Пабудавалі дом у Валожынскім раёне і нарадзілі сына. Цяпер Настасю два з паловай года. «Мы шмат думаем, якой будзе Беларусь у будучыні».

Галіна працуе ў буйной кансалтынгавай кампаніі. Раней у дацкім офісе, пасля перавялася ў Маскву. Сяргей кіруе беларускім аддзяленнем эканамічнага інстытута Case.

Галіна: Усе пытаюцца, чаго мы вярнуліся. Жылі сабе столькі гадоў спакойна за мяжою, вучыліся, працавалі, усё мелі. Але, па-першае, нам тут лепш за ўсё, мы тут добра сябе адчуваем. Тут ты дома, сярод блізкіх і родных людзей.

Сяргей расказвае, што калі не было дзіцяці, яны маглі за тыдзень змяніць тры еўрапейскія краіны. «Таму ў нараджэнне дзіцяці для нас быў такі момант — прызямліцца.
Падумаць, дзе мы хочам жыць. Выбраць адно гэтае месца, вось гэты канкрэтны дом».
У доме Галіны і Сяргея пачуваешся як унутры рэалізаванай мары. Іхнай мары. Напоўніцу выкарыстоўваючы знакаміты валожынскі ландшафт, дом пабудавалі на ўзгорку.
Вокны ў ім такія вялікія, што навакольныя краявіды — палі, дрэвы, вузкая гравійка ўнізе, — здаецца, праходзяць скрозь яго. У вёсцы, дзе яны нагледзелі гэты вялізны кавалак зямлі, усяго дванаццаць хат. Але стала жывуць толькі яны і яшчэ сям’я старых. Астатнія наязджаюць з гарадоў.
Сяргей і Галіна перакананыя, што мець уласны дом і вялікі кавалак зямлі за 40 хвілін ад Мінска — нашмат лепш для дзіцяці, чым жыць у сталічнай кватэры.
Для маладой сям’і ў большасці еўрапейскіх краінаў гэта амаль немагчыма. А ў Беларусі яны яшчэ могуць дазволіць сабе гадаваць дзяцей так, як лічаць правільным.

Галіна: Нам важна выхаваць дзіця ў максімальна натуральных умовах — на прыродзе, у спакоі. Даць яму магчымасць развівацца, спасцігаць гэты свет самому. І вось тут для гэтага найлепшыя ўмовы. А па-другое — выхаваць яго добрым чалавекам, беларусам. Каб ён любіў сваю краіну, сваю радзіму.

На пытанне, ці так ужо адрозніваецца беларускі краявід ад таго, што бачаць у сябе за вокнамі жыхары дацкай вёскі, Галіна і Сяргей адказваюць узрушана: «Усім адрозніваецца!» Тым, што яно ў Беларусі, тым, што яно тут, яно тваё, сваё.
Беларусь мае вельмі своеасаблівы клімат, наваколле, дамы, палі, нават трактары, дарогі — усё сваё. «Пабудзі мяне сярод ночы, скажу — я ў Беларусі, усё нармальна, усё спакойна», — працягвае Сяргей.

Ён упэўнена кажа, што Беларусь — гэта не толькі горад. «Гэта не Мінск і не абласныя гарады. Гэта вёска. Беларускамоўныя школы, садкі, падручнікі — тут усё ёсць».

Выглядае, што для іх няма пытання, якое хвалюе большасць беларускамоўных сем’яў з дзецьмі, — дзе шукаць беларускае ў Беларусі.

Галіна: «Схадзіце да нашых суседзяў — яны размаўляюць на чыстай беларускай мове. Пайдзіце ў наш садок — там беларуская мова. І ён знаходзіцца ў культурным асяродку. Ён бачыць людзей, якія размаўляюць па-беларуску. І гэта не рэзервацыя. Проста людзі так жывуць. У нашым раёне мова — не дзіва. Дый садкі, школы, тэатры, музеі, уся інфраструктура — яна ёсць у Беларусі».

Сяргей больш катэгарычны: кажа, што трэба было з’ехаць «адтуль», каб зразумець, што такое Беларусь.

Досвед іх замежнага жыцця шмат у чым нагадвае намаганні беларускамоўных бацькоў, якія б’юцца за тое, каб стварыць для сваіх дзяцей беларускую Беларусь. Галіна ўпэўнена кажа:

жывучы тут, ты пэўна адчуваеш сябе ў Беларусі, у беларускай культуры. «Калі жывеш за мяжою, гэтага няма. Бо калі ўжо дзеці ў тым веку, калі могуць выбіраць, то выбіраюць тое, што чуюць вакол, што ім бліжэйшае». Яна ўпэўненая, што ўжо першае пакаленне эмігрантаў можа страціць повязь з радзімай.
Яны нашмат спакайней ставяцца да стэрыльнасці беларускамоўнага асяроддзя, якога так прагнуць шмат якія сем’і ў Беларусі.
«У нас няма праблем, каб дзіця расло па-беларуску. Мы беларускамоўная сям’я — і гэта нармальна, — кажа Галіна. — Але мы думаем пра англамоўны садок, а не пра беларускі.
Мы адчуваем сябе еўрапейцамі, таму дзіця павіннае ведаць ангельскую мову як родную. Гэта проста аксіёма. Гэта неабходна, каб адчуваць сябе свабодна ў сучасным свеце і мець магчымасць выбраць сабе і любую адукацыю, і любую будучыню».

Галіна кажа, што найлепшы спосаб — аддаць дзіця ў англамоўны садок як мага раней. У Мінску такі садок ёсць. Зразумела, гэта вельмі нятанна каштуе. Але яны гатовыя да такіх выдаткаў. Кажуць, што даць дзецям адукацыю найвышэйшай якасці — гэта абавязак бацькоў. «Гэта проста база для кожнага чалавека ў сённяшнім свеце.

Калі ў Савецкім Саюзе адукацыя была пастолькі-паколькі, бо патрэбныя былі сувязі, каб мець добрую працу, то цяпер адукацыя — гэта інвестыцыя бацькоў дзецям на ўсё жыццё.
Я, напрыклад, сваім бацькам вельмі ўдзячная за тое, што ў мяне былі магчымасці і мяне так выхавалі, што было жаданне вучыцца».

І Галіна, і Сяргей скончылі зусім не сталічныя сярэднія школы.

Кажуць, што якраз школьная адукацыя ў Беларусі нармальная. А вось вышэйшая фактычна нічога не вартая.
Таму яны нават не думаюць, што іхныя дзеці скончаць беларускія ўніверсітэты. Дакладна будуць вучыцца за мяжой. На бакалаўрскую ступень кожнага з дзяцей у найлепшым універсітэце свету ім трэба па сто тысяч даляраў. І гэта грошы, пра якія яны думаюць ужо цяпер. Але выбіраць, кім быць, дзіця мусіць самастойна. І, пэўна ж, яны не будуць уладкоўваць сваіх дзяцей на працу ці шукаць ім цяплейшых месцаў у жыцці.

Галіна: «Я магу аддаць дзіця ў садок з ангельскай мовай. Магчыма, гэта яму будзе няпроста і не вельмі спадабаецца. Але я лічу, што гэта правільна — і так будзе. І ўсё! А што рабіць? Гэта адкрывае яму свет.

Вось у Сержука дзве вышэйшыя адукацыі ў замежных універсітэтах. Па чатыры замежныя мовы ў нас абаіх. Гэта проста аксіёма: шмат вучыцца ў маладосці за мяжой, працаваць, набірацца вопыту. А пасля ўжо вырашаць, дзе яму жыць, бо для яго ўжо ўсе дзверы будуць адчыненыя.
Мы за яго не будзем выбіраць, што яму вучыць. Але тое, што табе падабаецца, ты мусіш вучыць. Днямі, начамі — але будзь там проста зоркай. І мы даем табе ўсе магчымасці», — так тлумачыць Галіна свае падыходы да навучання дзяцей.

Але ў гэтым месцы размовы Галіна раптам спахапілася, каб патлумачыць, якімі высілкамі даецца людзям добрая адукацыя, добрая праца і добры заробак. На тле няхітрых гісторый пра «лёгкі эмігранцкі хлеб», што так грэюць душы простых беларусаў, гэтае амаль апраўданне выглядае зразумелым:

Галіна:

«Я ў суме вучылася восем гадоў у пяці ўніверсітэтах. Маю тры вышэйшыя адукацыі. Калі згадваць, то гэта былі цяжкія гады. Цяпер я б ужо не паўтарыла. Я была ў Амерыцы — адна, у дваццаць гадоў, два ўніверсытэты і тры працы… Гэта было вельмі цяжка».

Настась малы, і ў Галіны няма магчымасці працаваць напоўніцу. Амаль два гады зарабляў адзін Сяргей.

Цяпер Галіна час ад часу ездзіць на працу ў маскоўскі офіс. У Беларусі яна адкрыла невялічкае прадпрыемства «Шляхетныя вырабы». Гэта там вырабляецца мыла «Каралі»
ў дыхтоўных скрыначках пад назвамі, вытанчанасць якіх хавае ўпэўнены камерцыйна-ідэалагічны разлік: «Віленскае барока», «Панна Нясвіжа», «Цуд на Каляды»…

Галіна кажа, што мыла — гэта толькі форма. «Вось „Віленскае барока“ — для мяне была важная сама назва, а не тое, што гэта мыла. Каб можна было самому вырабляць прадукт, які можна пазіцыянаваць як уласна беларускі, шукаць цікавыя назвы, якія б адукоўвалі дастаткова вялікае кола людзей. І абавязкова каб гэта быў прадукт высокай якасці — прэміум-сегмэнту. Каб яго куплялі за якасць тыя, каму ўсё адно, як ён называецца, і разам з тым яшчэ і адукоўваліся, адкладалі ў галаве знакавыя для беларусаў культурна-гістарычныя феномены».

Так Галіна і Сяргей звыкла адказваюць на пытанне «Чаму вы вярнуліся?» не толькі словамі.

«Каб любіць Беларусь нашу мілую, трэба ў розных краях пабываць» — хто б думаў, што гэтая метафара з творчага набору выпускніка беларускага журфака як найлепш ляжа на складаны сучасны свет. У якім ужо немагчыма адным словам адказаць на пытанне, якой ты нацыянальнасці, якая твая родная мова і дзе твая радзіма.

Галіна: «Мы хочам, каб нашыя дзеці выраслі тут, каб яны любілі сваю краіну, гісторыю, мову, каб для іх гэта было сваё, роднае. А ўжо яны тады маюць права выбіраць, дзе яны хочуць жыць. Але мы як бацькі хочам, каб яны выраслі тут».

Сяргей: «Я ведаю, што не факт, што мой сын будзе размаўляць па-беларуску. Ён можа размаўляць па-французску ці па-іспанску. І жонка ў яго, магчыма, будзе не беларуска. Але галоўнае, каб яго цягнула сюды. Каб ён мог сказаць: «Вось мае бацькі адсюль, я тут жыў».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?