Падача заяў на рэгістрацыю ініцыятыўных груп экс-кандыдатаў у прэзідэнты Мікалая Статкевіча і Алеся Міхалевіча — гэта спроба вывесці звычайнае крымінальнае пытанне на рэспубліканскі ўзровень.
Такое меркаванне выказала старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына 25 ліпеня, сустракаючыся ў Мінску з кіраўніком місіі міжнародных назіральнікаў ад СНД Сяргеем Лебедзевым.

«У нас у выбарах спрабавалі ўзяць удзел тыя, хто знаходзіцца ў месцах пазбаўлення волі ці ва ўцёках», — заявіла Ярмошына.

У гутарцы з журналістамі кіраўнік ЦВК таксама заявіла аб правакацыях падчас выбарчай кампаніі. «Гэта правакацыі — зарэгістраваць ініцыятыўныя групы асоб, якія не надзелены выбарчым правам», — растлумачыла яна.

***

Як раней паведамлялася, дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўных груп па вылучэнні кандыдатамі ў дэпутаты Мікалая Статкевіча і Алеся Міхалевіча ў акруговыя камісіі падалі ўдзельнікі грамадзянскай ініцыятывы «Свабоду Мікалаю Статкевічу і іншым палітзняволеным!».

Жонка Статкевіча Марына Адамовіч паведаміла, што дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўных груп Статкевіча пададзены ў большасць акруговых камісій Беларусі, у тым ліку ва ўсіх абласных цэнтрах і Мінску. Спісы ініцыятыўных груп Міхалевіча пададзены ва ўсіх акругах Мінска.

Паводле слоў Адамовіч, яна не спадзяецца, што ініцыятыўныя групы па вылучэнні кандыдатамі ў дэпутаты Статкевіча і Міхалевіча будуць зарэгістраваны. «Ужо цяпер у акруговых камісіях іх члены нервова рвуць дакументы ці ледзь не рыдаюць. Але я спадзяюся, што ў некаторых месцах групы ўсё ж будуць зарэгістраваны, і мы выкарыстаем іх патэнцыял для інфармавання людзей пра палітзняволеных», — сказала яна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?