Трыб’ют рок‑каралям ад музыкаў дзьвюх суседніх краінаў і прадусэраў самага пасьпяховага беларускага праекту «Personal Depeche». Праўда што «Personal Purple» зьявіўся без такой помпы і выйшаў меней крэатыўным з музычнага гледзішча. Музыкі, што ўдзельнічаюць у праекце, — спрэс прафэсіяналы: тут і блюзмэн Мікола Аруцюнаў зь «Лігі блюзу», блізкі сябра Ігара Варашкевіча, які паўдзельнічаў у запісе новага альбому «Крамы», ангельскамоўныя рок‑зоркі з Расеі Crossroadz i Pushking, калярокавыя пэрсанажы кшталту Сяргея Мазаева і Аляксандра Маршала. Усе яны збольшага перапяялі «пёплаў» са шчырай любоўю, але настолькі блізка да арыгіналу, што хочацца папросту ў соты раз завесьці Machine Head, каб ня слухаць прафэсійныя пера(пад)робкі. Вынятак — акурат беларусы з Apple Tea, якія творча падышлі да зацяганай Soldier of Fortune, зрабіўшы з узорнай рок‑баляды вясёлае рэгі з саксафонамі, што цягам амаль чатырох хвілін перагукаюцца міжсобку.

Калі і слухаць кавэры пэўных славутасьцяў, то ў выкананьні гуртоў, далёкіх ад іхнага стылю. З дапамогаю пераасэнсаваньняў у джазе, рэгі, гіп‑гопе яны маглі бы на час адбранзавець, а іх добра знаёмыя песьні — зазьзяць новымі фарбамі (ці памятаеце кавэр «Тройцы» на той жа «Personal Depeche»?). Мэта гэтага праекту, наколькі можна зразумець, — выказаць любоў да мэтраў. Ну, і зарабіць крыху грошай, відаць. І ня больш за тое... Нельга не адзначыць дзікаватага аздабленьня беларускага варыянту дыску — назва праекту на тле чырвона‑зялёнага сьцяга. Яшчэ б словы гімну разьмясьцілі — «Мы, беларусы, з братняю Русьсю»...

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?