Хакейны клуб «Дынама» (Мінск) і варатар Андрэй Мезін рассталіся па пагадненні бакоў, паведаміла 25 ліпеня прэс-служба клуба. Гэта азначае, што спартсмен не павінен выплачваць кампенсацыю, паколькі раней клуб прыняў рашэнне датэрмінова скасаваць кантракт.

«У сувязі з невыкананнем кантрактных абавязацельстваў перад ХК „Дынама“ (Мінск) у зборнай Беларусі, што выразілася ў самавольным ад’ездзе з яе размяшчэння падчас чэмпіянату свету-2012, кіруючыся арт. 29 і 32 Прававога рэгламенту КХЛ, п. 5 арт. 42 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, клуб прыняў рашэнне аб датэрміновым скасаванні кантракта з Андрэем Мезіным на падставах, якія адносяцца да дысцыплінарных спагнанняў», — гаварылася ў прэс-рэлізе ад 23 ліпеня.

Генеральны дырэктар «Дынама» Аляксей Торбін заявіў: «У адпаведнасці з заканадаўствам канчатковы тэрмін прыняцця рашэння па кантракце Андрэя Мезіна — 23 ліпеня. Паколькі да 9.00 гэтага дня бакі не дамовіліся па шэрагу прынцыповых пытанняў, то клубам было прынята рашэнне, аб якім аб’явіў сайт. Аднак у гэты ж дзень, пасля звароту Андрэя Мезіна ў ХК „Дынама“, бакі вярнуліся да перамоў, па выніках якіх вечарам 23 ліпеня клубам было прынята новае рашэнне. У адпаведнасці з ім Андрэй Мезін пакідае клуб па пагадненні бакоў без узаемных кампенсацый адзін аднаму. Паведамленне аб гэтым па ўзаемнай дамоўленасці робіцца сёння (25 ліпеня). Лічым, што гэтае рашэнне адпавядае інтарэсам як самога гульца, так і нацыянальнай зборнай».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?