Першы прыстойна запісаны дыск полацкага гурту, які стаў адкрыцьцём фэсту «Рок‑Кола‑2004». Яны перамаглі пры канцы году ў гіт‑парадзе Эўрарадыё, за што атрымалі падарунак — запіс альбому на студыі «Rembrandt», дзе пішуцца пераможцы «Басовішча». Разынка, дакладней разынкі, гурту — тры дзяўчыны. Яны заўжды запальвалі на сцэне і выкладаліся напоўніцу.

Indra набліжаецца да таго, што потым можна будзе назваць іх стылем. Яны робяць стаўку на тэкст, ненавязьлівыя гітарныя пройгрышы гучаць на другім пляне. Галоўным інструмэнтам выступае вакал. Голас Вольгі Андрэевай цяжка назваць найлепшым жаночым рок‑вакалам, але яна мае патэнцыял да таго.

Матэрыял гучыць сьвежа, а часам нават нечакана. Першая песьня «Сонцавакол» нагадала саўндам і агульнай атмасфэрай Ulis часоў «Танцаў на даху». Гэта не адзіная адсылка да беларускага року 90‑х — ёсьць яшчэ кавэр на «Мясцовы час» — «Шлях дамоў». Indra не надаюць сваёй музыцы прысмаку брутальнасьці, як тое робяць «Тарпач», Indiga, «Зьмяя» ды іншыя айчынныя каманды з жаночым вакалам. Indra робіць стаўку на далікатнасьць музыкі і эмацыйнасьць тэксту. Для тых, хто слухае вушамі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?