Калегі мяркуюць, што ён можа быць на допыце ў КДБ. Абмяркоўваюцца і горшыя варыянты — Антона ўжо маглі пасадзіць на Акрэсціна.

Месцазнаходжанне фатографа невядомае

Жанна Літвіна, старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў, сябрам якой ёсць фатограф Сурапін, безвынікова спрабавала тэлефанаваць у дзяжурную частку КДБ, прыёмную ды іх Цэнтр інфармацыі. Тэлефоны не адказваюць.

Апарат Антона ўключаўся толькі на гадзіну — з 15-й да 16-й — але нумар быў заняты або ніхто не адказваў. Паводле стану на 20:00, мабільны аператар Сурапіна паведамляе: «Абанент часова недасяжны».

Апошняе, што паспеў паведаміць фатограф калегам, — тое, што КДБ-шнікі прыйшлі да яго дахаты з ператрусам з нагоды здымкаў шведскіх мядзведзікаў. Рэсурс, якім кіруе Сурапін, 4 ліпеня першы ў Беларусі апублікаваў фотаздымкі скінутых з самалёта плюшавых цацак. Як паведамляюць подпісы пад фота, іх прыслаў ананім.

Хто такі Сурапін

Антон вучыцца на 3-м курсе Інстытуту журналістыкі БДУ, рэдагуе і запаўняе ўласны сайт — «Беларускія навіны ў фота». Каля года таму далучыўся да Беларускай асацыяцыі журналістаў.

Арандаваная кватэра, у якую сёння наведаліся працаўнікі КДБ, паводле дзіўнага супадзення месціцца якраз насупраць будынку КДБ. Антон у гутарках з сябрамі распавядаў, што з ягоных вокнаў можна бачыць, чым займаюцца чэкісты.

Хлопец паходзіць са Слуцка. Паводле неафіцыйных звестак, мясцовыя КДБ-шнікі пачалі выказваць інтарэс да інтэрнэт-праекту Сурапіна, як толькі той з’явіўся ў сеціве. У свой час прадстаўнікі спецслужбаў прыходзілі з папярэджаннямі ды няпэўнымі пагрозамі да бацькоў Антона.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?