Парламент Малдовы афіцыйна асудзіў камуністычны рэжым і забараніў камуністычную сімволіку. Адпаведны законапраект, як перадае Publika.md, быў прыняты на пасяджэнні 12 ліпеня. За яго прагаласавалі 53 дэпутаты ад кіруючай кааліцыі, а таксама незалежны дэпутат Міхай Годзя. Супраць галасавалі прадстаўнікі апазіцыйнай Партыі камуністаў, а таксама дэпутаты ад Партыі сацыялістаў.

Дакумент «асуджае таталітарны камуністычны рэжым у Малдаўскай ССР, які здзейсніў злачынства супраць чалавецтва, а таксама дзеянні ўсіх асоб, якія ўдзельнічалі ў здзяйсненні злачынстваў камуністычнага рэжыму».

Акрамя таго, законапраект забараняе выкарыстоўваць на тэрыторыі рэспублікі камуністычныя знакі (у якасці прыкладу згаданыя серп і молат). Пры гэтым удакладняецца, што

забарона распаўсюджваецца толькі на выкарыстанне гэтай сімволікі ў палітычных мэтах.
Таксама забаронена «прапагандаваць таталітарныя ідэалогіі».

У Малдове ва ўладзе знаходзіцца ліберальна-дэмакратычная кааліцыя, якая складаецца з некалькіх партый. Найбуйнейшай апазіцыйнай партыяй з’яўляецца Партыя камуністаў рэспублікі Малдова, якую ўзначальвае былы прэзідэнт Уладзімір Варонін. Сімваламі ПКРМ з’яўляюцца серп і молат, а таксама раскрытая кніга.

Для таго, каб уступіць у сілу, закон аб забароне камуністычнай сімволікі павінен яшчэ прайсці зацвярджэнне ў прэзідэнта. Праўда, нават калі кіраўнік рэспублікі верне дакумент у парламент, дэпутаты могуць прыняць яго паўторна (і ў гэтым выпадку прэзідэнт будзе абавязаны яго падпісаць).

Супраць гэтага рашэння парламента Малдовы выступіла фракцыя КПРФ у расійскай Дзярждуме. Адпаведную заяву яна мае намер накіраваць кіраўніцтву рэспублікі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?