Меркаванні5252

Ехаў конік, альбо Умоўная Беларусь

Сяргей Ваганаў адказвае Сяргею Дубаўцу.

Бабка Кастуся, мая вясковая сяброўка з настаўніцкай маладосці, не аднойчы, калі падап’е прыхаванай яшчэ за польскім часам «Выбаровай», распачынала спяваць жудасную гісторыю: «Ехаў конік да вады — залатыя павады. Конік не напіўся, мальчык утапіўся. Ідзе пані ратаваць — нідзе сына не відаць. Ідзе пан за вадой — бачыць сына пад вадой: толькі ножкі тырчаць, толькі вочкі блішчаць…». «Не плач, Сярожа, — супакойвала бабка Кастуся пасля спеву, размазваючы па шчацэ ўласную слязу. — Усё яшчэ будзе…».

Бабка Кастуся з яе «мальчыкам» і аптымістычнай абяцанкай на будучыню ўзгадалася, калі прачытаў артыкул Сяргея Дубаўца «Беларусь — гэта мова».

Мова — гэта ўсё, што засталося ад Беларусі, лічыць Дубавец: «…апошні рубеж… адзіны інструмент і адзіная зброя шырокага цывілізацыйнага руху».

Прыгожы тэкст, прывабна завостраная думка, глыбокі падтэкст… Але, як ні паглыбляйся, вынікае, што ўсё астатняе — не Беларусь, а немаведама што, якое «зноў па горла ў Расеі»…

Я ведаю чалавека, які прыкладае шмат намаганняў, каб улезці ў Расію па горла. Лукашэнка? Не, апазіцыянер, так бы мовіць. Да таго ж дастаткова вядомы пісьменнік.
Некалькі гадоў таму намагаўся надрукаваць у расійскіх газетах адкрыты ліст да… Пуціна, каб ён «остановил русификацию» і пасадзейнічаў вырашэнню моўнага пытання. Як быццам Беларусь зноў у складзе Расіі. Дарэчы, пад лістом стаялі подпісы шмат каго з паважаных дзеячаў беларушчыны… Праз некаторы час, праглядаючы часопіс «Наш современник», вядомы сваім дэмагагічна-пячорным антысемітызмам, я заўважыў ліст нашага «змагара за мову» да Станіслава Куняева, галоўнага рэдактара і нястомнага імперца. З ліслівасцю чалавека, якога мала хто разумее, ён запэўніваў адрасата ў сваёй прыхільнасці і прапанаваў надрукаваць свой новы раман, які цалкам супадае з палітыкай часопіса і поглядамі яго галоўнага рэдактара…

Такі вось апошні рубеж… адзіны інструмент… адзіная зброя…

Калі распачаць бойку катэгарычных фармулёвак, то чаму б не выказацца такім чынам, што сёняшняя Беларусь – гэта якраз усё астатняе, а тая Беларусь, каторая, па Дубаўцу, мова – гэта, выбачайце, умоўная Беларусь, якую стварыла інтэлектуальная беларускамоўная эліта. Але падобная бойка – не лепшы шлях да паразумення паміж людзьмі і рознымі дэмакратычнымі плынямі, без якога немагчымы з’яднаны супраціў лукашызму.

...Цяжка зразумець, чаму паэту (у Дубаўца маецца на ўвазе светлай памяці Валянцін Тарас) дазваляецца так званы білінгвізм, а простаму народу — шыза.
Навошта ж білінгвістычную шызу ды элементарную непісьменнасць чынавенства ляпіць да народа, блытаць чынавенства з ягонай лянотай і звычкай шукаць праўду ў роце начальства з мільёнамі тых беларусаў, што трапілі ў пастку русіфікацыі? Тым больш нельга ладзіць з мовы «прыбор», падобны прыбору для распазнання «свой—чужы». Дубавец, вядома, такі прыбор не ладзіць. «Распазнанне» само выпрастоўваецца з-пад штучных тэзісаў пра «водападзел» і «адзіную зброю»…

Цемрашальства ці проста глупства — пярэчыць разгортванню шырокага цывілізацыйнага руху, заснаванага на распаўсюдзе ведання ды ўжывання роднай мовы. Тут я з Дубаўцом згодны, нават гатовы ўскрыкнуць: «Даўно пара!»

Але лічыць, што мова — гэта адзінае, што выцягне краіну з багны лукашызму і гарантуе сапраўдную незалежнасць, — значыць не проста памыляцца ў стылі Мюнхгаўзена, а ізноў, як напачатку 90-х, небяспечна збочваць у каляіну, што, насамрэч, спрыяе таму, каб улезці «па горла ў Расею» накшталт Татарстана ці Удмурціі…
Але там не існуюць татарская ды удмурцкая мовы? Існуюць. Нават квітнеюць… А якія-небудзь, умоўна кажучы, «неглюбскія бабулькі» заўсёды знойдуцца…

Я не фармацэўт з рэцэптурнага аддзела палітычнай аптэкі, але ўпэўнены, што адпаведныя лекі для Беларусі трэба гатаваць з больш складаных рэчываў. Для мільёнаў беларусаў, што купіліся на подлы рэферэндум аб дзяржаўным двухмоўі, яна сталася толькі ўскосна роднай. Бо цяжка лічыць роднай, ад першых слоў маці і першага буквара, мову, якая на працягу паловы мінулага стагоддзя вывучалася, ды і сёння вывучаецца падобна іншаземнай…

Не напіўся конік… утапіўся «мальчык»… толькі вочкі блішчаць…

Але гэта не шыза, а сюр. Не шыза падвоенай свядомасці, а сюр няўмольных гістарычных абставінаў.

Ці здолее пераадолець гэтыя абставіны і стварыць новыя, спрыяльныя для беларускай будучыні, не ўмоўная, а нанова народжаная, маладая Беларусь? Здолее. Калі гэтае пытанне паўстане перад ёю як пытанне ўжо не мары, а дзеяння.

Тады і конік з «мальчыкам» нап’юцца чысцюткай празрыстай вады.

…Мудрая ўсё ж была бабка Кастуся. Што Саламон. Толькі той — «усё пройдзе», а тая — «усё яшчэ будзе».

Па сутнасці, тое ж…

Каментары52

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

Каспяровіч памёр тры дні таму, але цела знайшлі толькі цяпер1

Каспяровіч памёр тры дні таму, але цела знайшлі толькі цяпер

Усе навіны →
Усе навіны

Прэзідэнт Ізраіля: Мы не ставім за мэту зрынуць Хаменеі, але гэта можа быць пабочным эфектам з вялікімі гістарычнымі наступствамі

Лукашэнка: Я прачытаў тое, што пісалі ў тыктоках, «тыктокаліся» нашы выкладчыкі12

Час праезду беларуска-літоўскай мяжы аўтобусамі павялічыўся да 10-12 гадзін5

Лукашэнка: Беларусь заўсёды была, ёсць і будзе разам з Расіяй63

Вось колькі каштуе Ізраілю вайна з Іранам. Самае дарагое — абарона свайго неба2

У калоніі №15 Магілёва знялі з пасады адыёзнага начальніка, які здзекаваўся з палітвязняў3

За адсутнасць бульбы прапануюць штрафаваць да 8 400 рублёў3

Расія перадала Украіне целы не толькі ўкраінскіх, але і расійскіх салдат3

У Расіі заснавальніцу руху «Армія прыгажунь» прысудзілі да 22 гадоў пазбаўлення волі

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Каспяровіч памёр тры дні таму, але цела знайшлі толькі цяпер1

Каспяровіч памёр тры дні таму, але цела знайшлі толькі цяпер

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць