Вяртанне моладзевай зборнай Беларусі па футболе з чэмпіянату Еўропы, дзе беларускія футбалісты заваявалі трэцяе месца і пуцёўку на Алімпіяду-2012. Мінск, 26.06.2011. На фота: Ягор Філіпенка.

Вяртанне моладзевай зборнай Беларусі па футболе з чэмпіянату Еўропы, дзе беларускія футбалісты заваявалі трэцяе месца і пуцёўку на Алімпіяду-2012. Мінск, 26.06.2011. На фота: Ягор Філіпенка.

Дагэтуль ніводная постсавецкая краіна не магла пахваліцца ўдзелам сваёй футбольнай каманды — мужчынскай ці жаночай — у Алімпійскіх гульнях. У чацвер 26 ліпеня на полі стадыёна ў англійскім горадзе Ковентры ў 21.45 па беларускім часе нашая каманда пачне свой першы матч на Алімпійскіх гульнях — супраць зборнай Новай Зеландыі.

Алімпійскі футбол для мяне заўсёды быў нейкі крыху «недароблены». З аднаго боку — значнасць Алімпійскіх гульняў як спартовай падзеі аспрэчваць цяжка, з другога — прынцып фармавання камандаў задужа алімпійскі.
Фактычна, гэта моладзевыя зборныя з футбалістамі да 23 гадоў з магчымасцю ўзмацнення трыма гульцамі больш сталага веку. Даволі спецыфічныя каманды атрымліваюцца — нешта сярэдняе паміж моладзевымі і нацыянальнымі. Карацей — ні два, ні паўтара. Відаць, таму за футбольнымі спаборніцтвамі на Алімпійскіх гульнях я не дужа сачыў — як і за Алімпіядамі ўвогуле.
Але нагода паглядзець менавіта гэты алімпійскі турнір — выдатная. Лічыце, што мы ўжо завочна абставілі ўсіх сваіх суседзяў па «турме народаў».
І згуляем як мінімум тры матчы на Туманным Альбіёне. А там — як фартане! Супернікамі нашай каманды на першым этапе, апрача новазеландцаў, будуць бразільцы і егіпцяне. Для выхаду ў чвэрцьфінал трэба заняць першае ці другое месца ў падгрупе.

Бразільская футбольная слава бяжыць паперадзе любой каманды з радзімы Пеле. У прынцыпе, дастаткова глянуць на склад гэтай алімпійскай зборнай, і ўзровень стане зразумелы: Рафаэл з «Ман Юнайтэд», Пату з «Мілана», Марсэлу з мадрыдскага «Рэала», Халк з «Порту» — поўны ростэр зорных бразільцаў можна глянуць на афіцыйнай старонцы Лонданскіх гульняў.

У матчы супраць Бразіліі (нядзеля, Манчэстэр, «Олд Трафард») каманда Георгія Кандрацьева будзе мець найменей шанцаў — але нельга казаць, што шанцаў гэтых не будзе ўвогуле.
Закрытая гульня ад абароны з разлікам на нейкі шалёны стандарт, памылку суперніка ці контратаку — у такі футбол будзе гуляць зборная Пятровіча, як называюць Кандрацьева самі гульцы нават у тэлеінтэрв'ю. Дарэчы, футбольнага алімпійскага золата бразільцы ніколі не бралі.
Але не будзем гнаць коней. Першы матч — супраць не слабой Новай Зеландыі. Уключым тэлевізар увечары ў чацвер і паглядзім, што будзе. Ці будзе гол Карніленкі галавой, альбо наш натуралізаваны бразілец Брэсан заб’е са штрафнога, а можа, Драгун замкне флангавы пас Салаўя, альбо атрымаем «поўны кошык» у свае вароты — па вялікім рахунку, не мае значэння.
Мы гуляем у футбол на Алімпіядзе — і гэта ўжо супер.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?