Новы аўтобусны маршрут паміж Мінскам і краінамі Балтыі (Мінск — Панявежыс — Рыга) буйнога міжнароднага аператара Lux Express Group быў прадстаўлены 18 ліпеня ў Мінску ў пасольстве Латвіі.
Як адзначыў у прывітальным слове пасол Эстоніі ў Беларусі Яак Ленсмент, «новы маршрут будзе садзейнічаць кантактам паміж людзьмі нашых краін». Паводле яго слоў, яго дачка ўжо скарысталася новай паслугай і засталася задаволеная.
Як паведаміла начальнік аддзела продаж і маркетынгу прадстаўніцтва кампаніі ў Расіі Вольга Андрыенка, новы маршрут працуе штодзённа з 20 чэрвеня.Перавозка пасажыраў ажыццяўляецца аўтобусамі класа lux — Scania Irizar, якія вызначаюцца больш шырокай, чым звычайна, адлегласцю паміж радамі. Пасажырам падчас паездкі даецца магчымасць бясплатнага карыстання бесправодным інтэрнэтам
Кошт паездкі ад Мінска да Панявежыса складае 15 еўра, да Рыгі — 27. З Панявежыса і Рыгі арганізуюцца стыковачныя рэйсы ў гарады краін Балтыі, Еўропы і Расіі.
Як сказала Андрыенка, кампанія Lux Express Group была заснаваная ў 1992 годзе эстонскім прадпрымальнікам Хуга Асула і за 20 гадоў з «невялікага перавозчыка ператварылася ў найбуйнейшага аператара міжнародных пасажырскіх перавозак у Балтыі». Сёння ў кампаніі адкрытыя прадстаўніцтвы ў Эстоніі, Латвіі, Літве, Польшчы і Расіі. «У Беларусі адкрываць прадстаўніцтвы мы пакуль не плануем», — паведаміла начальнік аддзела. Білеты можна набыць як у касах мінскіх аўтавакзалаў, так і па інтэрнэту.
Паводле слоў начальніка, у распараджэнні кампаніі знаходзяцца больш чым 50 сучасных аўтобусаў, якія працуюць на 14 маршрутах. За апошнія 5 гадоў кампанія інвеставала ў набыццё аўтобусаў больш чым 4 млн. еўра. Яе абарот складае звыш 10 млн. еўра, пасажырапаток — 450 тыс.
.