Галоўны рэдактар часопіса «Беларуская думка» тлумачыць маўчанне лукашэнкаўскіх СМІ. Першыя абвяржэнні Міністэрства абароны пра «фаташоп відэаматэрыялаў», сцвярджае Гігін, няправільна зразумелі. Ён выказвае недавер да працы незалежных журналістаў: у Сухараве мядзведзікаў ніхто не знаходзіў, у Івянцы «мядзведзяў у палёце ніхто не бачыў». Гігін таксама пагражае шведам-медзведзіроўшчыкам строгім пакараннем.

Прапануем вашай увазе артыкул з сайта лукашэнкаўскага агенцтва БелТА з невялікімі скарачэннямі.

«Спачатку прагучала як жарт — невядомы шведскі самалёт бамбардзіраваў цацачнымі мішкамі будынак Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Потым інфармацыя стала дадавацца. Нібыта самалёт быў, але да Мінска не даляцеў. Пацвярджэнні і абвяржэнні. Нарэшце, усё больш і больш доказаў — правакацыя!

Што можна сцвярджаць ўжо цяпер?

1. Першымі зманілі шведская газета «Aftonbladet» і шведскі ж медыя-рэсурс «The Local», апублікаваўшы інфармацыю пра тое, што 4 ліпеня, а 5-й раніцы шведскі самалёт «высадзіў мядзведжы дэсант» над Адміністрацыяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Нічога такога насамрэч не было. Цікава, шведы ганарацца тым, што прытрымліваюцца міжнародных стандартаў журналістыкі і любяць паразважаць пра журналісцкую этыку. Добрыя стандарты! Добрая этыка!

2. Некаторыя мас-медыя сказілі пазіцыю Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь у адносінах да гэтага інцыдэнту. У прыватнасці, карэспандэнт расійскага Першага тэлеканала ў эфіры заявіла: «Аднак Міністэрства абароны Беларусі катэгарычна абвяргае і з’яўленне парашутаў, і мядзведзяў, і сам факт ўварвання ў паветраную прастору краіны замежнага самалёта». А вось арыгінал паведамлення прэс-службы ваеннага ведамства: «У Міністэрстве абароны Рэспублікі Беларусь праводзіцца праверка інфармацыі, размешчанай шэрагам інтэрнэт-крыніц, пра быццам бы меўшы месца несанкцыянаваны палёт над тэрыторыяй Беларусі замежнага авіяцыйнага сродка. Фактаў, якія пацвярджаюць перасячэнне Дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь у паветранай прасторы, няма. Даследуючы прадастаўленыя фота і відэаматэрыялы, эксперты выявілі грубую працу з выкарыстаннем элементаў візуальнай фальсіфікацыі, што сведчыць пра відавочна правакацыйны характар пададзенай інфармацыі». Як звычайна кажуць у такіх выпадках, адчуйце розніцу!

3. У Інтэрнэце была няслушна пададзеная і пазіцыя літоўскіх Узброеных Сіл — быццам бы яны пацвердзілі факт парушэння дзяржаўнай мяжы. Насамрэч літоўцы нічога не пацвердзілі і зрабілі максімальна асцярожную заяву. Прэс-аташэ арміі капітан Скомантас Павіленіс падзяліўся наступнай інафрмацыяй: «4 ліпеня літоўская армія зафіксавала парушэнне правілаў выкарыстання паветранай прасторы Літвы. У сувязі з гэтым праводзіцца расследаванне, высвятляюцца абставіны здарэння. Сказаць, ці звязанае парушэнне правілаў са згаданым СМІ інцыдэнтам, мы не можам».

4. Нейкі самалёт, які вонкава нагадвае шведскую мадэль Jodel, сапраўды лётаў, прынамсі, на Івянцом. Гэта пацвярджаецца і відэакадрамі, і паказаннямі відавочцаў. Але няма ніводнага кадра, які б зафіксаваў перасячэнне мяжы.

5. На некалькіх варыянтах відэа відаць склейкі і мантаж, што адразу выклікае падазрэнні. Кадры, на якіх з птушынага палёту зафіксаваныя беларускія ландшафты, знятыя асобна ад тых, дзе з кабіны самалёта выкідваюць нейкія чорныя пакеты незразумела з чым.

6. Фотаздымак, на якім знятыя цацачныя мядзведзі на парашутах, якія спускаліся з неба, распаўсюджаны aftonbladet.se, з’яўляецца, найхутчэй, падробкай. Пры той методыцы выкідання чорных пакетаў, якая паказана на відэа, мядзведзі ніколі не змаглі б прызямліцца так густа.

7. Сведчанні відавочцаў даволі блытаныя. У асноўным, яны бачылі толькі самалёт у небе і нейкія чорныя пакеты, якія выляталі з яго. Пра парашуцікі і мядзведзяў яны даведаліся толькі ад журналістаў і міліцыянтаў. Саміх мядзведзяў у палёце ніхто не бачыў. Акрамя таго, некаторыя з відавочцаў кажуць, што не маглі разабраць тэкст прымацаваных улётак, паколькі яны былі на англійскай, аднак на распаўсюджаных арганізатарамі акцыі здымках выразна відаць, што там былі таксама ўлёткі на расейскай і нават беларускай мовах.

8. Сцвярджэнні пра тое, што мясцовыя жыхары кідаліся да мядзведзяў, рвалі іх, спадзеючыся, што там грошы ці, наадварот, баяліся, што яны атручаныя, з’яўляюцца фантазіяй нейкіх Аксаны Рудовіч і Таццяны Гаўрыльчык, якія падрыхтавалі сюжэт для сайта газеты «Наша Ніва». Ні відэакадрамі, ні сведчаннямі відавочцаў гэтыя словы не пацвярджаюцца.

9. Калі Пэр Кромвэл, адзін з арганізатараў правакацыі, сцвярджае, што мінскія авіядыспетчары мелі зносіны з пілотамі на расейскай мове, то ён сам выкрывае сваю хлусню. Першы запыт борта мог ісці на расейскай толькі ў тым выпадку, калі ў дыспетчара ён «высветліўся» як ўнутраны. Але пасля паўторнага запыту усё роўна ідзе зварот на англійскай. Спецыялізаваная авіяцыйная англійская ў дыспетчараў як другая родная.

10. Поўнай містыфікацыяй з’яўляюцца два мядзведзі, нібыта знойдзеныя ананімным жыхаром Сухарава на даху дома і ў двары. Мяркуючы па словах самога аўтара «знаходкі», ён відавочна сімпатызуе акцыі. Што ж гэта за шукальнік такі, які не заленаваўся аблазіць дахі сухараўскіх дзевяціпавярховак (а там ёсць дамы і вышэйшыя)? Ды яшчэ і знайшоў два экзэмпляры мішак-парашутыстаў! З такой удачай яму ў латарэі граць, а не «лятучых мядзведзяў» шукаць.

Існуюць і іншыя праблемы з версіяй парушэння мяжы. Так, паміж Літвой і Беларуссю дзейнічае пагадненне, паводле якога пры перасячэнні мяжы паветраным бортам бакі павінны апавяшчаць адзін аднаго. Але ў дадзеным выпадку нічога падобнага не адбылося. Таму альбо ў арганізацыі правакацыі ўдзельнічалі прадстаўнікі НАТА (а гэта вельмі сумнеўна), альбо ніякага перасячэння мяжы папросту не было.

Недавер да агучаных сцэнараў акцыі ўзмацніўся і ў сувязі з рэпутацыяй яе непасрэдных арганізатараў і саўдзельнікаў. Шведская газета «Aftonbladet», хаця і з’яўляецца найбуйнейшай у Скандынавіі, вядомая адкрытай правакацыйнасцю. У свой час яна разгарнула цкаванне вялікага рэжысёра Інгмара Бергмана, які ў адказ назваў «Aftonbladet» «смеццевай жоўтай газэткай».

Ды і само піяр-агенцтва «Total», якое стала выканаўцам ўсёй гэтай правакацыі, славіцца тым, што не грэбуе ніякімі сродкамі для ўласнай раскруткі. Што яны толькі не выраблялі ў роднай Швецыі! Нават грошы публічна палілі.

Нестыковак, невытлумачальных фактаў, супярэчнасцяў занадта шмат, каб паверыць у гісторыю з перасячэннем мяжы.

Навошта ж спатрэбілася гэтая правакацыя? Дыскрэдытаваць беларускія Узброеныя Сілы, пасеяць недавер да іх баяздольнасці, ды да таго ж нанесці прамы ўдар па генералах, якія не раз даказвалі сваю адданасць Айчыне.

Але нічога не ўдасца! І замоўцы гэтай правакацыі, і гаспадары Пачобута (хутчэй за ўсё, гэта адны і тыя ж асобы) выдатна ведаюць сілу і беларускай арміі, і нашай сістэмы СПА. І асабіста я нікому не раю спрабаваць праверыць яе на трываласць.

Якая ж выснова? Можа, не заўважыць і рухацца далей? Не! Правакацыя была задумана аўтарамі даволі ліха: не саб’юць самалёт, тады скажам, што ваенныя прагапілі, саб’юць — абвінавацім «крывавую дыктатуру» у чарговым злачынстве. Ці не таму так напалоханыя, мяркуючы па інтэрв’ю, самі ўдзельнікі правакацыі? Усвядомілі, нарэшце, што іх магло чакаць. Дарэчы, перасякаў самалёт мяжу (што наўрад ці) ці не, але той жа Пэр Кромвэл сваімі заявамі літаральна напрошваецца на крымінальную справу па артыкуле 371 КК, прычым адразу па трэцяй яе частцы — «Наўмыснае незаконнае перасячэнне Дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь, здзейсненае групай асоб», а там свеціць ад трох да сямі. Але калі самога парушэння мяжы і не было, то ўсё роўна шведам не пазбегнуць непрыемнасцяў з беларускім законам. У Крымінальным кодэксе ёсць артыкул 315 «Парушэнне правілаў міжнародных палётаў, незахаванне указаных у дазволе маршрутаў, месцаў пасадкі, паветраных варотаў, вышыні палёту, альбо іншае парушэнне правілаў міжнародных палётаў». Там пакаранне мякчэйшае — штраф або арышт да шасці месяцаў. У любым выпадку, нашы ўлады павінны патрабаваць тлумачэнняў ад шведскага ўрада з нагоды правакацыйных дзеянняў падданых Каралеўства, а ад амбасадара гэтай краіны прынесці афіцыйныя прабачэнні. Ці слабо, спадар Эрыксан?»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?