27 ліпеня 1990 года Вярхоўны Савет БССР прыняў Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце. Гэты дзень быў абвешчаны Днём незалежнасці Беларусі. Цяперашнія ўлады адмянілі свята пасля рэферэндуму 1996 года і прызначылі Дзень незалежнасці на 3 ліпеня — дзень вызвалення Менска ад гітлераўцаў.

Дэмакратычная грамадскасць па-ранейшаму прызнае Днём незалежнасці Рэспублікі Беларусь 27 ліпеня і на працягу многіх гадоў адзначае яго вулічнымі акцыямі, мітынгамі, творчымі вечарамі і іншымі мерапрыемствамі. У гэтым годзе дзень дзяржаўнага суверэнітэту Беларусі палітычныя партыі і рухі па розных прычынах адзначаць не плануюць.

Адна з прычын — забарона менскіх улад, распавёў Юрый Беленькі, адзін з лідэраў КХП БНФ.

«Гарвыканкам адмовіў нам у правядзенні мітынгу ў парку імя Янкі Купалы. Маўляў, у гэты дзень там запланавана прыбіранне тэрыторыі, санітарная апрацоўка помніка. Гарвыканкам і раней нам адмаўляў з падобнай фармулёўкай, але толькі ў Кіеўскім скверы.
Гэта сведчыць аб тым, што адмову далі людзі, якія дэманстратыўна і цынічна не прымаюць нас, беларусаў. Бо 27 ліпеня — гэта дзень, калі была прынятая Дэкларацыя аб незалежнасці нашай краіны. Ён быў абвешчаны святочным днём — Днём незалежнасці. Чужая ўлада адмяніла яго. Тым не менш гэты дзень вельмі важны ў нашай гісторыі, і беларусам, якія адчуваюць сябе беларусамі, варта было б гэты дзень адзначыць. Гэта можа быць званок сябру. Гэта можа быць творчая ўрачыстасць ці нешта іншае. У любым выпадку — гэта элемент супрацьстаяння гэтай уладзе, якая гэтак цынічна здзекуецца над нашай гістарычнай памяццю».

Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч распавёў аб планах сваёй партыі на 27 ліпеня.

— У свой час мы праводзілі розныя вулічныя мерапрыемствы. У гэтым годзе вулічных масавых акцый мы не плануем.

Мы рэкамендавалі ўсім тым нашым кандыдатам, чыі ініцыятыўныя групы зарэгістраваныя, каб яны ў гэты дзень збіралі подпісы на вуліцах пад бел-чырвона-белымі сцягамі.
І гэта павінна быць прымеркавана менавіта да гадавіны прыняцця Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце. А таксама каб у рэгіянальных структурах былі праведзены ўрачыстыя вечары. У нас у Менску таксама адбудзецца ўрачысты сход. Фактычна мы вырашылі, што фармат пікетаў пад бел-чырвона-белымі сцягамі на сённяшні момант — гэта аптымальны фармат.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?