Валуны адкапалі, пракладваючы вадаправод. Яны ляжалі акуратна ў шэраг, усе 37 штук.

— Тут была сядзіба Радзівілаў Маньковічы, — распавядае вядучы супрацоўнік аддзелу культуры Столінскага райвыканкаму Аляксей Вярэніч. — Я знайшоў даваенныя мапы Століну. Акурат на гэтым месцы быў каталіцкі касьцёл, пашкоджаны ў вайну і зруйнаваны камуністамі. Мясцовыя старажылы распавядалі мне, што гэта старадаўні звычай Століншчыны — пад аўтаром храму выкладваць валуны‑абярогі.

Амаль на ўсіх валунах багата надпісаў, расшыфраваць якія без адмысловай падрыхтоўкі немагчыма. Мясцовыя краязнаўцы, знайшоўшы падобныя знакі ў кніжках і на знакамітых Барысавых камянях, выказалі здагадку, што столінскім знаходкам больш як 900 гадоў. Тут яскрава відныя некаторыя руны, знакі паганскіх багоў — Хорса, скандынаўскага бога Одзіна. Камяні маглі трапіць да нас з Скандынавіі — у гэтых мясьцінах праходзіў знакаміты шлях з варагаў у грэкі. Але навукоўцы прапаноўваюць меней рамантычную вэрсію.

— Я расшыфравала ўсе надпісы, — кажа выкладніца гістфаку ў пэдунівэрсытэце Іна Калечыц. — Гэта надмагільныя камяні XVII—XVIII ст. Там чытаюцца імёны: Кіріла, Грыгоры... Насамрэч дзе‑нідзе выкарыстаныя старэйшыя знакі. Але такое практыкавалася ў той час. Цяпер валуны склалі каля Столінскага краязнаўчага музэю. У музэі радуюцца — нядаўна ім перадалі ацалелы корпус радзівілаўскай сядзібы. Там будзе новая экспазыцыя. А камяні плянуюць прыгожа пакласьці побач — у старым княскім парку.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?