Камітэт дзяржаўнай бяспекі Беларусі затрымаў яшчэ аднаго падазраванага па «калійнай справе», які хаваўся ў Расіі.

У ходзе расследавання супрацоўнікі КДБ устанавілі дачыненне да гучнага злачынства аб вывазе беларускіх калійных угнаенняў за мяжу яшчэ аднаго грамадзяніна Беларусі, які спрабаваў хавацца ад крымінальнага праследавання ў Расіі. Праваахоўнікі правялі комплекс аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў, у выніку якіх падазроны быў затрыманы на тэрыторыі адной з сумежных краін. Яго даставілі ў Беларусь, цяпер ён знаходзіцца ў следчым ізалятары часовага ўтрымання.

КДБ і Камітэт дзяржкантролю Беларусі ў супрацоўніцтве з праваахоўнымі органамі прадаўжаюць расследаванне крымінальнай справы па факту незаконнага вывазу за межы Беларусі калійных угнаенняў, прызначаных для ўнутранага выкарыстання.
У красавіку 2012 года супрацоўнікамі КДБ у пункце мытнага афармлення «Каменны Лог» былі затрыманы 6 велікагрузных аўтамабіляў пры спробе кантрабанднага вывазу ў Літву 120 т калійных угнаенняў. Па гэтаму факту следчым упраўленнем Камітэта ў адносінах да шэрагу фігурантаў узбуджана крымінальная справа па арт.228 (кантрабанда), арт.233 (незаконная прадпрымальніцкая дзейнасць) Крымінальнага кодэкса Беларусі.
Праваахоўнікі ўжо выявілі дзейнасць чатырох злачынных груп, якія незаконна вывозілі калійныя ўгнаенні беларускай вытворчасці за мяжу.
Зламыснікі набывалі калій у лік квот, што выдзяляюцца дзяржавай сельскагаспадарчым прадпрыемствам на правядзенне веснавых палявых работ. Такім чынам, закупачная цана складала каля $12–20 за тону. Пры гэтым зламыснікам удавалася закупляць тавар у значных колькасцях у абход усталяванага парадку, нават нягледзячы на тое што ў адпаведнасці з нарматыўнымі інструкцыямі для іх набыцця патрабуецца прадастаўленне пакета ўзгодненых дакументаў.
Угнаенні, набытыя праз падстаўныя суб’екты гаспадарання ў раённых арганізацыях аграсэрвісу і фермерскіх гаспадарках Брэсцкай, Гомельскай, Магілёўскай і Мінскай абласцей, вывозіліся ў краіны Еўрасаюза па падложных таварасуправаджальных дакументах, згодна з якімі калій быў нібыта выраблены ў Расіі і належаў тамашнім кампаніям.
Афармленне мытных дакументаў праводзілася таксама на тэрыторыі Расіі. Паводле інфармацыі КДБ, у злачынную схему былі ўключаны не менш як 15 райаграсэрвісаў і каля 13 фермерскіх гаспадарак. Выкарыстоўваліся складскія памяшканні ў Брэсцкай, Віцебскай, Магілёўскай і Мінскай абласцях. Удзельнікі групы загадзя рэгістравалі падстаўныя камерцыйныя структуры ў Смаленскай вобласці. На тэрыторыі Беларусі і Расіі арандаваліся складскія памяшканні для захоўвання тавару. Перавозку ажыццяўлялі экспедыцыйныя фірмы, зарэгістраваныя ў Беларусі, Польшчы, Літве і Расіі. Акрамя аўтамабільнага зламыснікі выкарыстоўвалі чыгуначны транспарт.
Частка калійных угнаенняў без афармлення бухгалтарскіх дакументаў вывозілася ў Смаленскую вобласць.
Перавозчыкі з самага пачатку папярэджваліся, што фактычны рух тавару не супадае з дакументальным, а з вадзіцелямі адпрацоўвалася адпаведная лінія паводзін на выпадак іх праверкі ў час руху па маршруце.

У Еўропе тавар збываўся ўжо па цане ў сярэднім ад $350 да $400 за тону. Уражвае і аб’ём штогод вывозімых такім чынам беларускіх угнаенняў — не менш як 30 тыс.т у год. Дзейнасць злачынцаў толькі за 2011 год без уліку ПДВ прынесла шкоду амаль Br110 млрд.

Для мытні ж схема выглядала абсалютна чыстай: суправаджальныя дакументы не маюць вельмі сур’ёзнай абароны, а мытнік, які не з’яўляецца экспертам, не адрозніць калій расійскай вытворчасці ад беларускай. На мытні ўсё выглядала так, быццам угнаенні з Расіі транзітам праз Беларусь везлі ў Еўропу.

Грошы за прададзены калій адмываліся праз дзясяткі лжэпрадпрымальніцкіх структур за мяжой.

У КДБ дадалі, што ценявыя схемы вывазу ўгнаенняў мелі маштабны характар. «Устаноўлена, што ў гэтым было задзейнічана не менш як 15 райаграсэрвісаў, каля 13 фермерскіх гаспадарак і больш за 30 лжэпрадпрымальніцкіх структур», — растлумачылі ў камітэце. Для дакументавання максімальнай колькасці проціпраўных дзеянняў КДБ узаемадзейнічаў з іншымі праваахоўнымі органамі. «У гэтым прынялі актыўны ўдзел органы фінансавых расследаванняў КДК. Па новых фактах узбуджаны шэраг крымінальных спраў па артыкулах 233 і 243 КК, гэта значыць па незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці і ўхіленню ад выплаты падаткаў і збораў», — растлумачылі ў КДБ.

Абвінавачанні прад’яўлены 20 асобам, частка з якіх утрымліваецца ў СІЗА КДБ, а астатнія фігуранты скрываюцца ад праваахоўнікаў за межамі краіны. Вядзецца іх вышук.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?