1. Мала хто ведае, але захапленне Аляксандра Ціхановіча музыкай пачалося з такога спецыфічнага інструмента як туба. Па словах музыкі, ён амаль не расставаўся з інструментам, нават прапускаючы асноўныя ўрокі ў Сувораўскай вучэльні, дзе вучыўся.

2. Знакамітыя «Верасы» спачатку былі чыста жаночым калектывам, прычым ствараліся як ансамбль палітычнай песні.
Тым не менш, праз пару гадоў да ансамбля далучыліся хлопцы — далейшую гісторыю ўсе ведаюць. Самы вялікі хіт «Верасоў» пра малінаўку і яе галасок гурт увогуле спачатку не хацеў выконваць, бо надта гэтая песня простая.
А цяпер гэтая песня стаіць рынгтонам на тэлефоне Ціхановіча.
Аднойчы, паводле словаў Ціхановіча, Аляксандр Лукашэнка праспяваў малінаўку з ім хорам.

3. Ціхановіч спрабаваў сябе не толькі ў эстраднай музыцы. У прыватнасці, Ядвіга Паплаўская узгадвае, як ён выступаў з джаз-рокавым гуртам «Мінск», названым так па аналогіі з амерыканскім Chicago. Тады, па словах Паплаўскай, «Саша бегаў па сцэне з бас-гітарай, яго было немагчыма не заўважыць». Але «Мінск» закрылі пасля ліста ў газету ад слухачоў, якія не вельмі разумелі, што гэта такое гучыць на сцэне.

4. «Верасы» гастралявалі разам з «каўбоем усяго СССР» Дынам Рыдам, калі той паехаў на будоўлю БАМа, дзе правёў 19 дзён. Пасля Ціхановіч доўга сябраваў з самым вядомым амерыканскім камуністам і нават ездзіў да яго ва Усходні Берлін.

5. У часы «Верасоў» Ціхановіча прымушалі згаліць вусы — бо для беларускай эстрады, з пункту гледжання партыі, было дастаткова вусаў Мулявіна.
Аднак уявіць Ціхановіча без вусаў гэтаксама складана як, напрыклад, Баярскага.

6. Яшчэ ў савецкія часы вакол Аляксандра Ціхановіча разгарэўся «наркатычны скандал», падрабязнасці якога так і засталіся невядомымі. Тую сітуацыю Ціхановіч называе «звычайнай падставай», а людзі, якія яе арганізавалі, прынеслі яму прабачэнні. Аднак з «Верасоў» Ціхановіч з Паплаўскай сышлі.

7. Першапачаткова дуэт Аляксандра Ціхановіча і Ядвігі Паплаўскай называўся «Шчаслівы выпадак». А назву дуэт атрымаў па песні, з якой Ціхановіч і Паплаўская выйшлі на конкурс «Песня-88».

8. У 1988 годзе Аляксандр Ціхановіч разам з жонкай арганізаваў Тэатр-студыю, праз які ў розны час прайшлі шматлікія вядомыя музыканты ад Аляксандра Саладухі да «Ляпіса Трубяцкога»,
хаця ў біяграфіі «Ляпісаў» гэты факт чамусьці не ўзгадваецца.

9. Цяпер Аляксандр Ціхановіч амаль як Боб Дылан — увесь час у туры: ягоныя канцэрты праходзяць па Расіі, ды і беларускай глубінкі маэстра не цураецца. Відаць, Ціхановіч і Паплаўская самы стабільны (у добрым сэнсе слова) дуэт: у іх ёсць вялікая колькасць прыхільнікаў, іх дыскі прадаюцца, дый жывуць яны мірна апошнія 25 гадоў. Часам толькі «Еўрафэст» які папсуе настрой, ці там Ялфімаў на Еўрабачанні не так выступіць, пасля чаго ўзнікае пытанне, «дзе грошы».

10. Апошняя гучная навіна, звязаная з Аляксандрам Ціхановічам, тычылася фальсіфікацыі вынікаў «Еўрафэсту». Дарэчы,

Ціхановіч і Паплаўская дагэтуль вераць у невінаватасць прадусара Баранава.
Самі яны падчас таго, як скандал набіраў абароты, былі на гастролях.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?