У жахлівым сьне завадатары «Мультклюбу» не маглі сабе ўявіць, што іх мультфільмы пра Лукашэнку настолькі раззлуюць уладу, што ім давядзецца ўцякаць з краіны ад турмы. У жніўні 2005 году на кватэрах стваральнікаў папулярных палітычных флэш‑мультоў адбыліся ператрусы, пасьля якіх была заведзена крымінальная справа па артыкуле «паклёп на прэзыдэнта Беларусі». Цяпер па гэтый справе праходзяць у якасьці падазраваных тры чалавекі.

Алег

Першым з краіны разам з жонкаю зьехаў гарадзенец Алег Мініч. З паўгоду ён хаваўся ў Маскве і Кіеве, а потым зьехаў у Нямеччыну. Цэлы год ён чакаў рашэньня тамтэйшых уладаў адносна прадастаўленьня палітычнага прытулку. «Немцы выявіліся страшэннымі бюракратамі, — апавядае Алег. — Яны не далі веры дакумэнтам ад БКХ і лісту асабіста ад Аляксандра Мілінкевіча аб тым, што на мяне ў Беларусі завялі крымінальную справу і ўступілі ў перапіску зь беларускай пракуратурай, якая падавалася бясконцаю».

Нарэшце, 1 лютага аўтар XXX‑мультоў афіцыйна атрымаў статус палітычнага ўцекача. Цяпер ён намагаецца ўладкавацца па сваёй спэцыяльнасьці ў кампутарную фірму. «Цяжка тут знайсьці працы, калі ня ведаеш па‑нямецку ні слова», — прызнаецца аніматар, які, жывучы ў Баварыі, абыходзіцца ангельскай мовай. Ён гатовы працягваць працу над новымі сэрыямі «Мульт‑клюбу» і хоча паставіць праект на камэрцыйную аснову. Аднак падтрымкі ад беларускіх грамадзкіх дзеячоў ён ня мае. Мусіць, ня маюць такой магчымасьці.

Павал

Адзін з стваральнікаў грамадзкай ініцыятывы «Трэці шлях» Павал Марозаў зьехаў зь краіны апошнім. Пры канцы мінулага году яго чарговы раз выклікалі па справе «Мультклюбу». Там яму паведамілі, што зь ліку сьведкаў ён пераходзіць у лік падазраваных у зьдзейсьненьні «злачынства». І ён прыняў рашэньне зьехаць. Праз Расею ён паехаў у Эстонію, дзе меў нямала знаёмых. У наступным месяцы будзе паўгоду, як Павал жыве ў Тарту. Ён ня кінуў беларускую справу, працягвае займацца «Трэцім шляхам», выступае кансультантам шэрагу грамадзкіх праектаў. Радуецца, калі прыязджаюць у Эстонію людзі зь Беларусі: «Але цяжка, калі зьяжджаюць – трывала трымаецца яшчэ колькі дзён настальгічнае пачуцьцё», — прызнаецца ён. Да апошняга моманту Марозаў плянаваў атрымаць у звычайным парадку від на жыхарства, а не прасіць у эстонскіх уладаў палітычнага прытулку. Непрыемны інцыдэнт зь ягоным сябруком і паплечнікам Андрэем Абозавым змусіў яго зьмяніць меркаваньне.

Андрэй

Тэхнічны каардынатар «Трэцяга шляху» Андрэй Абозаў, які праходзіць у справе «Мультклюбу» як падазраваны, так і не давучыўся ў Менску. Цяпер ён сканчвае моўныя курсы ў Эстоніі, каб паступіць у тамтэйшы ўнівэрсітэт на спэцыяльнасьць «міжнародны бізнэс». 25 сакавіка ён паехаў на афіцыйны прыём, што ладзіла Эўракамісія ў Кіеве з нагоды 50‑годдзя Эўразьвязу. Вяртаўся ў Талін праз Маскву цягніком, бо гэта найбольш танны варыянт. У расейскай Цьвяры ў ягоны вагон зайшлі мясцовыя міліцыянты, зьнялі беларуса зь цягніка і пад канвоем даставілі ў пастарунак. Прозьвішча Абозава знаходзілася ў сьпісе, які складаецца паводле агульнага пагадненьня міністэрстваў унутраных справаў Расеі і Беларусі, таму расейскія міліцыянты мусілі яго дэпартаваць. Андрэй скарыстаўся правам на тэлефанаваньне і паведаміў пра тое Андрэю Суздальцаву – члену беларуска‑расейскай праваабарончай камісіі пры прэзыдэнце РФ. Той адразу зьвярнуўся ў Раду Бясьпекі Расеі і гэнеральную пракуратуру. «Мяне цікавіла два пытаньні, — апавядае Андрэй Суздальцаў. – Ці сапраўды хлопца абвесьцілі ў фэдеральны вышук і ці ёсьць фармальныя падставы, каб не выдаваць яго беларускаму боку. Праз дзьве гадзіны я затэлефанаваў Андрэю і сказаў: не хвалюйся, цябе ніхто нікому не аддасьць». Абозаў правёў у пастарунку ў Цьвяры амаль суткі, але на абыходжаньне не наракае. «Я распавёў міліцыянтам гісторыю з «Мультклюбам», яны глядзелі на мяне як на нейкае дзіва. Былі з сабою мульты, паказаў – доўга сьмяяліся». Потым беларуса суправадзілі да мяжы з Эстоніяй і пажадалі «добрай дарогі». Андрэю ў Цьвяры паказалі дакумэнт. «Ён быў за подпісам старэйшага сьледчага па асоба важных справах Менскай гарадской пракуратуры Шабана.

Актывіст кажа, што будзе прасіць у Эстоніі палітычнага прытылку.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?