Кошт прадпрыемстваў пры прыватызацыі будзе вызначацца ў залежнасьці ад унутранай каньюнктуры, а таксама ад цэнаў на нафту.
Аб гэтым паведаміў сёння прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі на прэс-канферэнцыі па выніках пасяджэння Кансультатыўнага савета па замежных інвестыцыях.
Прэм'ер-міністр нагадаў, што Беларусь адкрыта адносіцца да прыватызацыі буйных прамысловых прадпрыемстваў. Штогод прымаецца праграма прыватызацыі прадпрыемстваў. "Мы бачым, якія прадпрыемствы маюць вострую патрэбу ў знешніх і ўнутраных інвестыцыях, і прапануем іх да акцыяніравання", - сказаў ён.
Сяргей Сідорскі падкрэсліў, што Беларусь вітае любога інвестара, які хоча прыйсці да нас працаваць. Але прадпрыемствы будуць прадавацца толькі па рэальнай рыначнай вартасці. І гэта будзе залежаць не толькі ад унутраных, але і знешніх фактараў. У якасці прыкладу ён прывёў рост цэн на нафту, якая за апошні год вырасла ў два разы на сусветным рынку. Гэты фактар адпаведна таксама ўплывае на рыначны кошт нашых прадпрыемстваў, "зразумела, расце і капіталізацыя нашых заводаў", - адзначыў беларускі прэм'ер.
Таму ўсім, хто жадае ўдзельнічаць у прыватызацыі і хоча купляць нашы прадпрыемствы, мы прапануем улічваць гэтыя ўмовы. Замежны інвестар можа ўдзельнічаць у прыватызацыі беларускіх прамысловых прадпрыемстваў па рэальнай рыначнай вартасці. "Менавіта для гэтага мы і капіталізавалі нашу прамысловасць, каб гаварыць аб тым, колькі каштуюць нашы прадпрыемствы на рынку. А яны каштуюць столькі, колькі выпускаецца на іх прадукту і колькі каштуе ў цэлым бізнес, дзеючы на гэтых прадпрыемствах", - падкрэсліў Сяргей Сідорскі. "Мы перайшлі ад той стадыі прыватызацыі, калі маглі прадаваць прадпрыемствы па вартасці яго станкоў і абсталявання. Цяпер галоўнае ў гэтым працэсе кошт бізнесу. Для гэтага мы ўкладвалі грошы ў нашы прадпрыемствы, каб іх мадэрнізаваць", - адзначыў кіраўнік урада.
Ён нагадаў, што многія заводы ўкладвалі ў сваё тэхнічнае развіццё па $100-300 млн. у год. Таму капіталізацыя такіх прадпрыемстваў даволі высокая.
Пры гэтым Сяргей Сідорскі катэгарычна адхіліў магчымую прапанову аддаць нашы заводы за бясцэнак. "Гэтага не будзе, калі нават нас будуць падштурхоўваць да такога кроку", - падкрэсліў ён.