Знешне 21-гадовая брастаўчанка Ганна Шарэвiч нагадвае мадэль. Гледзячы на яе, цяжка сказаць, што перад табой мiжнародны гросмайстар па шахматах, майстар спорту мiжнароднага класа, трохразовая чэмпiёнка Беларусi.

— Трэба забыць стэрэатып — калi шахматыстка, дык тоўстая i абавязкова ў акулярах, — тлумачыць Аня. — Мне сапраўды не ўсе вераць, калi даведваюцца, што я гросмайстар. Аднак вельмi прыемна здзiўляць людзей i разбураць iх стэрэатыпы.

— I ўсё ж, кажуць, мужчыны пазбягаюць разумных жанчын...

— Мне падаецца, што кожны з iх ведае, якая менавiта жанчына яму патрэбна. Многiя мужчыны цэняць сапраўдных асобаў, жанчын, якiя ўжо нечага дасягнулi ў сваiм жыццi, а не толькi за iх прыгажосць.

З дзеючай чэмпiёнкай краiны, студэнткай чацвёртага курса факультэта фiзвыхавання Брэсцкага дзяржаўнага ўнiверсiтэта, я сустрэлася напярэдаднi першынства Еўропы ў нямецкiм Дрэздэне (стартуе 2 красавiка).

Апранута Аня была ў белае, як каралева, ды i гуляць ёй падабаецца менавiта белымi фiгурамi. Якая самая любiмая з iх? Ферзь, бо ён самы моцны.

— Упершыню ты стала чэмпiёнкай краiны ў 16 гадоў. У такiм узросце, калi не памыляюся, нiхто да цябе сярод нашых шахматыстак гэтага звання не заваёўваў?

— Так. Наогул шахматы вельмi «памаладзелi», як, пэўна, i некаторыя iншыя вiды спорту. Раней трэба было мець апору ў жыццi, атрымаць адукацыю, а сучасныя шахматы — ужо прафесiя. Яны могуць пракармiць, хоць i не ўсiх.

— Якая з трох перамог на чэмпiянаце Беларусi аказалася самай цяжкай для цябе?

— Кожная перамога не давалася лёгка, бо проста так поспех не прыходзiць. Сёлета, напрыклад, было цяжка псiхалагiчна, бо ў мяне на турнiры быў самы высокi рэйтынг, i я разумела, што трэба яго пацвердзiць. Я старалася паказаць добрую гульню, настройвалася на максiмум. Барацьба была жорсткай. Я прайграла ў восьмым туры адной са сваiх галоўных канкурэнтак, пасля чаго патрэбна было выйграваць ва ўсiх астатнiх партыях, бо, па маiх падлiках, пры роўнасцi ачкоў, я заняла б толькi трэцяе месца. Вырашыла: пастараюся перамагчы, а далей — як складзецца. Атрымалася, што адна мая сапернiца згуляла ўнiчыю, яшчэ адна — прайграла, а я стала першай.

— Крыху больш чым праз год ты скончыш унiверсiтэт. Збiраешся працаваць трэнерам?

— Хацелася б пачынаць трэнерскую дзейнасць паступова — напрыклад, 30 працэнтаў часу трэнiраваць, а 70 працэнтаў — гуляць самой. У далейшым хутчэй за ўсё я буду спалучаць трэнерскую працу i асабiстае выступленне на турнiрах.

— Ведаю, што цябе трэнiруе тата...

— Мяне i абодвух маiх братоў. Тата, кандыдат у майстры спорту, урач, вучыць мяне гуляць у шахматы з дзяцiнства. Ён ведае мае моцныя i слабыя бакi, рыхтуе да сустрэчы з пэўнымi сапернiкамi.

— Па-твойму, каб перамагчы, патрэбна мець практычны вопыт цi дастаткова вывучыць шэраг камбiнацый?

— Шахматную тэорыю нельга аддзялiць ад практыкi. Усё, што я рыхтую перад турнiрам, павiнна прымянiць на iм. Сухая тэорыя без гульнi, накату пэўных варыянтаў пазiцый, не дапаможа, як i практыка без тэарэтычных ведаў.

— Летась Уладзiмiр Крамнiк прайграў камп’ютару. Як ставiшся да пройгрышу чалавека машыне? Магчыма, у будучым будзе немагчыма перамагчы камп’ютар?

— На такiх матчах зарабляюцца вялiкiя грошы. Для чэмпiёна свету гэта бяспройгрышная латарэя, бо калi ён i ўступiць, усё роўна атрымае пэўную суму. Наконт таго, як доўга людзi будуць утрымлiваць лiдарства ў шахматах... У нас iншы склад розуму i магчымасцi неабмежаваныя, а камп’ютар дэманструе толькi тое, што ў яго закладзена пры распрацоўцы. Акрамя таго, у нас жа iснуюць дзве катэгорыi шахмат — мужчынскiя i жаночыя, прычым апошняя — невычэрпная скарбнiца. Не стану ўтойваць, што ў мужчын усё больш вывучана, у iх не настолькi бескампрамiсная гульня ў час партыi, як у нас. Жанчыны больш настроены на перамогу, працэнт нiчыiх там вельмi малы.

Так што камп’ютар нам не пагражае, ды i спорт у першую чаргу — гэта спаборнiцтва чалавека з чалавекам, а не з машынай. Напрыклад, баксёры на рынгу з робатамi не б’юцца, а футбалiсты не выходзяць на поле супраць каманды кiбаргаў. Камп’ютар, наадварот, аблягчае жыццё шахматыстаў, бо не трэба вазiць з сабой вялiкiя сшыткi, дзе запiсаны хады сапернiкаў, уся iнфармацыя — на ноўтбуку. Развiццё тэхналогiй толькi стымулюе чалавека працаваць над сабой i развiвацца.

— Цябе часам параўноўваюць з вядомай расiйскай шахматысткай Аляксандрай Касцянюк (абедзвюх гуляць у шахматы навучылi таты — Аўт.), якая, акрамя ўсяго iншага, пазiруе для модных часопiсаў. Нядаўна вiцэ-чэмпiёнка свету i чэмпiёнка Еўропы ўзяла ўдзел у праграме «Розыгрыш» аднаго з расiйскiх тэлеканалаў, дзе дапамагла «абставiць» рэжысёра Станiслава Гаварухiна. Як лiчыш, па якой прычыне ў цябе з’явiлася мянушка беларуская Аляксандра Касцянюк?

— Так, мяне сапраўды часта параўноўваюць з ёй, бо яна — лiдар у Расii, а я — у Беларусi. Дзякуючы Сашы, многiя даведалiся, што жаночыя шахматы iснуюць. Яна робiць вельмi шмат для папулярызацыi гульнi, таму я паважаю гэту спартсменку i таксама спрабую дапамагаць развiццю шахмат у Беларусi. Напрыклад, у мiнулую пятнiцу я ўзяла ўдзел у сеансе адначасовай гульнi, што таксама прыцягвае ўвагу да шахмат. У шасцi юнакоў я выйграла, а з дзяўчатамi згуляла ўнiчыю, каб у iх быў стымул (у 11 гадоў Аня таксама брала ўдзел у падобным сеансе ў Маскве і згуляла ўнічую з Анатолем Карпавым — Аўт.).

— Даводзiлася калi-небудзь гуляць супраць Сашы Касцянюк?

— У 1996 годзе на чэмпiянаце Еўропы (да дванаццацi гадоў). Тады я ёй прайграла i больш не сустракалася з Сашай.

— А са сваiмi братамi гуляеш часта?

— Зараз сярэднi брат Вадзiм у армii, таму мы пакуль не гуляем у шахматы, а вось малодшаму брату я магу даць некалькi ўрокаў перад спаборнiцтвамi.

— Можаш назваць сябе нязручнай сапернiцай?

— Гэта iндывiдуальна для кожнага. Правiльней будзе сказаць, што ёсць людзi, якiя не вельмi любяць са мной гуляць, бо мае любiмыя дэбюты, пазiцыi, мой стыль гульнi для iх непрымальныя, таму што яны не могуць аказаць мне супрацiўленне, асаблiва калi гуляю сваiмi любiмымi белымi.

— Памятаеш сваю самую кароткую партыю?

— Не скажу дакладна. Калi максiмум — пяць гадзiн, то i дзве нармальна (смяецца).

— Для цябе галоўнае — вынiк, цi мае значэнне i прыгажосць партыi?

— У спорце, па-мойму, заўжды галоўнае — вынiк, але, зразумела, хочацца, каб i якасць гульнi не пацярпела. Стараюся спалучаць прыгажосць i добры вынiк. Часам, калi пасля партыi аналiзую яе, не разумею, чаму выбрала iншы варыянт.

— Якiя краiны лiчыш шахматнымi?

— Вылучаецца Расiя. Назаву Германiю, Арменiю, Украiну. З Азii вельмi падпiраюць кiтаянкi.

— У Аляксандра Алёхiна, якога лiчаць прататыпам рамана Набокава «Абарона Лужына», быў кот-талiсман Сhеss. У цябе ёсць свае сакрэты перамогi?

— Ой, у мяне дома таксама ёсць кот Сhеss (усмiхаецца), персiдскi. Ён не тое што талiсман, але гэта ўжо трэцi цi чацвёрты Сhеss у нас. Зараз я стараюся не верыць у прыкметы i забабоны, а толькi ў сябе. Патрэбна проста настройвацца на добрае, быць упэўненай.

— Я так разумею, што шахматы займаюць увесь твой вольны ад вучобы час...

— Так. Раней займалася танцамi жывата, хадзiла на курсы ваджэння, атрымала правы, а зараз сур’ёзна больш нiчым не захапляюся, бо езджу на спаборнiцтвы. Хацелася б пайсцi на курсы нямецкай мовы, я ж вучыла яе як другую замежную мову (першая англiйская), даводзiцца ж выступаць у нямецкай бундэслiзе. Мне наогул падабаюцца замежныя мовы. Нават хацела пасля школы паступаць у лiнгвiстычны ўнiверсiтэт у Мiнску. Мару навучыцца ездзiць конна. Аднак шахматы — галоўнае ў маiм жыццi.

— Цябе не пераманьвалi ў сталiцу?

— Было такое, але мне падабаецца Брэст i я вельмi задаволена, што жыву там i вучуся. Наогул мару, каб у Брэсце быў свой шахматны клуб. Амбiцыi ёсць, але я маладая i многiя не ўспрымаюць мае пажаданнi i iдэi, але, мяркую, што я свайго дасягну.

— На такую прыгожую дзяўчыну, безумоўна, павiнны звяртаць увагу мужчыны. Цi свабоднае зараз тваё сэрца?

— Не. У мяне ўжо ёсць каханы. Ён умее гуляць у шахматы, але прафесiйна не займаецца. Я з задавальненнем вучу яго, гуляем супраць адно аднаго, i я нiколi не паддаюся.

— Гэта мiнус цi плюс, што твой малады чалавек не прафесiйны шахматыст?

— Для мяне галоўнае, каб мужчына быў моцным, каб за iм я сябе адчувала, як за каменнаю гарою.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?