Спрэчка пра тое, ці пускаць у Тайвань маладых кітаянак, ідзе даўно. На фота: пратэст у Тайпэі.

Спрэчка пра тое, ці пускаць у Тайвань маладых кітаянак, ідзе даўно. На фота: пратэст у Тайпэі.

Чым болей жонак прывозяць тайваньцы з Кітая, тым больш апасенняў, што гэта камуністычныя агенткі, гатовыя выконваць загады Пекіна.
Пекін у той ролі, аднак, бачыць хутчэй кітайскіх мужоў, якія астатнім часам таксама пачалі жаніцца з тайваньскімі кабетамі.
Ад 1992 г., калі Тайпэй дазволіў рэгістраваць шлюбы з жыхарамі варожай Кітайскай Народнай Рэспублікі, на выспе пасялілася 260 тысяч кітаянак. Гэта больш за 1% насельніцтва Тайваню.
Гэтыя кабеты не з’яўляюцца аб’ектамі расавых забабонаў, бо на абодвух берагах Тайваньскай пратокі жывуць кітайцы народа Хань. Затое ёсць забабоны палітычныя. На выспе з’явіліся навуковыя даследаванні, якія сцвярджаюць, што нашчадкі такіх змяшаных шлюбаў заўжды будзе галасаваць за партыі, што сімпатызуюць Пекіну.
Дзе-нідзе нават сцвярджаецца, што кітайскія жонкі — гэта «спячыя» агенткі, якія чакаюць на загад Народна-вызваленчай арміі, што рыхтуецца да нападу.
Адносіны кітайскага галіяфа з тайваньскім Давідам у асноўных рысах не зусім дрэнныя: яшчэ дзесяць гадоў таму аналітыкі множылі сцэнары вайны ў пратоцы. Кітай хваліўся колькасцю ракет, нацэленых на сваю «паўсталую правінцыю», а Тайвань вадаткоўваў мільярды на найноўшае ўзбраенне. Цяпер бразганне зброяй нібыта сціхла. Далучэнне выспы да мацерыка, пра якое мроілі пакаленні кітайскіх правадыроў, здзяйсняецца пакрокава, павольна, але незваротна.
Тайваньскія бізнэсоўцы ахвотна інвестуюць на кантыненце, карыстаючыся крэдытамі, якія даюць дзяржаўныя кітайскія банкі. Кітайскія турысты наведваюць выспу. Пекін ладзіць і аплачвае тайваньскім навукоўцам і былым вайскоўцам семінары найвышэйшага ўзроўню на тэму светлай будучыні пасля аб’яднання.
У 2008 годзе з’явілася непасрэднае злучэнне (раней самалёты мусілі сядаць напр. У Ганконгу). Паўстала нават фантастычная ідэя выкапаць тунель, які б з’яднаў выспу з кантынентам.
Але многія тайваньцы па-ранейшаму баяцца Кітая і кітайскіх шпіёнаў.
Хоць гэта можа нагадваць параною, з’ява, званая dixia gongzuo (падпольная праца) была вядомая ў гісторыі. Калі ў 1949 аддзелы Мао увайшлі ў Шанхай, «абудзіліся» таемныя члены камуністычнай партыі, якія пад носам у нацыяналістаў змаглі пранікнуць ва ўсе сацыяльныя слаі горада. Перад вяртаннем Ганконга у 1997 засланцы Пекіна працавалі праз пасярэдніцтва аддзелаў Bank of China, а потым фірмаў, якія адчынілі свае прадстаўніцтвы ў брытанскай калоніі.
Няма сумневаў, што кітайскіх агентаў хапае і ў Тайвані. Але няма ніякіх доказаў, што да іх трэба залічваць і «імпартаваных» жонак.
Калі большасць тайваньцаў і глядзяць скоса на мяшаныя шлюбы, дык гэта таму, што на выспу ў асноўным трапляюць простыя вясковыя дзеўкі. Паводле звестак іміграцыйнага дэпартамента, у 2007 73% з іх не мела ніякай спецыяльнасці, a 63% скончыла ў найлепшым выпадку пачатковую школу. Увогуле, гэта не дзівіць, бо кітайскіх кабет знаходзяць сабе такія ж неадукаваныя старэйшыя тайваньцы, заплаціўшы па 10 тысяч даляраў агенцыі-пасярэдніку.

Але ідуць змены. Як заўважыў працытаваны ў «Asia Times Online» прафесар Чэн Ін-Чын з Нацыянальнага цэнтральнага ўніверсітэта ў Тайпэі,

у апошнія гады ўсё больш робіцца сем’яў, у якіх муж паходзіць з Кітая, а жонка з Тайваня. Гэта звычайныя маладыя людзі, якія пазнаёміліся падчас вучобы.
Такія кітайцы паходзяць з заможных гарадскіх сем’яў. Аб’яднанне Кітая і Тайваня для іх амаль рэлігійная мэта — кажа Чэн.

Вось гэта — сапраўдныя агенты. Так, прынамсі, бачыць іх Пекін. Ке Донг, віцэ-шэф кітайскага Бюро справаў Тайваню, падчас апошняга візіта на выспу звярнуўся з прамовай да кітайскіх студэнтаў, заклікаючы іх «выкарыстоўваць выпадак, каб завязаць стасункі з тайваньскімі студэнтамі». «Любоў не ведае межаў», — дадаў ён, каб не было спрэчак, пра што гаворка.

Частка тайваньскіх медыя, што падтрымлівабць ідэю аб’яднання, пачалі як па камандзе публікаваць нешчаслівыя гісторыі мяшаных сем’яў, якія не могуць быць разам, бо Тайвань не дазваляе кітайцам заставацца пасля сканчэння вучобы. Мэта такіх дзеянняў ясная: давесці да зняцця абмежаванняў, якімі Тайвань спрабуе бараніцца ад хвалі перасяленцаў з кантынента.

Паліттычныя шлюбы — гэта стратэгія, старая як свет, а ў Кітаі вядомая па меншай меры ад I стагоддзя н. э., калі імператар Юань выслаў адну з сваіх наложніц, каб выйшла замуж за правадыра качавога племя, якое пагражала дынастыі Хань.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?