прадстаўнікоў нацыянальнага сходу па Гомельскай Савецкай выбарчай акрузе № 34.

Як паведаміў БелаПАН Случак, у сваёй выбарчай кампаніі ён стараецца па максімуме задзейнічаць сацыяльныя сеткі. «І акругу, па якой я вылучаюся, выбралі карыстальнікі сацыяльнай сеткі праз апытанне. 60% членаў маёй ініцыятыўнай групы прыйшлі да мяне праз сацыяльныя сеткі, я даў аб’яву-запрашэнне паўдзельнічаць у кампаніі, і людзі адгукнуліся. Было каля 30 ахвотных, я ўключыў у ініцыятыўную групу 14 чалавек — самых надзейных і цікавых, сярод якіх рэкламшчыкі, журналісты, настаўнікі і музыканты», — заявіў БелаПАН патэнцыйны кандыдат.

Ён адзначыў, што яго заява на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы была першай у акрузе. Подпісы члены ініцыятыўнай групы — калі яе зарэгіструюць — маюць намер збіраць па кватэрах і на пікетах. Случак не сумняваецца, што яго група збярэ неабходную тысячу подпісаў.

«Я іду на выбары, каб можна было легальна пагаварыць аб праблеме беларускай мовы, паказаць магчымасць хоць нейкай трэцяй сілы, таму што людзям надакучылі і праўладныя, і апазіцыйныя кандыдаты з іх незразумелымі і нецікавымі кампаніямі», — лічыць суразмоўца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?