«Пацярпелым на Кубані будзе аказана гуманітарная дапамога ад прэзідэнта Беларусі на суму звыш 1,8 мільярда рублёў», паведамляе БЕЛТА. Гэта каля $215 тысяч.

Гуманітарная дапамога будзе дастаўлена на Кубань ужо сёння. «Груз і спецыялісты МНС, якія яго суправаджаюць, вылецяць у бліжэйшы час у Анапу», — расказаў прэс-сакратар МНС Віталь Навіцкі.

Іл-76 даставіць на Кубань паўшарсцяныя коўдры, мясныя і малочныя кансервы, пітную воду, пасцельныя рэчы, ручнікі, сродкі асабістай гігіены, медыкаменты.
Груз сфарміраваны з дзяржаўнага матэрыяльнага рэзерву, які знаходзіцца ў распараджэнні МНС, Міністэрства аховы здароўя, «Белхарчпрама» і «Беллегпрама». «Яго вага складае 30 т. Гэта максімум таго, колькі можа прыняць на борт самалёт», — падкрэсліў Віталь Навіцкі.

У ноч 6 на 7 ліпеня за лічаныя гадзіны стыхія абрушылася адразу на тры раёны кубанскага краю. Рэкамі вады з гор накрыла спачатку Геленджык, а затым Новарасійск і асабліва Крымск. Паводле апошніх даных, стыхія забрала жыцці больш як 160 чалавек, прапаўшымі без звестак да гэтай пары лічацца 17 чалавек. У выніку стыхіі, паводле папярэдніх ацэнак, разбурана 643 дамы. Поўнасцю страцілі маёмасць 29 тыс. чалавек, часткова — 5,5 тыс. чалавек. Па медыцынскую дапамогу звярнуліся 1 тыс. 137 чалавек, з іх 496 дзяцей. Шпіталізавана 194 чалавекі, у тым ліку 26 дзяцей, знаходзяцца на амбулаторным лячэнні 943 чалавекі, палавіна з якіх дзеці. З дзіцячых лагераў адпачынку эвакуіравана амаль 700 дзяцей.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?