Панарамны від Стаўбцоў.

Панарамны від Стаўбцоў.

80-кватэрны дом жыллёва-будаўнічага спажывецкага кааператыва «Стоўбцы-2» планавалі здаць у эксплуатацыю ў маі сёлета. Але на месцы дома пакуль толькі падмурак. Гэта не адзіная праблема, з якой сутыкнуліся сябры ЖБСК.

Кааператыў быў заснаваны ў маі 2010 рашэннем Стаўбцоўскага райвыканкама.
Яго ўдзельнікі адносяцца да катэгорыі малазабяспечаных, таму крэдытаванне будаўніцтва мусіла ажыццяўляцца згодна з указам Аляксандра Лукашэнкі ад 14 красавіка 2000 № 185 «Аб прадастаўленні грамадзянам ільготных крэдытаў і аднаразовых субсідый на будаўніцтва (рэканструкцыю) або набыццё жылых памяшканняў».

У ліпені 2011 райвыканкам зацвердзіў спісы, людзі пачалі заключаць з «Беларусбанкам» крэдытныя дамовы.

Аднак у кастрычніку таго ж года банк прыпыніў крэдытаванне льготнага будаўніцтва згодна з рашэннем Саўміну — да «вызначэння аб’ёму фінансавання будаўніцтва на 2012 год».

На той момант 22 сябры кааператыва «Стоўбцы-2» не паспелі заключыць крэдытныя дамовы. Цяпер на іх распаўсюджваюцца нормы ўказа №13 ад 6 студзеня 2012 г. «Аб некаторых пытаннях прадстаўлення грамадзянам дзяржаўнай падтрымкі пры будаўніцтве (рэканструкцыі) або набыцці жылых памяшканняў».

Што азначаюць для іх такія змены? Паводле ўказа №13 ім давядзецца плаціць стартавы ўнёсак у памеры 10% ад агульнай сумы ўласнымі грашыма.
Указ №185 гэтага не прадугледжваў. Акрамя таго, тэрмін пагашэння крэдыту скараціўся з 40 гадоў да 20, а плаціць па крэдыце давядзецца каля 4%, а не 1%, як у выпадку з указам №185.

«Мы разам стваралі кааператыў, былі ў адным спісе. А цяпер выходзіць, што мы будзем плаціць у два разы больш», — абураюцца сябры кааператыва, якія не паспелі атрымаць крэдыт на ранейшых умовах. Яны лічаць, што маюць не меншыя правы на льготныя ўмовы, чым іх 58 больш шчаслівых суседзяў. «У нашу сітуацыю мог трапіць любы са спіса, проста так склалася чарга», — кажуць пакрыўджаныя сябры кааператыва. Яны звярталіся ў Адміністрацыю прэзідэнта з просьбай выдзеліць ім льготны крэдыт на ранейшых умовах. Сваю просьбу людзі матывавалі тым, што трапілі ў складаную сітуацыю не па сваёй віне.

Зварот з Адміністрацыі пераадрасавалі ва Упраўленне ЖКГ Мінаблвыканкама. Адтуль прыйшоў адказ: крэдытаванне рэшты сяброў кааператыва будзе адбывацца на ўмовах указа №13.

«Мы змірыліся і будзем будавацца па новых умовах — жыць жа трэба недзе. Але крыўда ўсё адно застаецца. Калі ўсё пачыналася, то шмат размоваў было пра льготныя ўмовы для жыхароў маленькіх гарадоў. Цяпер жа тут амаль немагчыма пабудавацца», — кажа адзін з сяброў кааператыва «Стоўбцы-2».

Сітуацыя з кааператывам у Стоўбцах не ўнікальная. Напрыклад, у Шчучыне ўказ №13 падзяліў удзельнікаў адразу некалькіх кааператываў. Ва ўмовах скарачэння памеру рэальных заробкаў, многія сем’і ў рэгіёнах апынуліся няздольнымі аплаціць крэдыт па новых умовах.

***

    Згодна з указам №13, права на льготны крэдыт маюць жыхары населеных пунктаў да 20 тысяч чалавек. Максімальны памер крэдыту не перавышае 90% ад кошту жылля, што будуецца. Такія крэдыты выдаюцца на 20 год пад 10% стаўкі рэфінансавання Нацбанка, якая дзейнічае на дату зацвярджэння спісаў на льготнае крэдытаванне, але не менш за 3%. Для шматдзетных сем’яў крэдыт выдаецца на 40 год пад 1% гадавых. Памер крэдыту — 100% ад кошту жылля.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?