Бабруйская міліцыя не знайшла вінаватых у апаганьванні былога езуіцкага касцёла, на сценах якога невядомыя зрабілі надпісы, якія заклікаюць да гвалту.

Пра гэта паведаміў адказны сакратар аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» (БХД) Дзяніс Садоўскі.

У канцы мая на сценах былога езуіцкага касцёла ў Бабруйску з’явіліся надпісы «Смерць католікам, слава Расіі», «Смерць езуітам», «Бей паноў, ратуй Расію», а таксама шэраг антысеміцкіх заклікаў.
15 чэрвеня сустаршыня аргкамітэта БХД Віталь Рымашэўскі і Дзяніс Садоўскі звярнуліся з заявай у Міністэрства культуры і Генеральную пракуратуру з патрабаваннем звярнуць увагу на распальванне нацыянальнай і рэлігійнай варожасці надпісу на сценах каталіцкага касцёла ў Бабруйску і пакараць вінаватых.
Іх звароты былі перанакіраваныя ў Бабруйскі гарвыканкам і УУС Бабруйска.

«Я атрымаў адказ з аддзела міліцыі № 2 горада Бабруйска. У ім гаворыцца, што міліцыя выявіла гэтыя надпісы на ўнутраных сценах былога езуіцкага касцёла. Па гэтай прычыне была распачатая адміністрацыйная справа паводле артыкула 19.4 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях (пашкоджанне гісторыка-культурных каштоўнасцяў), але яна была закрытая, паколькі «выявіць асобу, якая пашкодзіла гісторыка-культурную каштоўнасць, не ўяўляецца магчымым», — сказаў Садоўскі.

Акрамя таго, паводле слоў Садоўскага, сам факт кваліфікацыі справы па такім артыкуле сведчыць, што міліцыя не бачыць у надпісах распальванне міжнацыянальнай і міжканфесійнай варожасці ў Беларусі.

«У прынцыпе, нічога іншага мы не чакалі. Калі б надпісы з’явіліся не на помніку, а на якой-небудзь бетоннай сцяне, і калі б там былі напісаныя абразы не на адрас католікаў, а, напрыклад, „Далоў Лукашэнку!“, то міліцыя хутка б знайшла аўтараў надпісаў.
А так іх знайсці цяжка», — лічыць Садоўскі.

Тым не менш ён адзначыў, што прыцягненне ўвагі да гэтага факту дало вынікі. «Цяпер надпісы замазваюць, і, будзем спадзявацца, што касцёл будзе ахоўвацца належным чынам, каб падобнае не паўтаралася», — сказаў Садоўскі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?