У Магілёве зьявілася панк‑група, якая не баіцца сьпяваць на сацыяльныя тэмы. Гурт «Заточка» ўтварыўся толькі летась, а ўжо пасьпеў праславіцца сваёй песьняй «Прэзыдэнт іграе ў хакей».

На адным з апошніх канцэртаў гурту арганізатары на выкананьні гэтай песьні адрубілі музыкам мікрафоны, але тыя дасьпявалі правакацыйную песьню пра кіраўніка дзяржавы разам з гледачамі.

Музыкі з «Заточкі» для абазнаных у магілёўскай музыцы слухачоў — асобы добра вядомыя. Гэтая каманда — пераемніца гурту, назва якога складалася зь першых літараў мянушак ейных удзельнікаў — Балдырова, Лукіна і Яўлінскага.

Нядаўна музыкі вырашылі рабіць канцэптуальна іншы музычны прадукт, таму і зьмянілі назву. На «Змагар». Іхны дэбют супаў зь леташнімі выбарнымі жарсьцямі, таму, каб уратаваць увесь фэстываль «Другі эшалён», арганізатары на афішах пазначылі назву гурту проста як «З.». Але скандалу так і не ўнікнулі. Кіраўнік магілёўскага «Цэнтру жывога року» Віталь Шум апавядае, што ў пэўны момант на пляцоўцы фэсту стала надзіва шмат міліцыі. І тут гурт «З.» пачынае сьпяваць песьню «Шэрыя» з прыпевам «Вынасіце мусар!» ды яшчэ між куплетамі адпускае кпіны на адрас супрацоўнікаў правапарадку.

«На маё зьдзіўленьне, міліцыянты ў бок сцэны нават не зварухнуліся, але пайшлі да адміністрацыі, — згадвае Шум. — Прыбягае дырэктар: «Вы тут нешта супраць міліцыі выступаеце?» — Не, — кажу. — Вам падалося. Так усё і прамінулася».

На другім сваім канцэрце гурт прэзэнтаваў свой новы шэдэўр «Прэзыдэнт іграе ў хакей». Магілёўская публіка заўжды славілася сваёй экспрэсіўнасьцю, але ТАКІМ чынам яна яшчэ не рэагавала. Гэта быў выбух ня толькі ў асобна ўзятым клюбе, але ва ўсім горадзе. Заля стаяла, войкала і ўлюлюкала. У далоні плёскалі стоячы.

«Заточка» адразу праславілася на ўвесь Магілёў — зьмест песьні перадавалі з вуснаў у вусны, пра «панкаў бяз башні» пачалі выдумляць анэкдоты.

Арганізатары наступнага іхнага канцэрту — мясцовая філія расейскага «Нашага радыё» — адразу папрасілі музыкаў ня граць песьні пра «Хакей». Тыя паабяцалі, але... абяцаньня ня выканалі. Толькі вакаліст, які называе сябе Кепка, зацягнуў «Гучыць у сэрцы толькі музыка атакі, ад вострых момантаў шалее канкурэнт...», як мікрафоны былі вырубленыя. Але некалькі дзясяткаў чалавек, якія пасьпелі ўжо вывучыць тэкст песьні разам з музыкамі, працягвалі гарланіць.

Гэты момант можна лічыць ключавым у кар’еры гурту. Цяпер яны зьбяруць любую залю ў Магілёве без праблемаў, нават без рэклямы. Па хуткім часе «Заточка» засела ў студыі і запісала свой гіт, што называецца, без купюр. А пры канцы песьні музыкі дадалі яшчэ такую мізансцэну: ідзе застаўка «Наших новостей» на АНТ, нехта на гэтым тле ўздыхае ды смачна разьбівае тэлевізар.

«НН»: Што цябе падштурхнула да напісаньня песьні пра «Хакей»?
Кепка: Паказушнасьць. І ня болей за тое. Калі Беларусь — краіна трэцяга сьвету, а народ пічкаюць сацыяльнай рэклямай пра рабства й наркаманію... Чаго тутака толькі няма насамрэч... Дый, наагул, хакей — гэта самы сэксуальны від спорту, ня тое што ўсялякія дзюдо...
«НН»: Няўжо нармальных словаў не стае, у песьні ж столькі мацюкоў! Шалкевіч вунь і «Ультравожык» карыстаюцца хоць іншаказаньнямі...
К.: Гэта наш пратэст супраць нармальных і ўсталяваных рэчаў. Калі камусьці наша творчасьць падаецца гіпэртрафавана саркастычнай — спрачацца ня буду. Калі нехта на нас будзе глядзець, як на расейскі «Ленінград», — калі ласка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?