Як паведаміў намеснік начальніка ўпраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі МУС Сяргей Калтун на прэс-канферэнцыі ў Мінску 18 ліпеня, у Беларусі павялічваецца колькасць жанчын і мужчын, якія займаюцца прастытуцыяй. Паводле яго словаў, цягам 2012 года выяўленыя 140 чалавек, якія займаюцца прастытуцыяй. У органах МУС на ўліку стаяць 1830 чалавек, якія займаюцца сэкс-бізнэсам (у тым ліку 700 — у Мінску), што на 90 больш, чым год таму. Сярод іх — 20 мужчын, якія аказваюць гетэра- і гомасэксуальныя паслугі.

Адзначыўшы, што прастытуцыя з’яўляецца высокалатэнтным відам правапарушэння, Калтун заявіў, што пра сапраўдныя маштабы гэтай з’явы складана меркаваць, аднак «значнага ўсплёску прастытуцыі ў Беларусі няма».

Калі міліцыя праводзіць рэйдавыя мерапрыемствы, толькі ў Мінску за адну ноч затрымліваецца каля 50 прастытутак.
Іх караюць штрафамі, якія складаюць ад 20 да 50 базавых велічынь, а таксама адміністрацыйнымі арыштамі. У 2012 годзе да адміністрацыйнай адказнасці за занятак прастытуцыяй прыцягнуты 651 чалавек (422 — у Мінску).

Старшыня грамадскага аб’яднання «Жаночы незалежны дэмакратычны рух» Людміла Пеціна лічыць, што маштабы прастытуцыі значна павялічыліся, і «няма неабходнасці выходзіць на вуліцу для заняткаў прастытуцыяй, бо кліента знаходзяць цяпер у інтэрнэце». Пеціна падкрэсліла, што прычынай таго, што людзі займаюцца сэкс-бізнэсам, з’яўляецца перш за ўсё складаная эканамічная сітуацыя ў краіне, якая не можа не адбіцца на жанчынах.

Кіраўнік аб’яднання перакананая, што грамадства мусіць сфармаваць негатыўнае стаўленне да гэтай сацыяльнай з’явы, у тым ліку праз заканадаўчыя інстытуты.

Яна спаслалася на досвед Швецыі, дзе караюць не прастытутку, а кліента.
Такім чынам, лічыць Пеціна, грамадства дэманструе асуджэнне не толькі продажу сэкс-паслуг, але і іх пакупкі. «Хто плаціць за сэкс-паслугі, не паважае не толькі прастытутку, але і іншых жанчын», — заявіла Пеціна. Яна таксама адзначыла, што ў Мінску ёсць шэраг месцаў, напрыклад, каля цырка, дзе ў начны час многія гады збіраюцца дзяўчаты, якія прапануюць сэкс-паслугі. Пеціна выказала здзіўленне адносна таго, што органы аховы правапарадку не могуць даць рады гэтай праблеме.
Калі ў міліцыі стаіць задача «разагнаць масавыя акцыі або пікеты, то органы правапарадку мабілізуюцца значна прадуктыўней і хутчэй»,
— лічыць Пеціна.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?