Толькі адзін дзень, 22 ліпеня, у гомельскім Свята-Петра-Паўлаўскім кафедральным саборы можна будзе пакланіцца абразу Божай Маці Чанстахоўскай. Спіс абраза, асвечаны на арыгінале, прыбудзе ў горад з міжнародным хросным ходам "Ад акіяна да акіяна", паведамілі ў інфармацыйным аддзеле Гомельскай епархіі.

Ушанаваны праваслаўнымі і каталіцкімі вернікамі абраз Найсвяцейшай Багародзіцы ўвесь час захоўваецца ў польскім горадзе Чанстахова. Да стварэння арыгінала цудатворнай выявы прамое дачыненне мае святы апостал-евангеліст Лука, які напісаў абраз у Сіёнскай святліцы Іерусаліма і перадаў яе любімаму вучню Ісуса Хрыста — апосталу-евангелісту Іаану Багаслову. У 326 годзе вернікі, якія схавалі абраз у пячорах ад зневажання рымскімі воінамі, падарылі яго святой роўнаапостальнай царыцы Алене, дзякуючы якой здабыты Жыватворны Крыж Гасподні. Паводле некаторых крыніц, цудатворны абраз у Кіеў прывезла царэўна Ганна, якую благаславілі на шлюб з князем Уладзімірам Чырвонае Сонейка, якія хрысцілі Русь у X стагоддзі. Праз некалькі стагоддзяў абраз трапіў у Польшчу, дзе ўславіўся цудамі, неаднаразова ратуючы жыхароў навакольных паселішчаў ад нашэсця татараў, гусіцкай пяхоты чэшскага рэлігійнага таварыства, арміі шведскага караля. Абраз Божай Маці захаваў сляды шабельных удараў, атрыманых у бітвах.

Міжнародны хросны ход "Ад акіяна да акіяна", які праходзіць пад покрывам абраза Чанстахоўскай Божай Маці па тэрыторыі Беларусі, благаславіў мітрапаліт Філарэт. Аўтапрабег, маршрут якога пралягае па тэрыторыі 20 краін ад расійскага ўзбярэжжа Ціхага акіяна да партугальскага ўзбярэжжа Атлантычнага акіяна, прысвечаны абароне традыцыйных сямейных каштоўнасцяў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?