Для БАТЭ пачалася еўракубкавая пара. Сёлета яна трывожная. Да старту ў Лізе чэмпіёнаў каманда падышла не ў найлепшым маральным стане. БАТЭ не можа перамагчы ў трох матчах запар. А да ўсяго яшчэ пяцёра футбалістаў з’ехалі ў Лондан на Алімпіяду.

Асаблівае абурэнне дырэктара барысаўцаў Анатоля Капскага выклікала адсутнасць Брэсана. Нядаўні бразілец пагадзіўся паехаць на Гульні. Яшчэ з’ехаў Дзмітрый Бага, таму і ўзнікалі пэўныя праблемы ў цэнтры поля. На шчасце, Кандрацьеў адпусціў на гульню Палякова, які фарсіў ружовымі буцамі.

«Вардар» — шасціразовы чэмпіён Македонія. Адзіная каманда з гэтай маленькай краіны, якая змагла стаць чэмпіёнам Югаславіі. Пару гадоў таму БАТЭ ўжо сустракаўся з камандай са Скоп’е — «Македоніяй». У абедзвюх сустрэчах барысаўцы апынуліся мацней. «Вардар» не такая і простая каманда. Некалі на ёй абпаліўся маскоўскі ЦСКА.

Перад гульнёй у Барысаве прайшоў дождж і над стадыёнам з’явілася прыгожая вясёлка. Фактычна за спінамі фан-сектара БАТЭ. Хлопцы, дарэчы, не шкадавалі сябе. Іх падтрымка была істотнай. Некалькі разоў зараджалі па-беларуску «Усё жыццё БАТЭ Барысаў». Малайцы.
«Вардар» сваёй формай нагадаў «Мілан», а вось гульнёй, хутчэй, жодзінскае «Тарпеда». БАТЭ атакаваў, а «Вардар» абараняўся. Праўда, не сказаць, каб атакі нашых былі вельмі вострыя. Усё ж Брэсана з Багай сапраўды не хапала.
Адзіны гол у першым тайме забіў Дзмітрый Мазалеўскі, які падвартаваў адскок пасля розыгрышу вуглавога. У неба ў гонар гола ўзняліся жоўта-блакітныя шарыкі. Яшчэ тры такія камплекты чакаюць на другі тайм:)
У перапынку ў ложы прэсы Філіпенка на мыліцах, самотны Майкон і элегантная Наталля Марчанка раздавалі малым аўтографы.

***

Пачатак другога тайму стаў проста кашмарным для БАТЭ. Наколькі лёгка македонцы арганізавалі два галы. Спачатку Ёван Кастоўскі забіў мяч амаль ідэнтычны таму, што ў першай палове гульні арганізаваў Мазалеўскі. Гэткая самая перадача з флангу і падстаўленая нага.

Перад гэтым жа Мазалеўскі ўпусціў цудоўны момант, Радзівонаў вывеў яго адзін на адзін, але форвард не скарыстаўся шанцам.

Пасля прапушчанага голу каманда Віктара Ганчарэнкі нібыта трапіла ў ступар. Гэтым скарыстаўся Астоя Сцепанавіч — 1:2.

Македонцы цягнуць час да непрыстойнасці. Чатыры разы іх футбалісты качаліся на траве, паказваючы як ім нясцерпна балюча, як толькі балканцаў выносілі за межы поля, то яны ўскоквалі з імкненнем хутчэй уступіць у гульню. Зрэшты, яны мелі на тое права. «Вардар» выйграваў.

Цудоўны момант выраўніць становішча быў у Валадзько.

Ужо ў кампенсаваны час Віталь Радзівонаў галавой змог выратаваць для БАТЭ нічыю — 2:2. А яшчэ праз дзве хвіліны ён жа аформіў перамогу БАТЭ - 3:2.
Абодва галы БАТЭ забіў у дадатковы час. Нібыта МЮ ў фінале Лігі чэмпіёнаў-1999 :) Але ў любым выпадку ў Скоп'е нашым будзе нялёгка.

Ганчарэнка пасля гульні пайшоў дзякаваць фанатам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?