З часам нават самая арыгінальная ідэя ператвараецца ў штамп. А калі штампам злоўжываюць, гэта можа выклікаць усеагульнае раздражненьне. Так адбылося з каляровымі рэвалюцыямі. Спроба надаць тэрміну сьвежасьць і нацыянальны калярыт прывяла журналістаў і палітыкаў сьпярша да вынаходак у сфэры калярыстыкі, а потым — у батаніцы.

Дайшла чарга да тэкстыльнай прамысловасьці — прапанавана ўзяць на ўзбраеньне слова «джынсавы». Але яно таксама нагадвае нешта знаёмае, хоць і крыху падзабытае… Рэвалюцыю ў Чэхаславаччыне ў 1989-м называлі «аксамітнай» (па-чэску — «вэльвэтавай»). Такім чынам, кола замкнулася. Аксамітная рэвалюцыя пасьля шэрагу розных трансфармацый ператварылася ў джынсавую.

Праўда, дыстанцыя паміж гэтымі паняцьцямі прыкладна такая ж, як паміж падзеямі ў былой Чэхаславаччыне ды сучаснай Беларусі.

Словазлучэньне «аксамітная рэвалюцыя» ўспрымалася як вельмі ўдалае і арыгінальнае таму, што яно спалучала ў сабе неспалучальнае. І ў гэтым была парадаксальная сутнасьць новай зьявы — рэвалюцыі бяз гвалту, без крыві, рэвалюцыі без рэвалюцыі. Але пры ўсім гэтым — рэвалюцыя. Бо зьмены ў грамадзкай сьвядомасьці і ў грамадзкім ладзе пятнаццаць гадоў таму адбываліся сапраўды эпахальныя й незваротныя. Хто б і што ні гаварыў пра перажыткі камунізму ў краінах былога сацыялістычнага лягеру, уявіць вяртаньне гэтых краінаў да камунізму, ды яшчэ савецкага кшталту, немагчыма.

З гэтага гледзішча «каляровыя рэвалюцыі» новага тысячагодзьдзя былі яшчэ больш мяккія — ні пра якое ламаньне грамадзкай сыстэмы ў Грузіі, ва Ўкраіне, а тым больш у Кіргізіі гаворкі не ішло. Тым ня менш, масы ўдзельнічалі ў гэтых «электаральных рэвалюцыях» пад дэмакратычнымі лёзунгамі. Якія б задачы ні ставілі перад сабой нацыянальныя эліты, незалежна ад таго, хто б і як ні скарыстаўся вынікамі рэвалюцыі, факт палягае ў тым, што лёзунгі дэмакратыі аказаліся прывабнымі для мільёнаў людзей.

Мара савецкага чалавека

Што ж, на думку цяперашняй беларускай апазыцыі, можа й павінна прывабіць людзей — тым больш пры адсутнасьці дакладна сфармуляванай перадвыбарнай праграмы? Сёньня людзям прапанаваны ў якасьці сымбалю, здольнага аб’яднаць усіх людзей добрай волі, джынсы. Але ў сучаснай расейскай мове ёсьць вельмі падобнае паводле гучаньня слова «джынсб», і азначае яно прыкладна тое ж, што «туфта» — гэта значыць нешта несапраўднае, таннае. Думаецца, той, хто хацеў увесьці слова «джынсавы» ў сучасны палітычны кантэкст, пра гэта не падумаў. Хутчэй за ўсё, гэты сымбаль не зьяўляецца прадуктам дзейнасьці нейкіх паліттэхнолягаў, а нарадзіўся зусім выпадкова, спантанна — як праява настальгіі па часах перабудовы.

Менавіта тады, пры канцы 1980-х, джынсы зрабіліся свайго роду прыметай нефармалаў, інтэлектуалаў, артыстаў, рэвалюцыянэраў і ўвогуле людзей свабодных прафэсій. Да гэтага ў СССР джынсы былі прыметай заможнасьці. Яны былі прадметам дэфіцыту, прадметам мараў савецкага чалавека. За імі ганяліся, іх куплялі на чорным рынку за шалёныя грошы. Успамінаецца, як сакратар камсамольскай арганізацыі Белдзяржтэлерадыё пазбавіўся сваёй пасады пасьля таго, як прывёз з камандзіроўкі на Брацкую ГЭС (як тады казалі — адну з ударных будоўляў камунізму) чамадан джынсаў і выгадна прадаў іх калегам па працы.

У тыя часы нарадзіўся жарт пра багатага грузіна, які патрабаваў у зубнога тэхніка за любыя грошы ўставіць яму не залаты і ня плятынавы зуб, а джынсавы!

Такім чынам, заклікаючы да «джынсавай рэвалюцыі», лідэры апазыцыі, як падаецца, ня надта сабе ўяўляюць, да каго канкрэтна яны апэлююць і што хочуць сказаць. Камусьці гэта можа падацца дробным чапляньнем да слоў. Але насамрэч гаворка вядзецца ня толькі пра слова (зброю палітыка), але і пра нешта значна больш істотнае — пра тое, што стаіць за словамі.

Бі першы, Фрэдзі!

Пакуль апазыцыя сама ня вызначыцца, чаго яна хоча ад дэмакратычнага электарату і чаго чакае ад выбарцаў: ці падтрымкі на выбарах, ці шырокіх акцый грамадзкага непадпарадкаваньня, прыхільнікі апазыцыі таксама ня будуць ведаць, чаго ад іх хочуць і што ім, уласна, трэба рабіць. Чаму, напрыклад, трэба ісьці на выбары, калі апазыцыя заяўляе, што яны будуць сфальсыфікаваныя, што вынік іх загадзя вядомы і што ў краіне ўвогуле сфармаваўся таталітарны рэжым, які ня церпіць ніякай апазыцыі ды іншадумства? У апазыцыі няма ўпэўненасьці, што беларускія грамадзяне, нездаволеныя рэжымам, гатовы ўзяць удзел у масавых акцыях пратэсту? Але ж тады ня трэба да гэтага заклікаць. Як вучаць стваральнікі клясычных вэстэрнаў, той, хто ўзяў у рукі рэвальвэр, не павінен пагражаць ворагу тым, што будзе зараз страляць, інакш яго самога застрэляць першым. Адзін з папулярных у Савецкім Саюзе імпартных фільмаў так і называўся: «Бі першы, Фрэдзі».

Дарэчы, дзякуючы героям вэстэрнаў — каўбоям, якія насілі джынсы ў якасьці рабочай вопраткі, — гэты стыль адзеньня й зрабіўся папулярным ва ўсім сьвеце. Аднак папулярнымі героямі кіно іх зрабіла не экзатычная вопратка, а іхны стыль паводзінаў — рашучасьць, мужнасьць, высакароднасьць, любоў да свабоды.

Жыцьцё не кіно. Сьмешна было б заклікаць лідэраў беларускай апазыцыі станавіцца падобнымі на каўбояў Мальбара. Але й падабенства з шэксьпіраўскімі пэрсанажамі накшталт Гамлета беларускім палітыкам папулярнасьць у шырокіх масах наўрад ці прынясе. Увязаўшыся ў палітыку, ня трэба пытацца, быць або ня быць.

Можна пасьмяяцца, напрыклад, з Пазьняковай прапановы прыйсьці ў дзень выбараў пасьля галасаваньня на цэнтральную плошчу Менску й прывесьці да прысягі новаабранага ўсенароднага лідэра. Можна называць гэтую ідэю ўтапічнай, адарванай ад рэальнасьці. Але гэта, прынамсі, дакладная й зразумелая схема дзеяньняў, якая ня проста мадэлюе нейкі варыянт падзей, а пэўным чынам праграмуе разьвіцьцё гэтых падзей — ва ўсялякім выпадку, нацэльвае людзей на канкрэтныя дзеяньні. Упэўненасьць у посьпеху — палова посьпеху… Такую ўпэўненасьць (ці самаўпэўненасьць) заўсёды дэманстравалі Напалеон, Ленін, Кастра. Яе звычайна дэманструе дзейны кіраўнік Беларусі. Сёньня ён выразна нэрвуецца, паказвае, што і яму страх паразы не чужы. Цудоўна! Але што дэманструе тым часам апазыцыя? Джынсы і сваю любоў да іх?!

За работу, таварышы!

Што й казаць, інтэлектуал у паношаным джынсавым касьцюме, у акулярах, з барадой і доўгімі валасамі — пэрсанаж сымпатычны й дарагі сэрцу такога самага старога інтэлектуала. Аднак учарашніх дысыдэнтаў, гіпі і рокераў ня трэба пераконваць у перавагах дэмакратыі над дыктатурай. Савецкая ўлада заўсёды з чымсьці і кімсьці ваявала на побытавым узроўні — са стылягамі, «валасацікамі», лысымі. Ня выключана, што і ў беларускіх школах ды ВНУ хутка пачнуць змагацца за правільны стыль адзеньня й прыстойныя паводзіны, сачыць за даўжынёй спадніцаў і валасоў. Але сёньня пакуль яшчэ самае страшнае для ўладаў — гэта думкі. Жаданьне думаць і гаварыць па-беларуску ўспрымаецца ўладамі як варожыя паводзіны, як чужы сьветапогляд, здольны падарваць дзяржаўны лад, дыскрэдытаваць яго перад усім сьветам. І яны не памыляюцца.

Насамрэч ня важна, у што апранацца. У 1968-м у чэскія студэнцкія аўдыторыі прыходзілі інтэлектуалы, лідэры Праскай вясны. Толькі вельмі нямногія зь іх тады апраналіся так, як будучы прэзыдэнт краіны драматург Гавал — у швэдар і джынсы. Большасьць былі апрануты ў строгія касьцюмы, гальштукі, чаравікі. Але яны гаварылі са студэнтамі на зразумелай ім мове, з гумарам размаўлялі на самыя сур’ёзныя тэмы — і аўдыторыя адказвала ім радасным рогатам, усхваляванасьцю й прызнаньнем.

Ня ў джынсах рэч і ня ў тым, на чым яны трымаюцца, а ў тым, што людзі носяць на плячах.

Нават бальшавікі, якія не вызначаліся цярплівасьцю й талерантнасьцю, разумелі важнасьць падрыхтоўчай працы ў народных масах і не ўхіляліся ад яе (нагадаем, што большасьць бальшавікоў паходзілі з разначынцаў і апраналіся ў скуранкі — тагачасны аналяг джынсаў). Марыць, што большасьць беларускіх выбарцаў пойдуць за інтэлектуаламі зь іміджам савецкіх фізыкаў і лірыкаў узору 1960-х — 1970-х, значыць лунаць у рамантычных воблаках. Параза Шушкевіча і Пазьняка на прэзыдэнцкіх выбарах-1994 гэта засьведчыла.

На рэвалюцыю — каляровую, расьлінную, тэкстыльную — трэба пакуль што забыцца. Толькі цяжкая штодзённая праца з электаратам здольная нешта зьмяніць. Працы хопіць і фізыкам, і лірыкам. Наўрад ці гэтая праца нешта зьменіць у грамадзтве ўжо заўтра. Але, тым ня менш, пачынаць гэтую працу трэба было яшчэ ўчора.

Джынсы — зручная вопратка. І ня больш за тое. А што стане сымбалем сёньняшняй Беларусі — гэтае пытаньне лепей пакінуць будучым прамудрым гісторыкам…

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?