10 ліпеня, ў дзень, калі расійскамоўная версія Вікіпедыі зачынілася на знак пратэсту супраць прыняцця законапраекту № 89417–6 «Аб унясенні зменаў ў федэральны Закон «Аб абароне дзяцей ад інфармацыі, якая шкодзіць іх здароўю ды развіццю», рэзка павялічылася колькасць наведванняў версій Вікіпедыі на беларускай мове.

Так, калі 9 ліпеня галоўная старонка Вікіпедыі класічным правапісам была паказаная 755 разоў, то 10-га — 1653. То бок, праз байкот расійскамоўнай вікі наведванне «класічнай» вікі павялічылася больш чым удвая.

Яшчэ больш ад часовага закрыцця расійскамоўнай Вікіпедыі атрымала версія энцыклапедыі на «акадэмічнай» беларускай мове. Калі 9 ліпеня яе галоўную старонку наведала 1480 інтэрнаўтаў, то 10-га — аж 7350!
То бок, амаль у 5 разоў болей, чым напярэдадні! Такая ж сітуацыя — і з іншымі артыкуламі. Так, артыкул «Беларусь» 9 ліпеня быў паказаны 60 асобам, а 10-га — 310. Рост у 5,16 разу! Артыкул «Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка» быў паказаны 9 і 50 разоў адпаведна.
Свята скончылася. На якой мове беларусы звычайна чытаюць Вікіпедыю?

Беларусь дайшла да краю русіфікацыі, і Вікіпедыя гэта адлюстроўвае.

Беларусь дайшла да краю русіфікацыі, і Вікіпедыя гэта адлюстроўвае.

У стварэнні Вікіпедыі важная роля належыць дыяспары, якая такім чынам аддае своеасаблівую даніну страчанай радзіме.

У стварэнні Вікіпедыі важная роля належыць дыяспары, якая такім чынам аддае своеасаблівую даніну страчанай радзіме.

На жаль, статыстыка несуцяшальная.

За першы квартал 2012 года прагляды розных моўных версіяў Вікіпедыі з тэрыторыі Беларусі размеркаваліся наступным чынам: 85,2% праглядаў прыпадае на расійскамоўную Вікіпедыю,
на другім месцы — англійскамоўная, з 7,5%. Яшчэ 4,2% праглядаў ідзе на агульны для ўсіх моўных раздзелаў праект «Вікісховішча» — «склад» файлаў (малюнкі, здымкі, відэа) пад вольнай ліцэнзіяй.
І толькі пасля ідуць версіі Вікіпедыі на «акадэмічнай» ды «класічнай» беларускай мове — 1% і 0,6%.
То бок, агулам — 1,6%. Далей ідуць версіі Вікіпедыі на нямецкай і польскай — па 0,3%. Па 0,1% маюць французская, украінская ды іспанская вікіпедыі. На ўсе астатнія моўныя раздзелы прыпадае 0,6%.

А што суседзі?

Ва Ўкраіне наведвальнікі Вікіпедыі таксама часцей чытаюць яе па-расійску. Але адсотак тых, хто чытае яе на нацыянальнай мове, большы — 13,7%. Крыху больш ва Ўкраіне чытаюць і англійскамоўную вікі — 8,7% супраць 7,5% у Беларусі.

Зусім іншая моўная сітуацыя ў палякаў, дзе Вікіпедыю нацыянальнай мовай чытае абсалютная большасць — 81,2% праглядаў.
На англійскую мову прыпадае амаль 14% ад ўсіх праглядаў. Расійская мае толькі 0,6%.
А ў самой Расіі расійская мова па-за канкурэнцыяй.
Амаль 90% праглядаў вікіпедыі ў Расіі — менавіта на ёй. Паказальна, што ў Расіі найменшы з ўсіх чатырох прааналізаваных краінаў адсотак праглядаў энцыклапедыі на англійскай мове — толькі 6,8%.
Несумненна, што колькасць беларускамоўных ды ўкраінскамоўных у Беларусі і Украіне вышэйшая за 1,6% ды 13,7% адпаведна. Але, паколькі інфармацыі ў расійскамоўнай Вікіпедыі звычайна больш, то беларусы ды ўкраінцы часцей чытаюць менавіта яе.

Дзе чытаюць вікіпе(э)дыю па-беларуску?

Асаблівасцю абедзвюх беларускіх Вікіпедыяў ёсць тое, што іх у значной ступені піша і чытае дыяспара. Асабліва гэта тычыцца раздзела на «класічным» правапісе.

І ў «класічнай», і ў «акадэмічнай» Вікіпедыі колькасць праглядаў з Беларусі — меншая за палову. У «класічнай» вікі праглядаў з Беларусі — 46,1%. Далей ідуць Злучаныя Штаты Амерыкі — 7,5%. На трэцім месцы Расія — 7,2%. На чацвертым — Польшча з 5,2%. Далей — Украіна (4,2%) ды Нямеччына (3,3%). Рэшта краін — 26,2%.

Крыху іншая сітуацыя з «акадэмічнай» Вікіпедыяй. Праглядаў з Беларусі — крыху больш: 49,3%. На другім месцы, замест ЗША — Расея з 8,4%. На ЗША прыпадае 5,5%, а на Украіну — 4,7%. На ўсе астатнія краіны прыпадае 32,1% праглядаў.

Для параўнання: на Ўкраіну прыходзіцца 89,2% праглядаў украінамоўнай Вікіпедыі. На Польшчу прыпадае 90,6% праглядаў польскамоўнай версіі Вікіпедыі.

З іншага боку, сітуацыя з беларускімі Вікіпедыямі падобная да валійскай.
Толькі 45,8% праглядаў валійскай вікі прыпадае на Вялікабрытанію. Таксама, напрыклад, толькі 26,3% праглядаў ірландскамоўнай Вікіпедыі прыпадае на Рэспубліку Ірландыя, а 14,5% — на ЗША.
Як удзельнік, які напісаў ў беларускамоўную (тую, што «класічным правапісам») Вікіпедыю 180 артыкулаў, скажу: карыстайцеся ёй, пішыце, па магчымасці, свае артыкулы, залучайце іншых.
На мой пагляд, беларускамоўнай Вікіпедыі вельмі не хапае артыкулаў пра сучаснасць. Так, нядрэнна распрацаваныя гістарычныя ці культурныя тэмы. Але для таго, каб мова жыла, на ёй павінна быць напісана і тое, што людзі звыкліся чытаць кожны дзень.
Вікіпедыя павінна стаць прыярытэтам нацыянальных культурных асяродкаў.
Клас
1
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?