Дэбютны сольнік прадстаўніка афіцыёзнага року — аднаго зь нешматлікіх айчынных рок‑выканаўцаў, якія маюць дасяг да ТВ і радыё. Колісь Пятро запальваў у «Песьнярах», потым у складзе гурту «Эгаіст», а цяпер сольна.

Выканаўца эксплюатуе постсавецкую любоў да рафінаванай рок‑музыкі а‑ля «Guns‑n‑Roses» — cаладжавенькія тэксты «для дзевачак», крыху гітарнага драйву і наігрываньне на акустычнай гітары (на дыску маса напаўакустычных балядаў). Але Ялфімаў, у адрозьненьне ад плоймы іншых «дзяржаўных» выканаўцаў, ня проста карыстаецца шматлікімі дармовымі прывілеямі — ён мае на іх права. Дастаткова згадаць яго яскравы выступ на «Славянскім базары» зь песьняй Чэслава Немэна «Dziwny jest ten swiat» (шкада, яе няма на дыску).

Сьпявак мае магутны, харызматычны і пазнавальны голас, з дапамогай якога можа выцягнуць самую банальную песеньку (а такіх на ягоным альбоме — большасьць). Яму ўдаюцца баляды — вакал раскрываецца напоўніцу. Праслухаць увесь дыск Ялфімава, па шчырасьці, цяжкавата, але трэба — перадапошнім нумарам вас чакае сапраўдная разынка — песьня «Стася» (музыка аўтара «песьняроўскай» «Малітвы» Алега Моўчана на верш Язэпа Пушчы). Такіх бы песень паболей нам!

Цяжка параіць гэты дыск каму‑небудзь, акрамя дзевачак, якія шукаюць сабе куміра сярод беларускіх выканаўцаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?