У Мінску затрыманая злачынная група, якая падазраецца ў серыі крадзяжоў, учыненых з кватэр на першых паверхах. Спецыялізаваліся зламыснікі на кватэрах, гаспадары якіх бестурботна пакідалі форткі і балконы незачыненымі.
Як паведамілі ў ГУУС Мінгарвыканкама, на працягу апошніх дзесяці дзён на тэрыторыі сталічнага мікрараёна Паўднёвы Захад былі здзейсненыя 3 аднатыпныя кватэрныя крадзяжы. Ва ўсіх выпадках злодзеі траплялі ў жытло ноччу, карыстаючыся тым, што гаспадары, знаходзячыся не дома, пакідалі адчыненымі для праветрывання форткі і балконы. З кватэр выкрадаліся грошы, ювелірныя вырабы, малагабарытная бытавая тэхніка, электраінструменты, адзенне, абутак. На раскрыццё гэтых злачынстваў былі зарыентаваныя ўсе міліцэйскія нарады, аднак затрымаць дамушнікаў дапамог выпадковы сведка чарговы крадзяжа.
У ноч з 23 на 24 ліпеня малады мінчанін, які выйшаў пакурыць на балкон, убачыў двух падазроных мужчын, што залазілі ў акно першага паверха суседняга дома. Хлопец патэлефанаваў у міліцыю.
На працягу некалькіх хвілін, перакрыўшы магчымыя шляхі адыходу, міліцыянты затрымалі крымінальны дуэт непасрэдна на месцы злачынства. Затрыманымі аказаліся жыхары гэтага ж мікрараёна.
Падазраваныя знаходзяцца ў ізалятары часовага ўтрымання ГУУС, даюць прызнальныя паказанні, распавядаюць пра схему здзяйснення злачынстваў.
У ходзе ператрусаў па месцы жыхарства затрыманых частка выкрадзенага канфіскавана, правяраецца іх дачыненне да іншых злачынстваў.