«Жыве Беларусь!» здымаўся ў лістападзе-снежні 2011 года ў Польшчы. Трэйлер фільма быў паказаны на Берлінскім кінафэстывалі вясной 2012 года, а прэм’ерны паказ адбыўся на фестывалі ў Канах.

Рэжысёр фільма — паляк Кшыштаф Лукашэвіч. Сцэнарысты — беларускі журналіст і актывіст Франак Вячорка і Кшыштаф Лукашэвіч.

Галоўную ролю — рок-музыкі Мірона Захаркі — выканаў беларускі музыка Зміцер (Вінцэнт) Папко. Фільм зняты на аснове рэальных падзеях і сабраў у сабе гісторыі і лёсы многіх беларусаў, якія прайшлі і працягваюць праходзіць праз рэпрэсіі ў Беларусі.

Сайт charter97.org папрасіў падзяліцца меркаваннем ад прагляду фільма ўдзельнікаў закрытага паказу ў Варшаве.

Зміцер Бандарэнка, былы палітвязень, каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь»:

«Гэта фільм, які шмат па якіх параметрах заслугоўвае эпітэта „першы“. Першы фільм пра Беларусь, першы фільм па-беларуску і першы фільм пра беларускае змаганне.
Для сотняў тысяч беларусаў змаганне за свабоду і незалежнасць стала сэнсам жыцця, а дагэтуль яшчэ ніколі ў кіно галоўная тэма нашага жыцця не гучала. У кожным фільме можна знайсці недасканаласці, але і войска, і турмы, і Плошча паказаныя вельмі праўдзіва. І суперважна, што фільм выйдзе менавіта цяпер, калі ў беларускім грамадстве інтэнсіўна абмяркоўваецца пытанне, што рабіць далей».

Наталля Радзіна, галоўны рэдактар charter97.org:

«Фільм-узрушанне, фільм-шок, нават для мяне, якая прайшла ў Беларусі тую ж турму КДБ. Пры гэтым прафесійна зняты, з прафесійнай рэжысурай, таленавітымі акцёрамі, высакаякасным гукам, саўндтрэкамі, якія, упэўнена, стануць хітамі.

„Жыве Беларусь“ павінен паглядзець кожны беларус. Перш за ўсё — моладзь, каб зразумець: пара дзейнічаць і мяняць жыццё ўжо зараз. Спадзяюся, яго ўбачаць і многія супрацоўнікі КДБ, МУС, Мінабароны, хто сёння займаецца пераследам і знішчэннем іншадумцаў. Паглядзеўшы яго, яны зразумеюць — нішто не забыта, усё фіксуецца і ім давядзецца за ўсё адказваць. Бо, па сутнасці, яны з’яўляюцца сёння пярэваратнямі, якія змагаюцца супраць усяго жывога».

Зміцер (Вінцэнт) Папко, музыка, выканаўца галоўнай ролі:

«Гэта была досыць складаная маральная і фізічная праца. Маральна: таму што ўсе сцэны я прапусціў праз сябе, і улічваючы ўвесь псіхалагічны драматызм гэтай карціны, часамі было няпроста выйсці з пэўнага стану, але атрымалася справіцца з гэтым. Фізічна: таму што

працавалі фактычна суткамі, з перапынкамі на сон.
Усё гэта атрымалася здзейсніць, дзякуючы ўсведамленню, што мы робім вялікую справу для агульнай ідэі. Патрабаваліся вялікая канцэнтрацыя і высілкі, каб зрабіць гэты фільм, але дзякуючы прафесіяналізму ўсёй кінагрупы мы дасягнулі выніку, які варты ўвагі».

Франак Вячорка, сцэнарыст:

«Фільм „Жыве Беларусь!“ — зрэз беларускай рэальнасці. Жорсткі, часам абсурдны, смешны, несправядлівы. У ім уздымаецца комплекс праблемаў: канфлікт пакаленняў — савецкага і незалежнага маладога,
дзвюхмоўе, забароненыя музыкі і „чорныя спісы“, катаванні у засценках КДБ, каханне на барыкадах (Дашкевіч-Палажанка), састарэлая і смешная армія, у прыватнасці, войскі супрацьпаветранай абароны, якія не здольныя адсачыць шведскі самалёт з мядзведзікамі. Гэта беларускі фільм, зроблены супольна беларусамі і палякамі, з удзелам найлепшых беларускіх артыстаў. Прызначаны для заходняга гледача, але беларусы ў ім таксама знойдуць нешта сваё».

P. S. Прэм’ера фільма ў інтэрнэце адбудзецца восенню.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?