Фермер Уладзімір Матусевіч з вёскі Мацкі на Міншчыне ўжо два дзясяткі гадоў дэманструе прыклад спраўна пастаўленай гаспадаркі, якая прыносіць ня толькі прыбытак, але і задавальненне. Спыніўшыся ў выніку эксперыментаў на вырошчванні гародніны — перадусім, разнастайных гатункаў капусты — ён наладзіў пакрокавую сістэму вегетацыі, якая цягам усяго сезону дазваляе здымаць свежы ўраджай. У «Маёнтку Матусевічы», пра набліжэнне да якога апавяшчае адпаведны надпіс на бел-чырвона-белай шыльдзе.

Дом Уладзіміра Матусевіча, які ён у літаральным сэнсе ператварыў у сучасную крэпасць, добра бачны з мядзельскай трасы. Многія транзітныя пасажыры перакананыя, што гэта насамрэч замак, які захаваўся з незапамятных часоў.
Адпаведны маштабу падворак — для адпачынку душой і целам: кветкі, сад, свежаскошаны траўнік. Кветкі — асаблівае захапленне гаспадара: для ўнутранага спакою нават засеяў цэлую дзялянку рамонкаў.
Для бізнэсу — 40 гектараў зямлі. Работнікаў даводзіцца наймаць здалёк — з Вілейшчыны, Мядзельшчыны. У напаўпустых Мацках працаздольнага насельніцтва ўжо не засталося.

Сёлета спадар Матусевіч стаў дзедам. Першую ўнучку Мілану два месяцы таму падараваў сын Павал. Ён зараз — правая рука бацькі. Скончыўшы прэстыжную ВНУ ў Мінску і крыху папрацаваўшы на вольных хлябах, не прыжыўся ў каменных джунглях і вярнуўся дадому. Цяпер з галавой у гаспадарскіх клопатах — канстатуе спадар Уладзімір, расказваючы пра закуліссе фермерства:

— Працую з дробнымі гандлярамі, якія прадаюць на Камароўцы, на іншых базарах. Яны стаяць там гадамі, пастаянна, да іх прыходзяць пакупнікі, пастаянныя кліенты, якія ведаюць: на гэтай кропцы ўсё будзе гарантавана свежае. Вось з гэтымі людзьмі я і працую. Але ж яны не могуць прадаць усё. Таму што асноўная маса людзей ідзе ў вялікія гіпэрмаркеты і купляе там імпартнае, якое ляжыць і не псуецца. А ў мяне прадукцыя аднаго дня. Адразу пасля развалу СССР, калі была натуральная галадуха, было зусім інакш. Тады ж мялі ўсё без разбору, мы нават не ўпакоўвалі, а ўсё грузілі на машыны, проста валам. А адтуль — мех грошай, потым іх толькі сартавалі.

І самі людзі мяхамі бралі, без разбору. Толькі паступова неяк навучыліся, што не трэба мех капусты квасіць і ставіць на балкон, калі можна ў зручны час зайсці ў любую краму і набыць прадукцыю ці замежную, ці сваю. Галоўнае, што ўсё будзе свяжэйшае.
А потым з’явіліся іншыя культуры. Як толькі бачылі нешта новае — тую ж «экзатычную» капусту — адразу пачынаўся хапун, хацелася пакаштаваць. А раскаштуюцца, і не хочуць больш браць.

Адмыслова прыязджалі розныя крамкі, прасілі: нас, маўляў, на кірмаш гоняць, трэба вітрыну ўпрыгожыць, а ў вас, ведаем, ёсьць нешта неардынарнае. Дай нам, хоць бы толькі ўпрыгожыць…

— Нядаўна ў адной сеткавай краме набываў турэцкія памідоры па 12 900 рублёў за кіляграм. Побач у шапіку прадавалі беларускія — больш чым па 20 000. У чым сакрэт такога цэнаўтварэння?

— Справа, як кажуць, у раздзяленні працы. Усё ж у Турцыі больш адпаведны клімат — там цёпла круглы год, там выдаткі на вырошчванне гэтых памідораў меншыя, бо можна знайсці яшчэ дзешавейшую працоўную сілу.
Як ні круці, там гэта абыходзіцца танней. Нам, можа, лепш усё ж бульбу навучыцца вырошчваць і потым яе прадаваць. А то ж мы нават бульбай сябе часам не можам забяспечыць, набываем турэцкую, мараканскую. Тую ж самую капусту, якая першая ідзе, купляем з Македоніі. Хоць я перакананы, што ў дастатковай колькасці гэта можна вырошчваць і ў нас. Мне цяжка за некага адказаць, у чым прычына такой дыспрапорцыі. Мабыць, мы яшчэ на пачатку гэтага шляху. Прыкладам, галандскі фермер не будзе столькі вырошчваць, калі ведае, што не прадасць, таму ў яго пэўныя квоты і г.д.
А ў нас яшчэ пануе дзікі рынак. Летась была проста неверагодная перавытворчасць морквы, капусты белакачаннай. Ведаю, што нават да гэтага часу на палях засталіся ляжаць цэлыя нерэалізаваныя бурты. У нас гэты працэс ідзе гэткімі хвалямі. Летась было шмат, сёлета вырашылі не саджаць — стала мала.
У мінулым годзе мая квяцістая капуста ішла па добрай цане, дык некаторыя паглядзелі, скумекалі, пачалі вырошчваць такую ж капусту, у выніку мая цана ўпала. Таму стараюся стабільна, кожны год налягаць на тыя свае культуры, якія даўно вырошчваю і ведаю, што вялікай канкурэнцыі мне ніхто не складзе. Як той жа сельдэрэй.

-То бок пэўная спецыялізацыя ўсё ж захоўваецца?

— Так. Узяць тую ж Століншчыну — сапраўдны агурковы рай. Ці Лунінеччына, якая дае нам моркву і трускалкі. У гэтых рэгіёнах клімат, зямля для сельскай гаспадаркі адпаведныя. Вёскі там дагэтуль вялікія, людзей шмат, але зямлі ўрадлівай мала. Нядаўна да мяне адзін прыяжджаў, кажа — я фермер, мне трэба мільён саджанцаў яблыні, хачу пасадзіць такія, як польскія. Але яму там кажуць, што не могуць даць столькі зямлі, бо можа дайсці да сацыяльнага выбуху. Бо паглядзяць іншыя, скажуць — дайце і мне зямлі. А вольнай зямлі мала.

Гэта ў нас яшчэ тут хапае зямлі, а там, на Берасьцейшчыне, яна даўно дэфіцытам — пры яшчэ вялікай долі сельскага насельніцтва.

Дарэчы, гэта мае самыя галоўныя канкурэнты, з якімі мы кожны дзень сутыкаемся на рынку. Толькі яны адтуль за 400 кіламетраў вязуць сюды прадукцыю, кожную ноч, а мой сын адсюль — за 25 кіламетраў.

А трэцяй ночы збор, бо тую ж капусту яшчэ трэба нарваць, каб была наўпрост з поля.
І там, на Палессі, хоць цяплей, лепш усё расце, але за кошт таго, што далёка везці і што прадукцыю трэба крыху раней збіраць, я выйграю.

— Ці можаце пра сябе сказаць, што вы гнуткі гаспадарнік, здольны прыстасавацца да кан’юнктуры рынку?

— Я невялікі, і ў гэтым пэўныя плюсы. Бо я ведаю фермераў вялікіх, што іх вельмі скоўвае. У нас ужо ёсьць фермерскія гаспадаркі як латыфундыі — з вялікай колькасцю работнікаў і такой жа адказнасцю.
Перадусім адказнасць за тое, што ўсё вырашчанае трэба прадаць. А з гэтым праблемы. У мяне пад Маладзечнам знаёмы фермер, ён уключаны ў дзяржаўную праграму развіцця агародніцтва. Дык ён залежны ад усіх і ўсяго. Летась, калі ў Маладзечне ладзіліся «Дажынкі», яго прымушалі прыводзіць да ладу калгасныя палеткі ўздоўж трасы. Едучы з Радашкавічаў на Маладзечна, можна было з шашы ўбачыць прыгожую капусту — вось гэта якраз фермерская.
Далі калгасную зямлю — толькі пасадзі ў гэтым годзе, вельмі трэба. Але потым, увосень, калі ён пачаў прыбіраць тую капусту, дык яе ніхто не прымае. А гэта дзясяткі тысяч тон капусты! Куды ты яе падзенеш — нікога ўжо і не хвалявала.
Асобныя абураліся: маўляў, зіма наступае, а ў фермера не сабраная капуста, не сабраныя буракі сталовыя. Прыяжджаў нават карэспандэнт, паказвалі па беларускіх навінах. А куды збіраць? Ён заключыў дамову з дзяржаўнымі камбінатамі, якія забяспечваюць увесь Мінск, але тым не трэба па такой цане, бо часам бясплатна людзі аддаюць. І вось паказвалі сюжэт пра такую нядбайнасць. Дык ён потым уціхую тыя палі і заараў.

Таму, адрозна ад яго, я нават зараз, у такую пару, магу сабе дазволіць кудысьці з’езьдзіць на ровары. Я вось у сына ўзяў тры дні выходныя, даехаў да Оршы, там спешыўся, перасеў на ровар, паехаў уніз да Горак, заехаў у Смаленшчыну і гэткім жа маршрутам вярнуўся. А вось такі буйны фермер, у якога вісіць на плячах вялізная гаспадарка, пасадка, рэалізацыя, дык ён ні пра што такое не можа нават і марыць. Я не зайздрошчу ні ім, ні іхнім грашам. Мне хапае, каб зімой з’ездзіць некуды далей, за мяжу, у іншую краіну. Хапае і летам — якраз планую праз пару тыдняў таксама на ровары паехаць.

— У Беларусі нярэдка наракаюць, што няма ў нас фермерства, што яно не развіваецца…

— Ведаеце, няма ўжо, напэўна, людзей, якія хацелі б па-сапраўднаму стаць фермерамі. Нават па сваёй акрузе гляджу, колькі ў нас урэшце атрымалася гэтых фермераў, колькі не атрымалася. Некаторыя людзі з лёгкасьцю гэтую зямлю па блаце бралі і з такой жа лёгкасцю потым яе кідалі, аддавалі.
Паглядзеў — ай, цяжка працаваць, лепей металашукальнік на плячо, пашукаю што-небудзь больш прыбытковае. Так адзін кінуў, другі кінуў, трэці кінуў. А новых людзей на іх месца няма. Дый некаторыя дылетанты суюцца: давай, маўляў, нешта незвычайнае вырошчваць. Я папярэджваю: глядзі сам, але толькі ўлічы — дзе ты потым усё гэта прадасі? Таму такіх новых людзей, якія хочуць гэтым сапраўды заняцца, асабіста я вельмі мала ведаю.

— Вось жа, з аднаго боку — не ўмеюць, з іншага — не хочуць. Але няма такога, каб зусім не дазвалялі?

— Збольшага, сур’ёзных перашкодаў няма. Адзінае, што ў нас некаторыя хочуць абавязкова атрымаць зямлю ў Мінскім раёне. Але гэта ўсё ж прысталічны раён, густанаселены, і атрымаць нешта тут аб’ектыўна праблематычна.
Думаю, што мне зараз, магчыма, і не далі б гэтую зямлю. Але далей ад Мінску даюць, не бачу праблемаў. Так, напэўна, ёсць месцы, дзе з розных прычынаў зямлю абмяжоўваюць. Але, я думаю, чым далей ад сталіцы, тым прасцей справу пачаць.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?