Двухузроўневы грамадскі транспарт у Беларусі не навінка.

У 1990-х гадах на рынак у Ждановічах, а таксама з жылога раёна Малінаўка да ДС «Дружная» дабрацца можна было на высокіх машынах «МАN».
Усяго іх было чатыры. Аднак рамонт і абслугоўванне такіх гігантаў былі невыгаднымі іх уладальніку, прыватнаму прадпрымальніку. У выніку ў 2000-га машыны перасталі вазіць гараджан. У Гомелі шэсць двухпавярховых аўтобусаў «МАN» з 1997 па 2004 год таксама былі грамадскім транспартам. Аднак і тут узніклі цяжкасці з рамонтам, і праз некаторы час на хаду застаўся толькі адзін жалезны дзядок 1980 года выпуску.

Ён пераехаў у Мазыр, дзе яго некаторы час выкарыстоўвалі ў якасці перасоўнай сталовай для кіроўцаў іншых аўтобусаў. Велікан чатырохметровага росту развозіў ежу і ваду. Прапрацаваўшы так некаторы час у Мазырскім аўтобусным парку № 2, ён выйшаў на пенсію.

Амаль год машына прастаяла на прыколе, і яе збіраліся здаць на металалом.
Але, на шчасце, у цэнтры Беларусі для яго знайшлася вакансія гіда. «Інфармацыйна-турыстычны цэнтр «Мінск» і турфірма «Дром Тур» задумалі з дзядка зрабіць экскурсавода для гараджан і гасцей сталіцы. Для пачатку машыну вырашылі амаладзіць.
Рэстаўрацыя пачалася ў 2009 годзе і заканчваецца толькі цяпер. Каштавала яна каля 50 тысяч еўра. «Мэну» замянілі матор, абнавілі салон і корпус, нават хацелі ўсталяваць панарамныя вокны, а таксама плазменныя экран. Але ў выніку вырашылі не змяняць першародны выгляд.
Адзінай тэхнічнай дапрацоўкай стала спецыяльная лінгвасістэма, якая распавядае на сямі мовах пра славутыя мясціны сталіцы. Пасажыр насоўвае навушнікі і сам выбірае мову.
Прадстаўленыя беларуская, руская, англійская, іспанская, французская, італьянская і нямецкая.

Маршрут аўтагіда пачынаецца ад чыгуначнага вакзала, далей едзе па праспекце Незалежнасці да Нацыянальнай бібліятэкі, потым па вуліцах Каліноўскага, Кядышкі, Філімонава, праспекце Незалежнасці, Веры Харужай, Багдановіча, праспекце Пераможцаў да «Мінск-Арэны», там разварочваецца, едзе да ГУМа, адтуль — па праспекце Незалежнасці на вакзал.

Экскурсія зойме прыкладна 1 гадзіну 30 хвілін.

Дарослым ваяж арыенціровачна абыдзецца ў 80 тысяч рублёў, школьнікам — у 40 тысяч рублёў.
Магчыма, будзе і сістэма зніжак, напрыклад: тата з мамай плацяць за сябе, а дзіця катаецца бясплатна.

Аўтобус будзе пафарбаваны ў чырвоны колер. Раз у месяц ён будзе бясплатна вазіць дзяцей з дзіцячых дамоў з усёй Беларусі.

Характарыстыкі

— Вытворца: канцэрн МАN, Германія.

— Год выпуску: 1980.

— Серыя: SD 200.

— Максімальная хуткасць: 75 кіламетраў у гадзіну.

— Габарыты: даўжыня — 11,5 метра, шырыня — 2,5 метра, вышыня — 4 метры.

— Колькасць пасадачных месцаў: ўнізе 34, наверсе 47.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?