Афіцыйны канцэрт «За независимую Беларусь» 25 сакавіка стаў адказам Лукашэнкі на адкрыты ліст Мілінкевіча, у якім экс‑кандыдат у прэзыдэнты заклікаў прэзыдэнта разам адзначыць Дзень Волі — найвялікшае нацыянальнае сьвята. Братацца з апазыцыяй на Кастрычніцкай плошчы Лукашэнка, зразумела, не пайшоў, але і распраўляцца з дэманстрантамі «з асаблівым цынізмам», як гэта было ў папярэднія гады, ня стаў. Маўляў, сьвята ваша прызнаю, адзначыць яго разам згодны, але ня я пайду да вас, а вы прыходзьце да мяне — на канцэрт.

Такім чынам атрымалася два сьвяты пад адным лёзунгам — «За незалежную Беларусь!» Апазыцыйнае шэсьце па праспэкце Незалежнасьці было добраахвотным і сабрала тысячы людзей, на афіцыёзны канцэрт студэнтаў, школьнікаў і выкладчыкаў зганялі прымусова. Каля Акадэміі навук людзі цешыліся пагоднаму дню, мору прыгожых сьцягоў і віталі сяброў. Каля Нацыянальнай бібліятэкі, нібы ў колішнія савецкія часы, адпрацоўвалі «сьвяточную разнарадку». Загадкавым застаўся палітычны сэнс таго, што адбываецца і там і там. Падобна, што ніякага такога сэнсу і не было. Рыторыка выступоўцаў на мітынгу каля Акадэміі навук гучала гэтаксама заежджана і недарэчна, як і папса выканаўцаў сэрвільнага мастацтва каля Бібліятэкі. Радыкальна адрозьніваўся толькі настрой двух натоўпаў — апазыцыйнага, які выйшаў сам і адчуваў сьвята, і афіцыёзнага, які самахоць ніколі б ня выйшаў і ніякае ўзьнёсласьці духу не адчуў.

Перастаў нешта значыць і лёзунг «За незалежную Беларусь!» Калі ў ранейшыя гады ён выклікаў ярасьць спэцназу, дык цяпер быў напісаны на афіцыйных расьцяжках над праспэктам Незалежнасьці. Засталося пытаньне — за якую «не такую», адрозную ад афіцыёзу Беларусь можа выступаць апазыцыя? Ці ёсьць для яе ідэалягічная ніша ў агульным спэктры палітычных плыняў, ці ўлада ўжо канчаткова прысабечыла ўвесь гэты спэктар? Калі яны — альтэрнатыва афіцыёзу, дык што такога альтэрнатыўнага яны нясуць? Нельга не прызнаць, што Лукашэнка ўдала правёў маніпуляцыю грамадзкай думкай са словам «незалежнасьць». А ці ёсьць нешта такое, маніпуляваць чым ён папросту ня зможа без таго, каб рэальна не зьмяніцца самому?

Абвясьціць змаганьне за дэмакратыю і свабоду? Але да гэтых патрабаваньняў яшчэ не дарос народ, і таму гучаць яны ў нас даволі абстрактна. Афіцыйная прапаганда пераконвае, што Беларусь ужо цяпер — дэмакратычная, а з вуснаў паспалітага электарату абавязкова пачуеш — якой яшчэ вам свабоды?

Адсюль, дарэчы, і адна з прычын таго, чаму не адбылося хуткага й пасьпяховага станаўленьня заяўленага А.Мілінкевічам руху «За свабоду».

Што ж тады аб’ядноўвае дэмакратычныя сілы міжсобку і адрозьнівае іх ад афіцыёзу? Сымболіка? Так. Бо нашы сымбалі проста беларускія, а іхныя — беларускія савецкія, ужо значыць другасныя, несамастойныя. Мова? Так, мы гаворым па‑беларуску пераважна, яны — пераважна па‑расейску або на трасянцы. Нельга сьцьвярджаць, што мы больш за іх любім Беларусь, бо кожны яе разумее па‑свойму. З гэтай розьніцы і нараджаецца наша шчырае жаданьне выходзіць на вуліцу 25‑га і іхны — прымус.

Зважыўшы ўсе «за» і «супраць», трэба прызнаць, што нас натхняе іншы вобраз краіны. Мы — за беларускую Беларусь. І іншай яна ў нашым уяўленьні быць ня можа. Прычым беларуская — гэта й ёсьць рэальна незалежная, бо сама належыць сабе, а значыць, толькі ў такім выглядзе можа быць рэальна свабоднай і дэмакратычнай. Той, у якой ёсьць будучыня.

Аднак і лёзунгам «За беларускую Беларусь!» можна маніпуляваць. Лёгка нават уявіць сабе расьцяжкі такога зьместу над праспэктам і канцэрт на ўсё прыдатнага ансамбля «Сябры» пад гэтай самай расьцяжкай.

Яшчэ прасьцей уявіць сабе маніпуляцыі зь лёзунгам «За эўрапейскую Беларусь!» Формула «Беларусь — цэнтар Эўропы» даўно стала штампам афіцыйных СМІ. А тут яшчэ заляцаньні Лукашэнкі да Эўразьвязу і візыты Уты Цапф…

Можа быць, ня варта вынаходзіць ровар, а трэба зьвярнуцца да досьведу тых краін, якія ў нас называюць цывілізаванымі? Можа быць, нам ня так бракуе чагосьці ў нашай Беларусі, як штосьці замінае нармальна жыць? Дыктатура? Але ж і тут адбылася маніпуляцыя. Лукашэнка часта паўтарае ў сваіх выступах, што яго, маўляў, называюць дыктатарам, і вялікай частцы электарату гэта падабаецца, бо дыктатуру яны разумеюць як моцную ўладу, цьвёрдую руку, што паўсюль наводзіць парадак.

Ня ведаю, які лёзунг абярэ празь месяц Аляксандар Мілінкевіч са сваімі партнэрамі па кааліцыі, але што да зьместу нашага агульнага руху наперад, магу выказаць здагадку.

Калі эмігранты з Эўропы на голым месцы стваралі Злучаныя Штаты Амэрыкі, яны імкнуліся пазьбегнуць усіх кашмараў, якія зазналі ў сваіх мэтраполіях і гарантаваць новую краіну ад гэтых кашмараў у будучыні. Тое, чаго ў іх не павінна быць ніколі, яны назвалі ключавым словам — тыранія. У выніку яны стварылі найстарэйшую ў сьвеце канстытуцыю і іх краіна за ўсю сваю гісторыю ніколі ня ведала дэспатызму, у тым ліку дэспатызму бюракратычнага апарату, дэспатызму чыноўніка і дэспатызму калгаснага брыгадзіра. Ніхто ня ведае, што будзе заўтра, але ЗША жылі й жывуць без тыраніі па сёньняшні дзень, яны маюць свабоду слова і сходаў, яны маюць вольныя выбары і яны маюць вяршэнства закона па‑над воляй асобнага чалавека.

«За Беларусь без тыраніі!» — вось, магчыма, той лёзунг, які цяперашняя ўлада ніколі ня ўздыме без таго, каб не зьмяніцца самой. Без тыраніі жэсаўскага функцыянэра і калгаснага старшыні, без тыраніі ў дачыненьні да роднае мовы і айчыннае літаратуры, без тыраніі дыктараў «Панарамы», якія бічуюць нашу псыхіку ня горш за таго плантатара, што бічаваў рабоў на трысьняговых палетках дзе‑небудзь у Тэхасе. Тыранія, калі і не зразумелая, дык адчувальная кожнаму чалавеку на ўсіх ступенях грамадзтва — ад сям’і, ад суседа і працоўнага месца да прэзыдэнта і цэнтральных СМІ. Можа быць, гэта і ёсьць тое, чаго мы больш за ўсё ня хочам? І тое, чаго жадаем усёй душой — Беларусі без тыраніі.

Алесь Кебік, Газэта Свабода

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0