Арганізатары «плюшавага дэсанта», прадстаўнікі піяр-кампаніі Studio Total, заяўляюць аб недатычнасці да акцыі беларускага фатографа Антона Сурапіна, затрыманага Камітэтам дзяржбяспекі.

Нагадаем, што 20-гадовы студэнт Інстытута журналістыкі БДУ, які першым размясціў на сваім сайце Belarusian News Photos фатаграфіі плюшавых мядзведзяў, скінутых 4 ліпеня са шведскага самалёта над Івянцом і Мінскам, быў затрыманы 13 ліпеня. У дачыненні да Антона заведзеная крымінальная справа, ён падазраецца ў дапамаганні незаконнаму перасячэнню мяжы. Сурапіну пагражае да сямі гадоў пазбаўлення волі. Фатограф сцвярджае, што здымкі плюшавых медзведзянятаў яму даслаў па электроннай пошце невядомы чалавек.

«Мы і раней казалі пра тое, што напярэдадні акцыі ў нас не было ніякіх кантактаў ні з кім з прадстаўнікоў Беларусі. Натуральна, у нас не было ніякіх кантактаў і з Антонам»,
— заявіў у інтэрв’ю БелаПАН Томас Мазэці, які разам са сваёй калегай Ханай Лінай Фрэй кіраваў самалётам падчас акцыі.

Паводле яго слоў, у бліжэйшыя два-тры дні арганізатары акцыі выступяць з афіцыйнай заявай з гэтай нагоды. «Яна будзе адрасавана, у тым ліку, беларускім уладам. Больш за тое, мы гатовыя адказаць на ўсе пытанні беларускіх следчых, калі яны прыедуць у Швецыю», — сказаў Мазэці.

Ён таксама не ведае, хто мог адправіць Антону Сурапіну фатаграфіі з медзведзянятамі. Арганізатары акцыі гэтага не рабілі дакладна, падкрэсліў Мазэці.
«Але падумайце самі: мы скінулі некалькі сотняў медзведзянятаў, і я сам бачыў, што многія людзі іх фатаграфавалі. Адаслаць фатаграфіі Антону мог любы з іх», — дадаў прадстаўнік кампаніі Studio Total.

***

Антон Сурапін утрымліваецца ў следчым ізалятары КДБ. Да 23 ліпеня яму павінна быць прад’яўлена абвінавачванне. Артыкул 371 ч. 3 КК, паводле якога ён падазраецца (наўмыснае незаконнае перасячэнне дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь, здзейсненае арганізаванай групай асоб), прадугледжвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі ад трох да сямі гадоў з канфіскацыяй або без канфіскацыі маёмасці.

Варта адзначыць, што афіцыйны Мінск спачатку адмаўляў факт парушэння замежным самалётам паветранай прасторы Беларусі. Пасля гэтага арганізатары акцыі, размясцілі ў інтэрнэце відэазапіс свайго палёту над Беларуссю, а затым выступілі з заявамі аб тым, што пры падрыхтоўцы да акцыі яны не кантактавалі ні з кім з прадстаўнікоў Беларусі.

Гэтая гісторыя атрымала шырокі грамадскі рэзананс і дала падставу сумнявацца ў боегатоўнасці беларускай СПА. Зараз камісія Лукашэнкі праводзіць праверку ўсіх злучэнняў і вайсковых часцей Ваенна-паветраных сіл і войскаў супрацьпаветранай абароны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?