Упраўленьне ўнутраных справаў Менскай вобласьці прапануе Аргкамітэту дзеля ўшанаваньня памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсій плаціць за ахову ўрочышча Курапаты. Адпаведны ліст за подпісам намесьніка начальніка абласной міліцыі спадара Шутава атрымалі сёньня сябры аргкамітэту.

У лютым аргкамітэт зьвярнуўся да старшыні Менгарвыканкаму Міхаіла Паўлава са зваротам, у якім быў выказаны клопат наконт урочышча Курапаты, якое мае гісторыка‑культурную каштоўнасьць і занесенае ў першы рэестар культурных і гістарычных аб’ектаў, якія ахоўвае дзяржава. Сябры аргкамітэту распавялі пра шматлікія выпадкі вандалізму ў дачыненьні да мэмарыяльнага знаку «Ад народу ЗША народу Беларусі дзеля памяці» гэтак званай лавы Клінтана.

Апошнім разам мэмарыяльны знак быў разламаны сёлета ў студзені. «Усё сьведчыць пра плянавы і мэтанакіраваны характар разбурэньня», адзначалася ў звароце. Аргкамітэт папрасіў кіраўніка Менгарвыканкаму вырашыць пытаньне надзейнай аховы ўрочышча Курапаты і лавы Клінтана.

«Для забесьпячэньня ахоўных мерапрыемстваў дадзенага аб’екту неабходныя значныя фінансавыя сродкі. Упраўленьне ўнутраных справаў Менаблвыканкаму іх ня мае і забясьпечыць кругласутачную ахову комплексу Курапаты на бязвыплатнай аснове ня мае магчымасьці», адказаў сябрам аргкамітэту намесьнік старшыні абласной міліцыі спадар Шутаў.

«Разам з тым, — зазначае ён. — Менскі абласны дэпартамэнт аховы пры аплаце з вашага боку паслугаў аховы гатовы разгледзіць пытаньне ў ахове Курапатаў».

Сакратар аргкамітэту дзеля ўшанаваньня памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсій Уладзімер Раманоўскі назваў верхам цынізму прапанову прыняць дзяржаўны мэмарыяльны комплекс за прыватны аб’ект, ахова якога патрабуе аплаты.

Уладзімер Раманоўскі выказаў наступную прапанову — напісаць ліст экс‑прэзыдэнту ЗША Білу Клінтану, каб ён дапамог аплаціць ахову мэмарыяльнага знаку «Ад народу ЗША народу Беларусі дзеля памяці», які ён усталяваў ва ўрочышчы ў студзені 1994 году.

Ганна Соўсь, Радыё Свабода

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0